Антысемітызм, бязвіз і ліст «Хамасу». Якія адносіны ў Лукашэнкі з Ізраілем і Палестынай


Якія палітычныя і гандлёва-эканамічныя стасункі склаліся ў афіцыйнага Менску з Ізраілем і Палестынай? І ці змяніўся іх характар за апошнія некалькі гадоў? Разбіраўся belsat.eu.

Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Ізраіль. 4–7 студзеня 2000 года.
Фота: president.gov.by

Ізраіль: сяброўства з асаблівасцямі

Беларусь і Ізраіль наладзілі дыпламатычныя стасункі ў 1992 годзе, неўзабаве ў Менску і Тэль-Авіве былі створаныя амбасады дзвюх краінаў. У 2003–2004 гадах амбасада Ізраілю ў Беларусі часова прыпыняла сваю працу – імаверна, праз недахоп фінансавання.

Ізраіль і рэжым Лукашэнкі ніколі не праяўлялі вялікай зацікаўленасці ў паглыбленым развіцці стасункаў. Лукашэнка наведаў Ізраіль у студзені 2000 года, аднак гэта быў візіт не паводле лініі двухбаковых адносінаў, а ў рамках міжнародных урачыстасцяў, прысвечаных 2000-годдзю хрысціянства. Ізраільскія лідары ўвогуле пры Лукашэнку Беларусь не наведвалі (прэм’ер-міністр Іцхак Шамір прыязджаў у нашую краіну ў 1993 годзе, яшчэ пры Станіславе Шушкевічы). Найбольшае дасягненне лукашэнкаўскай дыпламатыі на гэтым кірунку – два візіты на ўзроўні кіраўніка ізраільскага МЗС, у 1998-м і 2009-м. У апошнія гады ўзаемныя візіты ўрадавых дэлегацыяў увогуле зрабіліся вялікаю рэдкасцю, апошні з іх адбыўся ў 2018 годзе.

Затое, мяркуючы з усяго, Лукашэнка пасябраваў са скандальна вядомым ізраільскім палітыкам Авігдорам Лібэрманам, які ў сябе на радзіме быў фігурантам шэрагу крымінальных расследаванняў. У чэрвені 2009 года Лібэрман, які не хаваў, што ён «адвакат» лукашэнкаўскага рэжыму ва ўрадзе Ізраілю, наведаў Менск у статусе віцэ-прэм’ера і кіраўніка МЗС. На сустрэчы з Лібэрманам Лукашэнка нечакана заявіў, што Ізраіль можа дапамагчы Менску наладзіць стасункі з Захадам. Тады з ідэі пасярэдніцтва нічога не выйшла. Аднак асаблівы характар адносінаў паміж Лібэрманам і Лукашэнкам праяўляўся і ў наступныя гады. У канцы 2010-х ізраільскі палітык, імаверна, вёў нейкія справы з Віктарам Шэйманам і набліжаным да рэжыму бізнесоўцам Аляксандрам Зінгманам, якога падазравалі ў гандлі зброяй.

Ізраіль ніколі не звяртаў увагі на ўнутрыпалітычныя падзеі ў Беларусі і не крытыкаваў Лукашэнку за рэпрэсіі. Больш за тое, у 2014 годзе тагачасны амбасадар Ёсэф Шагал справакаваў сапраўдны скандал, заявіўшы ў інтэрв’ю, што, з пункту гледжання Ізраілю, беларускія палітвязні – звычайныя крымінальнікі. Тады гэтыя словы выклікалі хвалю абурэння з боку грамадзянскай супольнасці Беларусі, а Шагал быў вымушаны часткова дэзавуяваць сваю заяву.

Пры гэтым Ізраіль заўсёды імгненна рэагаваў на антысеміцкія выказванні Лукашэнкі. Напрыклад, у 2007 годзе Лукашэнка заявіў, што габрэі ператварылі Бабруйск у свінарнік. Ізраільскія ўлады вельмі рэзка пракаментавалі гэтыя словы, беларускага амбасадара выклікалі ў МЗС для тлумачэнняў. Каб урэгуляваць канфлікт, Лукашэнка быў вымушаны накіраваць у Ізраіль тагачаснага галоўнага рэдактара «СБ. Беларусь сегодня» Паўла Якубовіча з выбачэннямі.

Каментар
Антысемітызм – погляды часткі рэжыму. Лукашэнка маўчыць пра Ізраіль, але не яго прапаганда
2023.10.09 14:49

З цягам часу эканамічнае ўзаемадзеянне дзвюх краінаў паступова пашырылася, хаця паводле аб’ёму засталося нязначным. Гэтак, гандлёвы абарот у 2019 годзе складаў $ 149,3 млн, у 2020 годзе – $ 155,5 млн, у 2021 годзе – $ 149,1 млн.

У 2015 годзе Беларусь і Ізраіль увялі бязвізавы рэжым для сваіх грамадзянаў.

Статус-кво пасля 2020-га і вызваленне ізраільскай адвакаткі

Падзеі 2020 года фактычна ніяк не адбіліся на стасунках Ізраілю і Беларусі: усе папярэднія тэндэнцыі захаваліся. Ізраільскія ўлады не выступалі з асуджэннем паслявыбарчага гвалту, нічога публічна не казалі пра фальсіфікацыю выбараў і масавыя парушэнні правоў чалавека, не далучыліся да санкцыяў ЕЗ і ЗША. На маўчанне Ізраілю не паўплываў нават той факт, што праз катаванні прайшоў як мінімум адзін ізраільскі грамадзянін.

Восенню 2020-га, калі з Менску пачалі высылаць заходніх дыпламатаў, новы амбасадар Ізраілю Алекс Гольдман-Шайман уручыў Лукашэнку даверчы ліст. Пазней ізраільскі амбасадар досыць актыўна ўзаемадзеяў з уладамі. Ён нават праяўляў зацікаўленасць у расследаванні Генпракуратуры наконт «генацыду беларускага народу» і сустракаўся з Андрэем Шведам – адным з галоўных творцаў цяперашніх масавых рэпрэсіяў.

Ізраільскае выданне «Haaretz» у 2021 годзе пісала, што ўрад Ізраілю не хоча абвастраць стасункаў з рэжымам Лукашэнкі праз страх нашкодзіць габрэйскай супольнасці ў Беларусі. «Ізраіль праяўляе чуласць да дабрабыту габрэйскай абшчыны ў Беларусі і таму не хоча супрацьстаяць адміністрацыі Лукашэнкі», – тлумачыла крыніца выдання ў ізраільскім урадзе.

Аднак калі Лукашэнка зноў дапусціў некарэктныя выказванні наконт габрэяў, МЗС Ізраілю адрэагаваў імгненна. У ліпені 2021 года самаабвешчаны кіраўнік Беларусі заявіў, што «ўвесь свет кланяецца» габрэям пасля Галакосту і баіцца ім сказаць хоць адно «няправільнае слова». Улады Ізраілю назвалі такія выказванні непрымальнымі і звярнулі ўвагу на іх антысеміцкі характар.

У снежні 2021 года Лукашэнка правёў тэлефонныя перамовы з прэзідэнтам Іцхакам Гэрцагам і запрасіў яго наведаць Беларусь. Публічнай рэакцыі на запрашэнне не было. Хутчэй за ўсё, гэтая размова была звязаная ў першую чаргу з намаганнямі Ізраілю вызваліць сваю грамадзянку, адвакатку Маю Райтэн-Столь.

Амбасадар Ізраілю Алекс Гольдман-Шайман уручыў Аляксандру Лукашэнку даверчы ліст. 24 лістапада 2020 года.
Фота: president.gov.by

У лістападзе 2021 года Мая была затрыманая ў менскім аэрапорце, бо ў яе знайшлі 2,5 г марыхуаны. Хаця ў жанчыны быў медычны дазвол на канабіс, яе ўсё роўна арыштавалі і кінулі ў СІЗА. Усяго праз тры дні пасля размовы Лукашэнкі і Гэрцага ізраільская адвакатка была вызваленая і вярнулася дадому. Прэзідэнт Ізраілю пазней патлумачыў, што важную ролю ў перамовах аб вызваленні жанчыны адыгралі таксама кіраўнік МЗС Яір Ляпід і ўсё той жа Авігдор Лібэрман, які тады ўзначальваў Міністэрства фінансаў.

Што тычыцца амбасадара Гольдмана-Шаймана, то ён завершыў сваю дыпламатычную місію датэрмінова – у ліпені 2022 года. Паводле інфармацыі медыяў, гэта магло быць звязана з асабістымі прычынамі: адсутнасцю магчымасцяў для навучання дзяцей амбасадара ў Менску. Пасля гэтага дыпламатычнае прадстаўніцтва ўзначаліў часовы павераны Цві Міркін.

Лекі з Палестыны і (не)рэгулярныя віншаванні

Хаця Палестына ёсць толькі часткова прызнанай дзяржавай, амбасада Палестыны ў Менску была адкрытая ў 2003 годзе. У МЗС Беларусі тлумачылі гэтае рашэнне тым, што перспектыва стварэння палестынскай дзяржавы замацаваная ў рэзалюцыях Рады бяспекі ААН. Нічога ўнікальнага ў падыходзе афіцыйнага Менску не было: на 2003 год палестынцы мелі дыпламатычнае прадстаўніцтва ў 84 краінах.

Адкрыццё амбасады не прывяло да інтэнсіфікацыі стасункаў афіцыйнага Менску з Палестынай – па сутнасці, яны засталіся чыста сімвалічнымі. Паказальна, што на сайце Лукашэнкі слова «Палестына» згадваецца толькі 29 разоў – у асноўным у сувязі з пратакольнымі віншаваннямі са святамі. Хаця тут ёсць цікавая акалічнасць: прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас у 2015 годзе віншаваў Лукашэнку з пераабраннем, а ў 2020-м аналагічнай інфармацыі не было. Можна толькі здагадвацца, ці звязана гэта са стаўленнем палестынскага лідара да падзеяў у Беларусі або такой фармальнасці проста не прыдалі значэння.

Беларуска-палестынскі гандлёвы абарот застаецца мізэрным і да таго ж вельмі нестабільным. Паводле звестак Белстату, пік беларускага імпарту з Палестыны прыпаў на 2018 год – $ 7,3 млн. У сярэднім у 2011–2021 гадах Беларусь штогод імпартавала каля $ 4 млн. Аналагічных звестак пра экспарт у Белстату няма. Хутчэй за ўсё, экспарт быў настолькі нязначным, што гэтых лічбаў нават не ўключылі ў статыстычныя справаздачы. Паводле звестак дзяржаўных медыяў, беларуска-палестынскі гандлёвы абарот у 2021 годзе склаў $ 5,8 млн. Калі Белстат сцвярджае, што $ 5,6 млн – гэта імпарт, значыць, экспарт мусіў скласці каля $ 0,2 млн.

Беларусь і Палестына ў асноўным гандлююць прадукцыяй сельскай гаспадаркі і медычнымі таварамі. У прыватнасці, Беларусь набывае палестынскія лекі.

Амбасадар Палестыны Халед Арыкат на сустрэчы з прэм’ерам Раманам Галоўчанкам. 22 лютага 2022 года.
Фота: sb.by

Цікава, што ў 2022 годзе адбылася прыкметная актывізацыя кантактаў амбасады Палестыны з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі. У лютым 2022 года тагачасны амбасадар Халед Арыкат сустрэўся з прэм’ерам Раманам Галоўчанкам. Новы амбасадар Ахмэд Мухамэд аль-Мадбух, пачынаючы з восені 2022 года, сустракаўся са старшынёй Савету Рэспублікі Наталляй Качанавай, старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам, кіраўніком Менгарвыканкаму Уладзімірам Кухаравым, старшынём Менаблвыканкаму Аляксандрам Турчыным і міністрам культуры Анатолем Маркевічам. Усе гэтыя сустрэчы суправаджаліся заявамі пра адвечнае беларуска-палестынскае сяброўства, намер пашыраць гандлёва-эканамічныя і культурныя сувязі. «Жыць у Беларусі – гэта свята», – заяўляў дыпламат. Аль-Мадбух выказваў зацікаўленасць у трактарах ды ў працягу супрацы ў сферы медыцыны і запрашаў беларускія будаўнічыя кампаніі ў Палестыну.

Такая інтэнсіўнасць кантактаў выглядае непрапарцыйнай адносна палітычнай і эканамічнай значнасці Палестыны для афіцыйнага Менску. Для параўнання за той жа перыяд часовы павераны Ізраілю Цві Міркін меў сустрэчы толькі з прадстаўнікамі МЗС і шэрагам мясцовых чыноўнікаў на мемарыяльных падзеях. Гэта пры тым, што гандлёвы абарот Беларусі з Ізраілем у 25,5 разу большы, чым з Палестынай.

Як Лукашэнка пакрыўдзіў «Хамас»

Важна пры гэтым разумець, што амбасада Палестыны ў Беларусі рэпрэзентуе не групоўку «Хамас», якая кантралюе сектар Газа, а Палестынскую нацыянальную адміністрацыю на чале з Махмудам Абасам, якая з 2007 года дэ-факта кантралюе толькі Заходні бераг ракі Іярдан. Махмуд Абас пасля тэрарыстычнай атакі на Ізраіль 7 кастрычніка заявіў, што «Хамас» не ёсць прадстаўніком палестынскага народу, і заклікаў да вызвалення закладнікаў.

Дэманстрацыя ў падтрыманне палестынскага народу ў Мадрыдзе, Іспанія. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Europa Press / AP / East News

«Хамас» у Беларусі не прызнаны ні тэрарыстычнай, ні экстрэмісцкай арганізацыяй. Аднак ніякіх афіцыйных стасункаў паміж рэжымам Лукашэнкі і палестынскай групоўкай таксама не існуе. На сайце Лукашэнкі за ўвесь час можна знайсці толькі адну згадку пра «Хамас», на сайце МЗС – дзве.

Дзве з трох гэтых згадак былі звязаныя са скандалам вакол прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску 23 траўня 2021 года. Тады ўлады Беларусі абвінавацілі «Хамас» у тым, што групоўка нібыта даслала на электронную пошту Нацыянальнага аэрапорту паведамленне аб мініраванні, і праз гэта самалёт пасадзілі ў Менску. «Хамас» зняпраўдзіў гэтыя абвінавачванні, абурыўся паводзінамі рэжыму Лукашэнкі і паскардзіўся на яго «архаічнае мысленне». Неўзабаве журналісты пацвердзілі, што версія ўладаў – фэйк, бо электроннае паведамленне было дасланае ўжо пасля таго, як беларускія дыспетчары заявілі пілотам самалёта пра мініраванне.

Праўда, сам Лукашэнка не надта і настойваў на гэтай недарэчнай версіі. «Хамас», не «Хамас» – гэта сёння не мае значэння», – заявіў ён у канцы траўня 2021 года.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў