Зіма, тупік, бітва за ўвагу і трампістаў. Што заходнія медыі пішуць пра вайну ва Украіне


Хоць некаторыя ўкраінцы баяцца, што ім давядзецца змагацца за ўвагу заходніх саюзнікаў, тэма вайны ва Украіне не сыходзіць з медыяў. «Белсат» пачытаў, што на Захадзе апошнім часам пішуць пра Украіну, заўважыў дзве ключавыя тэмы і спытаў украінскага палітолага, што гэта значыць.

Вайсковец Збройных сілаў Украіны блізу Аўдзееўкі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец Збройных сілаў Украіны блізу Аўдзееўкі, Украіна.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Пагаршэнне з ЗША, прагрэс з Еўропай?

Еўрапейская камісія ўхваліла 8 лістапада пакет рэкамендацыяў для пашырэння Еўразвязу: рэкамендавала распачаць перамовы з Украінай і Малдовай аб далучэнні, надаць статус кандыдата Грузіі, а пасля выканання пэўных крытэраў пачаць перамовы таксама з Босніяй і Герцагавінай. Рэзка супраць хіба Вугоршчына, якая задумала выставіць на рэферэндум пытанне прыёму ў Еўразвяз Украіны, якая «прынясе вайну ў наш дом».

На тле гэтага «Politico» разважае: у той час як Еўразвяз набліжаецца да Украіны, сувязь са Злучанымі Штатамі слабне, бо ўвага Вашынгтону пераключаецца на Блізкі Усход. Гэтае ж выданне цытуе амбасадарку Еўразвязу ва Украіну Катарыну Матэрнаву: Украіне давядзецца быць гатовай да шматлікіх саступак і непрыемных пытанняў у справе далучэння да Еўразвязу, але «прыз таго варты».

Мяркуючы па апытанні, вынікі якога апублікаваў «YouGov», заявы кшталту «Ізраіль важней за Украіну» у Штатах больш уласцівыя прыхільнікам рэспубліканскай партыі, якія цяпер у апазіцыі да прэзідэнта, але маюць бальшыню ў ніжняй палаце парламенту ЗША. Беламу дому даводзіцца заклікаць парламент прыняць пакет дапамогі не толькі для Ізраілю, але і для Украіны. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нядаўна ў эфіры NBC запрасіў фактычнага лідара рэспубліканцаў Дональда Трампа на перамовы – абяцаў за 24 хвіліны растлумачыць, чаму ён не можа проста ўзяць і спыніць вайну (як прапануе, напрыклад, мільярдэр-рэспубліканец Ілан Маск).

Рэдактарка «The London Ukrainian Review» Саша Доўжык напісала ў «The New York Times» калонку з абурэннем: «Я адмаўляюся змагацца за вашую ўвагу!». Яна тлумачыць, што Украіна не перастане змагацца за сваё існаванне, нягледзячы на страхі таго, што ўвага Захаду пераключыцца на араба-ізраільскі канфлікт.

І Украіна праз канфлікт на Блізкім Усходзе, як піша для «Carnegie Endowment for International Peace» украінскі аналітык Ілля Куса, аказалася паміж двух агнёў. З аднаго боку, для яе важна падкрэсліць сваё адзінства з Захадам і не пасварыцца з каштоўным патэнцыйным саюзнікам Ізраілем. З другога – занадта актыўная падтрымка ізраільцян ставіць пад пагрозу стасункі з «глабальным Поўднем», за сімпатыі якога яна актыўна змагаецца з Расеяй.

Аналітыка
Захад схіляецца да перамоваў з РФ? Зяленскі і Залужны пасварыліся? Разбіраемся ў сітуацыі
2023.11.06 19:33

«Вялікая сямёрка» (G7) на нядаўнім саміце абяцала, што падтрымка Украіны «ніколі не зменшыцца», нават на тле вайны Ізраілю з тэрарыстамі «Хамас», расказвае BBC. Праўда, як кажуць крыніцы «Bloomberg», Еўразвяз прызнаўся, што не зможа выканаць абяцанне аб пастаўках снарадаў Украіне ў поўным аб’ёме. Але Нямеччына, перадае «Reuters», збіраецца падвоіць бюджэт на вайсковую дапамогу Украіне.

Тэарэтычна, стасункі Еўропы з Украінай можа папсаваць нядаўняе расследаванне «The Washington Post» і «Der Spiegel» аб магчымай датычнасці ўкраінскага спецназаўца да падрыву газаправодаў «Паўночная плынь» мінулай восенню. Але прынамсі на момант публікацыі ў публічнай прасторы абвінавачванняў Украіны ў дыверсіі не гучала.

Пытанне не ў паляпшэнні-пагаршэніі стасункаў, а ў стратэгічным планаванні – палітолаг

Украінскі палітолаг, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту Пятро Алэшчук тлумачыць «Белсату» гэтыя навіны: гэта больш складанае пытанне, чым «са Штатамі становіцца цяжэй, з Еўропай лягчэй».

Пятро Алэшчук
Палітолаг, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту Пятро Алэшчук.
Фота: Univ.kiev.ua

Ад пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны Захад працаваў даволі скаардынавана, і Злучаныя Штаты былі лідарам з цалкам аб’ектыўных прычынаў, кажа ён. Краіны Еўропы раней дастаткова скептычна ставіліся да ўласнай абароны, разлічвалі на абарону ЗША як саюзніка па NATO і не так шмат выдаткоўвалі грошай на ўласную бяспеку. Такім чынам, еўрапейскія дзяржавы спачатку не былі гатовыя істотна дапамагаць тым, што Украіне найбольш трэба: зброяй.

З таго моманту сітуацыя істотна змянілася, канстатуе суразмоўца. Нельга сказаць, што Еўропа вельмі хутка пераходзіць на нейкія вайсковыя рэйкі – пра гэта сведчаць тыя самыя праблемы з пастаўкамі мільёну боепрыпасаў.

«Усё адно Еўропа змушаная нейкім чынам арыентавацца на новыя рэаліі, і яны істотна змяняюць свае падыходы», – упэўнены Алэшчук.

Што да Злучаных Штатаў, дык там цяпер распачалася выбарчая кампанія, і яна моцна ўплывае на характар рашэнняў, якія там ухваляюцца. Працягваецца даволі жорсткае супрацьстаянне між рэспубліканцамі і дэмакратамі, адзначае палітолаг, і шмат цяперашніх рашэнняў абумоўленыя не столькі інтарэсамі Штатаў, колькі перадвыбарчай барацьбой.

Адтуль і блакаванне ў Кангрэсе рашэння аб працягу падтрымкі Украіны ў наступным годзе, тлумачыць Алэшчук. І ў такой сітуацыі Еўропа дэкларуе, што будзе вымушаная прынамсі часткова прымаць на сябе груз падтрымкі Украіны.

«Нельга казаць, што неяк закрытае пытанне дапамогі з боку Злучаных Штатаў, проста тут пытанне ў тэрмінах, калі ўсё гэта будзе ўхвалена», – запэўнівае палітолаг.

Пры тым ён лічыць, што ЗША застаюцца «лідарамі цывілізаванага свету», таму на рашэнні Штатаў будуць арыентавацца еўрапейцы.

Ключавое пытанне цяпер у тым, каб заходнія эліты сур’ёзна пачалі разглядаць падтрымку Украіны як частку ўласнай стратэгіі абароны, даводзіць Алэшчук. Доўгі час на Захадзе, быць можа, па інерцыі з мінулага лічылі, што з Расеяй можна неяк дамовіцца, неяк замарозіць канфлікт, каб ён не закранаў Захад. Але цяпер такая інерцыя дакладна ў мінулым, а галоўнае – стратэгічнае планаванне.

«Галоўнае, каб Захад пачаў успрымаць вайну Расеі супраць Украіны як частку глабальнага канфлікту, у якім гэтая самая „вось зла“, недэмакратычныя дзяржавы свету кідаюць выклік дзяржавам дэмакратычным і цывілізаваным», – падкрэслівае Алэшчук.

Калі гэта атрымаецца, то і з дапамогай Украіне будзе прасцей, рэзюмуе ён.

Зіма блізка, а на фронце тупік?

Пакуль жа па заходніх медыях разлятаюцца словы Зяленскага аб падрыхтоўцы да цяжкай зімы – вялікую падборку пераказаў ягонага выступу зрабіў «Ground News». І працягваюцца абмеркаванні, якія выклікаў аналіз стану на фронце ад генерала Валерыя Залужнага, апублікаваны 1 лістапада ў «The Economist». Намеснік кіраўніка Офісу Зяленскага Ігар Жоўква казаў ва ўкраінскім тэлемарафоне, што пасля таго артыкулу яму тэлефанаваў кіраўнік кабінету аднаго з заходніх партнёраў і пытаў у паніцы, ці праўда, што Украіна прыйшла ў тупік.

Калумністка CNN Джэйд МакГлін тым часам тлумачыць чытачам, што значыць tupik (менавіта так, лацініцай, з пазнакай, што гэта «the Russian and Ukrainian word for „stalemate“») для Украіны і Расеі. Для Уладзіміра Пуціна, лічыць яна, вайна – прымальны і ўстойлівы варыянт, для Украіны ён непрымальны, а Захад адмаўляецца мець у гэтай вайне пэўную стратэгію. Гэты тупік, як заўважае «The Conversation», цісне на Зяленскага, бо захаванне хаця б цяперашняга стану абапіраецца на падтрымку Захаду, якую ўжо нельга ўспрымаць як неад’емнае.

Калумніст «Reuters» Х’юга Дыксан расказвае, што Украіна можа ісці да замарозкі канфлікту, існаваць як падзелены Кіпр ці падзеленая Карэя, і Захад «зможа з гэтым жыць».

Аналітыка
Украіна прызнала: сітуацыя на фронце зайшла ў тупік. Чаму так здарылася і ці ёсць выйсце?
2023.11.03 17:51

Рэдакцыя «The Washington Post» публікуе разважанні аб тым, як Захад можа дапамагчы Украіне выйсці з тупіку: працягваць падтрымку, не даваць абыходзіць санкцыі, і нават калі Украіне прыйдзецца пайсці на перамовы з Расеяй, «гатовай бясконца ахвяраваць багаццем і жыццямі на полі бою», Захаду трэба прынамсі даць Украіне рычагі ўплыву ў гэтых перамовах.

А тым часам былы генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн, як перадае «The Guardian», высунуў прапанову прыняць Украіну ў Паўночнаатлантычны альянс без уліку акупаваных Расеяй тэрыторыяў.

Ды на самой справе выглядае, што Крэмль гатовы не тое, што да перамоваў, а і да адступлення. Украінскія войскі на мінулым тыдні перакінулі на левы (усходні) бераг Дняпра ў Херсонскай вобласці ўжо не толькі салдатаў, а і цяжкую тэхніку. Расейскія дзяржаўныя медыі 13 лістапада далі фальстарт адступленню: спачатку напісалі пра «перагрупоўку» расейскіх войскаў і «адыход на больш выгадныя пазіцыі», потым адклікалі гэтыя навіны. Хоць украінскі «Центр національного спротиву» не бачыў сапраўднага адступлення, сам факт загадзя падрыхтаваных навінаў пра гэта можа сведчыць, што расейскія ўлады не выключаюць чарговага «жэсту добрай волі».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў