Як паўплывае падрыў Кахоўскай ГЭС на сітуацыю на фронце?


Падрыў Кахоўскай ГЭС у Херсонскай вобласці Украіны наўрад ці прадвызначыць будучыню контрнаступлення ЗСУ, але ўплыў на яго развіццё тэарэтычна можа аказаць даволі істотны. Прычым не абавязкова наступствы будуць тыя, на якія разлічвалі арганізатары гэтай тэхнагеннай катастрофы.

Спадарожнікавы здымак Кахоўскай гідраэлектрастанцыі. Херсонская вобласць, Украіна. 5 чэрвеня 2023 года.
Фота: Maxar Technologies / AFP / East News

Пра падрыў Кахоўскай ГЭС стала вядома раніцай 6 чэрвеня. У зоне падтаплення аказаліся каля 80 населеных пунктаў на абодвух берагах Дняпра. У тым ліку паводку зазналі асобныя раёны абласнога цэнтру Херсону (пад кантролем ЗСУ) і акупаванай Новай Кахоўкі. У вобласці была абвешчаная эвакуацыя. Паводле ўкраінскай кампаніі «Укргідраэнерга», ГЭС разбурана цалкам і адноўлена быць не можа.

Кіеў абвінаваціў у знішчэнні ГЭС Расею. Паводле дарадцы Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіла Падаляка, падрыў ажыццявілі вайскоўцы 205-й мотастралковай брыгады Узброеных сілаў РФ. Масква заяўляе, што катастрофа стала вынікам абстрэлаў ГЭС украінскімі вайскоўцамі з выкарыстаннем РСЗА «Альха» і нібыта звязаная з адсутнасцю поспехаў у контрнаступе.

Версія Крэмля вельмі сумнеўна ў тым ліку з тэхнічнага пункту гледжання. Яшчэ задоўга да цяперашніх падзеяў эксперты выказвалі меркаванне, што разбурыць дамбу ў выніку артылерыйскага ці ракетнага абстрэлу амаль немагчыма, бо гаворка ідзе пра вельмі трывалую канструкцыю. Каб зразумець, наколькі цяжка знішчыць такія стратэгічныя збудаванні, дастаткова згадаць колькі часу і рэсурсаў ЗСУ спатрэбілася, каб летась вывесці са строю Антонаўскі мост праз Днепр. Значна прасцей замініраваць канструкцыю і падарваць яе знутры. Зрабіць гэта маглі расейцы, якія даўно кантралявалі Кахоўскую ГЭС.

Навошта гэта было зроблена

Афіцыйны Кіеў заяўляе, што Кахоўская ГЭС была падарваная дзеля таго, каб сарваць украінскае контрнаступленне, якое або ўжо ідзе, або вось-вось пачнецца.

Гэта версія выглядае найбольш праўдападобнай і лагічнай. Раней сцэнар прарыву на Крым праз Херсоншчыну эксперты разглядалі як адзін з імаверных варыянтаў галоўнага ўдару падчас поўнамаштабнага контрнаступлення. Калі атрымаецца знішчыць расейскую абарону на левым беразе Дняпра, то можна дастаткова хутка па роўным стэпе ўварвацца ў Крым – ад Новай Кахоўкі да Перакопу ўсяго каля 80 км. Слабым месцам гэтага сцэнару быў той факт, што ўкраінцам прыйшлося б фарсірваць вялікую раку, а пераправы з’яўляюцца занадта ўразлівай мэтай для артылерыі і ракетаў ворага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы абстрэльваюць расейскія цэлі на перадавой ля Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 5 чэрвеня 2023 года.
Фота: Iryna Rybakova / AP / East News

То бок Днепр сам па сабе з’яўляецца значнай перашкодай для войска, якое плануе наступаць. Пашырыць гэтую перашкоду можа быць у інтарэсах толькі таго, хто абараняецца. А абараняцца падчас летняй кампаніі плануе менавіта Расея.

Натуральна, расейскі бок з гэтым тлумачэннем не згодны. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) у сваім Telegram-канале напісаў, што ўкраінцы нібыта маглі быць зацікаўлены ў падрыве плаціны, каб «змыць» расейскія войскі з левага берагу Дняпра ніжэй Новай Кахоўкі. У тым ліку разбурыць абарончыя збудаванні, мінныя палі, палявыя склады і г.д.

Аднак расейцы маглі загадзя адвесці свае войскі і абарончыя лініі з зоны затаплення. Прынамсі на дадзены момант няма ніякіх сведчанняў таго, што расейскіх вайскоўцаў сітуацыя застала знянацку. Затое Telegram-канал «Рыбарь» публікуе відэа, як ўкраінскія вайскоўцы праводзяць паспешную эвакуацыю з выспаў у басейне Дняпра, якія затапіла пасля падрыву ГЭС. Робіцца гэта пасярод белага дня пад агнём расейскай артылерыі. Гэта яшчэ адзін аргумент на карысць версіі, што ўкраінцы не маюць дачыненне да падрыву дамбы – інакш бы яны яшчэ ноччу таемна прыбралі сваіх байцоў з небяспечных пазіцыяў.

Украінскі эксперт Ігар Тышкевіч у сваім Telegram-канале выказаў меркаванне, паводле якога Расея пры дапамозе Кахоўскай ГЭС хоча сарваць контрнаступленне не столькі за кошт чыста ваеннага эфекту, колькі за кошт палітычных механізмаў. Масква можа паспрабаваць скарыстацца шокам міжнароднай супольнасці ад тэхнагеннай катастрофы і прапанаваць перамір’я ў гуманітарных мэтах. Маўляў, трэба цяпер ратаваць людзей ад паводкі і вырашыць праблему з Запарожскай АЭС, дзе праз падрыў дамбы ўпаў узровень вады ў ахаладжальніках.

«Для Пуціна вельмі важная «замарозка» пад любой падліўкай. На жаль, але можна чакаць, што частка нашых партнёраў будзе, прынамсі, разглядаць такую магчымасць і спрабаваць націснуць на Кіеў», – піша Тышкевіч.

Пакуль Масква з прапановамі аб прыпыненні агню не выступала.

У Офісе прэзідэнта Украіны акрэслілі і яшчэ адну магчымую матывацыю РФ: аказаць псіхалагічны ціск на Украіну і яе саюзнікаў, напалохаць увесь свет магчымай ядравай катастрофай. Паводле адміністрацыі Зяленскага, знішчаючы Кахоўскую ГЭС, Расея хоча прадэманстраваць сваю гатовасць да эскалацыі, да павышэння ставак.

Як гэта паўплывае на контрнаступленне ЗСУ

Актывізацыя дзеянняў ЗСУ на фронце назіраецца з 4 чэрвеня. Паведамляецца пра цяжкія баі і прасоўванне ЗСУ на Запарожскім фронце і ў раёне Бахмуту, паспяховую ўкраінскую контратаку на сватаўскі кірунку, а таксама баі ў раёне Мар’інкі. Мінабароны РФ абвесціла, што гэта нібыта і ёсць буйнамаштабнае наступленне ЗСУ, якое вядзецца аж на пяці ўчастках фронту. Украіна абвергла гэтыя заявы, звярнула ўвагу на пагрозу інфармацыйна-псіхалагічных аперацыяў з боку Масквы, а таксама заклікала ўсіх захоўваць цішыню.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы едуць на бронемашыне недалёка ля Ваўчанску, Харкаўская вобласць, Украіна. 5 чэрвеня 2023 года.
Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum

Не выключана, што гэтыя падзеі сапраўды з’яўляюцца пачаткам анансаванага контрнаступлення ЗСУ. Разам з тым, відавочна, што галоўны ўдар яшчэ не нанесены. Падобнае на тое, што актывізацыя баёў на шэрагу кірункаў гэта або маштабная разведка боем, або падманны, або дапаможны ўдар. Міхаіл Падаляк называе гэта «тэставаннем» расейскай абароны.

Аднак як раз на Херсоншчыне ніякай надзвычайнай актывізацыі ЗСУ не фіксавалася. Мінабароны РФ сцвярджала, што контрнаступленне ідзе на Поўднёва-Данецкім напрамку.

Праўда, набліжаны да Мінабароны РФ Z-канал «Рыбарь» паведамляў, што ўкраінцы апошнім часам павялічылі колькасць кацераў у басейне Дняпра і занялі некаторыя новыя пазіцыі ўздоўж берагавой паласы. Не выключана, што расейскае камандаванне палічыла, што ЗСУ неўзабаве нанясуць галоўны ўдар (ці адзін з галоўных) як раз на Херсоншчыне ў кірунку Крыму і вырашыла такім радыкальным спосабам абараніць гэты ўчастак фронту.

«Сам Днепр, які разліўся, неверагодна абцяжарыць дэсантную аперацыю для ЗСУ. Зʼявіцца падтопленая балоцістая зона, зменяцца берагі, якія ўжо былі разведаны, знікнуць фарватары і арыенціры. Струмень банальна стане шырэй.

Пашкоджаную дамбу Навакахаўскага вадасховішча можна было аднавіць і выкарыстоўваць затым як пераправу. Цяпер не. Усе гэтыя фактары відавочна не на руку ўкраінскаму войску», – піша незалежны расейскі вайсковы эксперт Ян Матвееў.

Паводле яго, расейцы падарвалі ГЭС знутры: імаверна, выбухоўкі заклалі ўжо даўно і цяпер у кагосьці «не вытрымалі нервы».

Аглядальнік даследчай суполкі «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка мяркуе, што гэта дэманструе ўзровень страху ў расейскай арміі.

«Я не выключаю, што гэта менавіта з-за панікі, неразумення сітуацыі ці з-за хаосу, які адбываецца ў іх камандаванні і на месцах, быў дадзены загад здзейсніць гэты тэрарыстычны акт», – заявіў ён.

Цяпер, пасля прарыву дамбы і затаплення часткі тэрыторыяў, прамы кідок ЗСУ на Крым становіцца значна больш складанай задачай. Як мінімум гэта мусіць запаволіць аперацыі ўкраінскіх вайскоўцаў на Херсоншчыне. Расейцы такім чынам могуць выйграць час, каб падцягнуць рэзервы. Або наадварот: могуць зняць частку сілаў з Херсонскага фронту і перакінуць на больш уразлівыя ўчасткі.

Праўда, расейскае камандаванне магло і памыліцца ў сваіх разліках.

Расея атрымлівае перавагу або робіць заяўку на прэмію Дарвіна?

Насамрэч невядома, ці сапраўды ЗСУ рыхтаваліся фарсіраваць Днепр і наступаць на левым беразе Херсонскай вобласці.

У любым выпадку ўкраінскае камандаванне сцвярджае, што на планы контрнаступу падрыў Кахоўскай ГЭС ніяк не паўплывае. Генерал-лейтенант Сяргей Наеў у інтэрв’ю «Укрінформ» адзначыў, што вайсковае кіраўніцтва прадугледжвала варожыя дзеянні адносна ГЭС і загадзя пралічыла магчымыя наступствы.

«Што да перашкоды нашым наступальным дзеянням, вайсковае камандаванне цалкам улічвала і такія варожыя падступныя дзеянні, і адпаведна яно не павінна нашкодзіць нашаму наступу на тых кірунках, дзе можа быць разліў вады», – падкрэсліў Наеў.

«Украіна забяспечана ўсімі неабходнымі плаўсродкамі і пантонна-маставымі пераправамі для фарсіравання водных перашкод. Вераломныя дзеянні праціўніка, якія ствараюць сацыяльны і эканамічны крызіс, не спыняць Сілы абароны Украіны, якія гатовы вызваліць акупаваныя тэрыторыі Украіны», – заявілі ва ўпраўленні стратэгічных камунікацыяў ЗСУ.

Часткова затоплены раён Херсону ў выніку разбурэння плаціны Кахоўскай ГЭС. Херсон, Украіна. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Sergiy Dollar / AFP / East News

Нельга выключаць, што насамрэч Расея нічога не выйграе ад падрыву плаціны. Галоўнае пытанне цяпер: ці ўсё прадугледзеў расейскі боку? Справа ў тым, што правы бераг Дняпра (дзе месціцца Херсон і дзе знаходзяцца ЗСУ) значна вышэйшы за левы бераг Дняпра, дзе займаюць пазіцыі расейскія вайскоўцы. То бок менавіта акупаваныя Расеяй тэрыторыі зазнаюць асноўныя наступствы катастрофы.

Херсонскі журналіст Канстанцін Рыжэнка, прааналізаваўшы першыя рэакцыі акупацыйных уладаў і расейскіх прапагандыстаў на катастрофу, прыйшоў да высновы, што агрэсар не разлічваў на такі эфект. На ягоную думку, расейцы хацелі акуратна разбурыць толькі частку дамбы, каб затапіць пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў на выспах (і гэта ў іх атрымалася зрабіць). Аднак у выніку «перестараліся» і затапілі таксама частку сваіх пазіцыяў на левым беразе Дняпра. Пакуль гэта толькі гіпотэза – доказаў знішчэння расейскіх пазіцыяў няма.

Кіраўніцтва аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру Сіла абароны Поўдня Украіны Наталля Гумэнюк таксама выказала меркаванне, што расейцы маглі не разлічыць магутнасць выбуху. Праз тое, што збудаванне ўжо мела пэўныя пашкоджанні, наступствы падрыву сталі некантралюемымі.

«Выбухная хваля магла быць больш магутнай, чым яны разлічвалі», – заявіла яна.

Калі гэта сапраўды так, то ацаніць наступствы будзе яшчэ больш складана. Эксперты на гэты конт выказваюць розныя думкі. Напрыклад, вайсковы аналітык Ян Матвееў мяркуе, што падрыў плаціны ў любым выпадку выгаднейшы для расейскай арміі, нават калі яна страчвае частку абарончых пазіцыяў. А каардынатар даследчай суполкі Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў лічыць, што катастрофа на ГЭС наогул нікому не выгадна – ні Украіне, ні Расеі:

«Ніхто не чакаў новага наступу УС РФ праз Днепр на Херсон. А падрываць плаціну і затапліваць свае ж (УС РФ) пазіцыі на левым беразе – гэта нейкая прэмія Дарвіна».

Такім чынам, дакладна спрагназаваць наступствы падрыву Кахоўскай ГЭС для сітуацыі на фронце на дадзены момант немагчыма: пакуль невядомыя ні маштабы катастрофы, ні планы бакоў адносна Херсонскага фронту. Калі ЗСУ раней і не планавалі наносіць ўдар праз Днепр, то эфект будзе абсалютна нязначны. А калі такія планы існавалі, то іх напэўна прыйдзецца карэктаваць. Але яшчэ невядома, хто лепш зарыентуецца ў новых умовах. Так ці інакш падрыў Кахоўскай ГЭС наўрад ці будзе мець лёсавызначальнае значэнне для летняй кампаніі.

Чытайце таксама:

Падрыў Кахоўскай ГЭС: што будзе з мірнымі жыхарамі і войскамі, Запарожскай АЭС і Крымам

Што за Кахоўская ГЭС, якую ўзарвалі на Херсоншчыне. І што было роўна 85 гадоў таму

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў