Страйк, мітынгі і каліноўцы. Ці гатовыя дэмакратычныя сілы да раптоўнай смерці Лукашэнкі?


Хваравіты выгляд Аляксандра Лукашэнкі на парадзе ў Маскве і адсутнасць ягонай прамовы на ўрачыстасцях у Менску выклікалі дыскусіі аб лёсе краіны пасля сыходу канструктара персаналісцкага рэжыму, створанага ў Беларусі . «Белсат» спытаў у намесніка кіраўніцы Пераходнага кабінету Паўла Латушкі і старэйшага палітычнага дарадцы Святланы Ціханоўскай Аляксандра Дабравольскага, што будуць рабіць дэмакратычныя сілы пасля смерці Лукашэнкі і як могуць развівацца падзеі ў час турбулентнасці.

Парад у Маскве на Дзень Перамогі. Аляксандр Лукашэнка сядзеў на трыбунах.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка, які паляцеў да расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на парад, быў не ў найлепшым выглядзе. На руцэ заўважылі бінт, імаверна, ім прыматаны катэтар, ад Краснай плошчы да Аляксандраўскага саду – гэта блізу 400 метраў – ён не пайшоў пешшу, нефармальны сняданак палітыкаў з СНД наогул праігнараваў. Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў сказаў журналістам, што гэта было звязанае з урачыстасцямі ў Беларусі, на якія спяшаўся Лукашэнка, і што гаварыць пра здароўе палітыка яму «было б вельмі некарэктна».

Увечары Лукашэнка браў удзел у цырымоніі ля помніку на плошчы Перамогі ў Менску, аднак упершыню не выступіў з прамоваю, прысвечанай 9 траўня. «На ягонае даручэнне» тэкст з паперкі прачытаў міністр абароны.

Аляксандр Лукашэнка ўпершыню на Дзень Перамогі не выступіў з прамоваю. 9 траўня 2023 года. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА

10 траўня Лукашэнка на публіцы не з’яўляўся. Можна спрачацца, захварэў ці зладзіў спектакль, аднак некалі надыдзе і ягоны час.

Паводле закону

У Канстытуцыі напісана, што ў выпадку, калі пасада прэзідэнта робіцца вакантнай, выбары новага мусяць адбыцца ў тэрмін ад 30 да 70 дзён. Калі кіраўніка дзяржавы заб’юць, кіраваць краінаю будзе Савет бяспекі, які павінен неадкладна абвесціць надзвычайнае або ваеннае становішча. Рана ці позна яго скасуюць, і асірацеламу рэжыму давядзецца ладзіць выбары.

Гэта будзе час магутнай турбулентнасці. Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў каментары «Белсату» адзначыў: у выпадку нечаканага сыходу Лукашэнкі ўзнікнуць выклікі ўнутранага і вонкавага характару.

Рызыкі

Унутры краіны групоўка так званай эліты, блізкай да Лукашэнкі, будзе спрабаваць утрымаць уладу, каб не дапусціць пакарання за злачынствы, якія яны здзяйсняюць у дачыненні беларускага народу і ў звязку з агрэсіяй супраць Украіны, мяркуе Латушка. Звонку – Расея, якая паспрабуе ўзяць сітуацыю пад кантроль і паставіць сваю марыянетку.

«Такімі асобамі могуць быць як гэтак званая старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава, так і Аляксандр Вальфовіч, гэтак званы дзяржсакратар Савету бяспекі. Яны будуць адыгрываць ключавую ролю ў пасяджэннях Савету, які фактычна стане кіраваць краінай, і ў гэтым органе пераважаць будуць сілавікі, якія, хутчэй за ўсё, і выберуць бок Вальфовіча», – сказаў кіраўнік НАУ.

Расея не адпусціць Беларусь проста так, калі ўнутры Расеі не пачнецца дэмантаж федэрацыі, падкрэсліў суразмоўца «Белсату»:

«У выпадку наступлення смерці дыктатара да разгрому Расеі на полі бою ва Украіне нашай агульнай задачай будзе актыўны супраціў спробе Расеі «стабілізаваць» сітуацыю. Расея адмаўляе нашае права мець свабодную і незалежную дзяржаву і быць самастойнай нацыяй».

Агляд
«Актыўна вярталі да прытомнасці». Што пісалі і пішуць пра стан здароўя і хваробу Лукашэнкі
2023.05.09 18:04

Страйк, мітынгі і каліноўцы

Павел Латушка не выключае ўмяшання ў сітуацыю беларускіх добраахвотнікаў, якія цяпер ваююць ва Украіне. Рэцэпт поспеху – моцны ўнутраны рух і дапамога ваяроў.

«Ключавымі фактарамі будуць моцны ўнутраны рух, гатовы да дзеянняў, і вонкавая сіла ў асобе вайсковых падраздзяленняў, што змагаюцца сёння на баку Украіны. І, адпаведна, гатовасць партнёраў дазволіць гэтым сілам умяшацца на баку беларускага народу дзеля таго, каб змяніць сітуацыю на карысць перамогі дэмакратычных сілаў», – кажа палітык.

Ён мяркуе, што, нягледзячы на татальнае знішчэнне грамадзянскай супольнасці і каток рэпрэсіяў, беларусы выйдуць на вулічныя акцыі:

«Можна прагназаваць, што беларусы настолькі чакаюць дня сыходу Лукашэнкі, што гэта прывядзе да масавага выхаду людзей на вуліцу і спынення працы прадпрыемстваў і ўстановаў у шмат якіх рэгіёнах краіны, што павінна адыгрываць ключавую ролю ў дасягненні мэты: змене палітычнай сітуацыі ў Беларусі».

Каментар
«Людзі бачаць, што дыктатар стары і слабы». Як Лукашэнка прывязаў рэжым да свайго здароўя
2023.05.09 21:35

Латушка запэўніў, што дэмакратычныя сілы маюць «адпаведны базавы план мабілізацыі грамадства ў рашаючы момант, і скарыстацца такім момантам найперш мусяць людзі ўнутры краіны».

«Мы ўсе павінны разумець, што за свабоду і незалежнасць давядзецца змагацца, як гэта даводзілася рабіць любой краіне і нацыі ў сусветнай гісторыі», – падсумаваў Павел Латушка.

«Трэба праводзіць сапраўдныя выбары»

Дэмакратычныя сілы яшчэ ў 2020 годзе абмеркавалі розныя сцэнары развіцця падзеяў, у тым ліку ў выпадку смерці Лукашэнкі, нагадаў у размове з «Белсатам» старэйшы палітычны дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі:

«Папярэдне былі прапісаныя магчымыя дзеянні, а зараз Каардынацыйная рада будзе абмяркоўваць больш шырокі дакумент – стратэгію пераходнага перыяду, дзе ёсць таксама розныя варыянты (іх чатыры) развіцця падзеяў».

Каментар
Лукашэнка хворы, але прапаганда намагаецца пра гэта не гаварыць
2023.05.10 17:22

Дабравольскі прызнае: забяспечыць эканамічную стабільнасць прасцей, чымся палітычную.

«Шмат што зразумела, як рабіць, але самае складанае – турбулентны перыяд, калі няма разумення, хто чым кіруе. Вось тут ёсць праблема. Аднак мы маем некаторыя ўяўленні, што пры гэтым рабіць. Тым не менш, у сённяшняй сітуацыі, мяркую, такой нармальнай гатовасці да гэтага няма», – заявіў дарадца Ціханоўскай.

Ён пры гэтым адзначыў, што, каб вывесці краіну з крызісу, трэба праводзіць сапраўдныя выбары і ладзіць перамовы, прычым не абавязкова з офісам:

«Ёсць розныя канфігурацыі, мы прэтэндуем на ўдзел, але могуць быць розныя канфігурацыі, шмат чаго ў нас прапісана і пералічана, не ўсё можам распавесці. Але гэта можа паспрыяць таму, што краіна неяк пераадолее гэты крызіс».

Імітацыя выбараў не развяжа галоўнай прычыны крызісу – нелегітымнасці улады – і не дапаможа абараняць незалежнасць, рэзюмаваў суразмоўца «Белсату».

Шампанскае і свята для ўсёй краіны

Пра цяжкі час пасля сыходу Лукашэнкі папярэдзіла Святлана Ціханоўская. У каментары, які распаўсюдзіў ейны офіс, адзначаецца, што пасля святкавання трэба не пусціць да ўлады «іншага дыктатара або расейскага стаўленіка»:

«Усёй нацыі трэба будзе сур’ёзна напружыцца, каб пачаць адбудоўваць усё тое, што было разбурана за гэтыя гады, а галоўнае – не дапусціць прыходу іншага дыктатара ці расейскага стаўленіка і захаваць незалежнасць».

Абраная прэзідэнтка падкрэсліла, што варта чакаць сапраўднай барацьбы ўнутры лукашэнкаўскай «эліты», прычым «ужо цяпер існуе напружанасць паміж «галінамі» рэжымнай улады, рознымі ў адносінах да рэпрэсіяў».

Святлана Ціханоўская з візітам у Ірландыі 2 траўня 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Самая вялікая іхная праблема ў тым, што яны гадамі спадзяваліся на Лукашэнку. Калі яго не стане, увесь уплыў гэтай «эліты» будзе вельмі крохкім, а амбіцыі велізарнымі. Сёння ў іх яшчэ ёсць магчымасць сказаць, што гэта Лукашэнка вінаваты ў рэпрэсіях, смярцях і незаконным захопе ўлады. Але потым гэтай магчымасці ўжо не будзе», – заявіла Ціханоўская.

Яна сказала, што пасля сыходу Лукашэнкі мусяць адбыцца перамовы і выбары, каб развязаць палітычны крызіс і нарастанне расколу ў краіне. Дэмакратычныя сілы распрацавалі стратэгію пераходнага перыяду, публічную версію якой неўзабаве абнародуюць.

«Я хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў і беларусак і сказаць: я гатовая браць на сябе адказнасць і быць вашым голасам у гэты цяжкі час, каб правесці сумленныя выбары і не дапусціць хаосу і прыходу да ўлады новага дыктатара», – падсумавала Святлана Ціханоўская.

Hавiны
Піяраўскі правал і карыснае маўчанне. Што трэба ведаць пра візіт Лукашэнкі ў Маскву
2023.05.09 17:28

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў