Лукашэнка ўзяўся ратаваць свінагадоўлю. Самаабвешчаны прэзідэнт занепакоіўся, што беларускае пагалоўе свінняў скарачаецца. У чым прычына заняпаду гэтай галіны? І ці не застануцца беларусы без мяса?
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Лукашэнка б’е трывогу, што пагалоўе за два гады скарацілася на 290 тысячаў – больш як на 10 адсоткаў. Загад – мадэрнізаваць свінагадоўчыя комплексы. У чым прычына істотнага скарачэння пагалоўя?
«Худоба не атрымлівае тых вітамінаў і мінералаў, якія мае атрымліваць. А калі захварэе, і яе трэба паставіць на ногі – ветэрынар гэтага не можа зрабіць, бо няма патрэбных прэпаратаў у патрэбных колькасцях», – кажа Мікалай Лысянкоў, эксперт у сферы сельскай гаспадаркі.
Вітамінныя дадаткі ды лекі – імпартныя або з імпартнай сыравіны, з пастаўкамі ёсць праблемы, тлумачыць эксперт. Лукашэнка ж робіць акцэнт на дысцыпліне.
У рэкордным 2012-м Беларусь прадала за мяжу свініны на больш як 200 мільёнаў долараў. У 2021 – на менш як 5 мільёнаў. І амаль на 100 мільёнаў долараў завезлі свініны з Расеі – пісала выданне «Myfin.by». За мінулы год статыстыка схаваная.
Сёлета за першае паўгоддзе Беларусь купіла ў Расеі на 44 адсоткі болей свініны, чым за аналагічны перыяд летась, піша расейскі «Аграэкспарт». Агулам 20 тысяч тонаў – гэтулькі мяса Беларусь планавала імпартаваць за ўвесь год. Беларускае ж пагалоўе свінняў скароцяць праз дрэнны ўраджай збожжа – іхнай асноўнай ежы, мяркуе аграэксперт.
«Палова прадукцыі жывёлагадоўлі ідзе на экспарт. Так, збожжа сёлета будзе ўдвая меней для гэтай галіны выдзелена. Але беларусы галоднымі не застануцца – каўбаса, мяса, сала на прылаўках будуць. Магчыма, падаражэюць. Але не будзе экспарту», – кажа Мікалай Лысянкоў.
Лукашэнка загадаў, аднак, збудаваць 14 новых свінакомплексаў. Ці выратуе гэта галіну?
«Нашая сельская гаспадарка мае планавую мадэль. Не рынкавыя, а планавыя стымулы. А планавыя стымулы, як мы ведаем з гісторыі СССР, не заўсёды добра працуюць», – мяркуе Анастасія Лузгіна, экспертка «BEROC».
Праблемы ў беларускай сельскай гаспадарцы прызнаваў сам Лукашэнка.
«Мы часта чуем і пра ўсялякія крадзяжы, і хабарніцтва ў сельскай гаспадарцы. Часта гэта звязана з нізкімі заробкамі і незацікаўленасцю людзей дасягаць нейкіх вынікаў», – кажа Анастасія Лузгіна.
Аднак дзяржаўныя сельгасарганізацыі ў Беларусі выразна пераважаюць. У іх карыстанні – амаль 90 адсоткаў зямельнага фонду.
Валянцін Васіленка, «Белсат»