Пасля параду ў Маскве Лукашэнка не змог прайсці пешшу кароткую адлегласць да ўскладання вянкоў


У Маскве раніцай 9 траўня прайшоў парад Перамогі, у якім браў удзел і Аляксандр Лукашэнка. Аднак пасля заканчэння параду, калі ўсе госці меліся прайсці пешшу каля 300 метраў, каб ускласці кветкі да магілы Невядомага салдата каля Крамля, Лукашэнка вырашыў ехаць туды на электрамабілі.

Удзельнікі, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, на вайсковым парадзе ў Дзень Перамогі, прысвечаным 78-й гадавіне перамогі над нацысцкай Нямеччынай у Другой сусветнай вайне, на Краснай плошчы ў цэнтры Масквы, Расея. 9 траўня 2023 года.
Фота: Sputnik / Reuters / Forum

Акрамя Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву прыехалі кіраўнікі Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану, Узбекістану, Туркменістану і прэм’ер-міністр Арменіі.

Пасля завяршэння параду Уладзімір Пуцін і замежныя палітыкі адправіліся ўскладаць кветкі. У суправаджэнні шматлікай аховы яны пайшлі пешшу па Краснай плошчы, аднак Лукашэнка падышоў да Пуціна і, мяркуючы па відэа з трансляцыі, пра нешта яго папрасіў. Пасля гэтага яны пэўны час пастаялі на месцы, і Пуцін звярнуўся да сваіх ахоўнікаў.

Лукашэнка на парадзе ў Маскве. Скрыншот з відэа: AKIpressnews / Youtube

Пасля гэтага на заднім плане ахоўнік падвёў Лукашэнку да электрамабіля службы бяспекі і патлумачыў кіроўцу, куды трэба ехаць.

Пазней у кадры з’яўляецца гэты электрамабіль, на заднім сядзенні якога бачна Лукашэнку. Калі палітыкі дашлі да брамы Аляксандраўскага саду, дзе месціцца магіла Невядомага салдата, відаць, як яны чакаюць Лукашэнку. Той з’яўляецца праз некалькі секундаў і далучаецца да іх.

Лукашэнка на парадзе ў Маскве. Скрыншот з відэа: AKIpressnews / Youtube

Таксама падчас параду на правай руцэ Лукашэнку заўважылі бінт.

Аляксандр Лукашэнка з перавязанай рукой.
Фота: SPUTNIK / Reuters / Forum

На абедзе кіраўнікоў краінаў СНД, які сабраў Пуцін пасля параду, ён таксама не прысутнічаў. У Менск Лукашэнка вярнуўся ў 12:40.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў