Падрыў Кахоўскай ГЭС: што будзе з мірнымі жыхарамі і войскамі, Запарожскай АЭС і Крымам


У Херсонскай вобласці Украіны ў ноч на 6 чэрвеня ўзарвалі плаціну Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, што знаходзілася пад кантролем Расеі. Падтапіць можа шэраг сёлаў пераважна на акупаваных тэрыторыях. Чалавечыя ахвяры і ваенная шкода наўрад ці будуць вялікімі, але Украіну чакае экалагічная катастрофа.

Кахоўская ГЭС пасля падрыву. 6 чэрвеня 2023 года. Херсонская вобласць, Украіна.
Фота: Укргідроенерго / Facebook

Паводле «Укргідраэнерга», Кахоўская ГЭС цалкам разбураная і не падлягае аднаўленню. Амаль усё, што засталося ад дамбы, ужо сышло пад ваду.

Фота
Падрыў Кахоўскай ГЭС і яе наступствы ў здымках
2023.06.06 14:06

Хто ўзарваў ГЭС

Украіна і Расея вінавацяць адна адну ў падрыве ГЭС. Аднак Расея, якая акупавала ГЭС, не публікавала відэа «прылёту» (а каб разбурыць дамбу, трэба вельмі шмат выбухоўкі – ракета была б заўважнай).

Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны нагадвае, што паведамляла пра мінаванне ГЭС расейскімі сіламі адразу пасля захопу імі станцыі, а ў красавіку 2023 года фіксавала дадатковае мінаванне шлюзаў і апораў. Прадстаўнік выведкі кажа, што ёсць доказы перамяшчэння выбухоўкі і адпаведнай тэхнікі для падрыву.

Да таго ж, падрыў дамбы тэарэтычна можа на некалькі тыдняў зрабіць частку Херсоншчыны непрыдатнай для ўкраінскага наступу, а расейскія войскі раней ужо падарвалі дарогу на дамбе.

Украіна і заходнія эксперты больш як паўгода папярэджвалі, што Расея рыхтуе падрыў Кахоўскай ГЭС. «Белсат» мінулай восенню разбіраў пагрозу падрыву ГЭС:

Аналітыка
Пагроза разбурэння Кахоўскай ГЭС: навошта гэта трэба і ці рэальны такі сцэнар?
2022.10.21 17:11

19 кастрычніка 2022 года амерыканскі Інстытут вывучэння вайны пісаў, што Расея стварае інфармацыйны фон для «аперацыі пад фальшывым сцягам», каб адвесці ўвагу ад адступлення з Херсону. На наступны дзень прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце да Еўрапейскай рады казаў, што расейскія сілы замінавалі дамбу і агрэгаты ГЭС, а таксама прасіў аб міжнароднай назіральнай місіі, каб прадухіліць катастрофу.

Ёсць і трэцяя версія: некаторыя расследавальнікі дапускаюць, што дамба магла разбурыцца сама – праз сілы прыроды і агульную занядбанасць. На спадарожнікавых здымках бачна, што яшчэ між 28 траўня і 5 чэрвеня дарога над плацінай і шлюзы атрымалі новыя пашкоджанні, а незадоўга да прарыву дамбы ўзровень у Кахоўскім вадасховішчы апусціўся на беспрэцэдэнтна нізкі ўзровень.

Каго затопіць

Падтапленне адбываецца не імгненна – хваляў, як пры цунамі, не будзе. Цяпер мяркуецца, што ўзровень вады дасягне піку апоўдні 6 чэрвеня. Раней прагназавалі, што вада будзе спадаць цягам 20-40 гадзінаў. Як казаў Зяленскі па выніках тэрміновага паседжання Рады нацыянальнай бяспекі, што ў зоне затаплення можа аказацца каля 80 населеных пунктаў.

Ужо падтопленыя асобныя раёны Херсону, у прыватнасці мікрараён Востраў, але крытычнай пагрозы гораду няма. Імаверна, найбольш пацерпяць сельскія жыхары прыбярэжных акупаваных тэрыторыяў: менавіта там чакаюцца асноўныя праблемы. У Херсонскай вобласці Расея кантралюе левы (заходні) бераг Дняпра, Украіна – правы (усходні). Левы ніжэйшы за правы, там пад пагрозай Новая Кахоўка, Голая Прыстань і доўгі шэраг іншых населеных пунктаў.

Зона магчымага падтаплення ў выніку падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС. Выява: Fakty.com.ua

Кахоўская ГЭС – толькі адзін з гідравузлоў Дняпроўскага каскаду. Вышэй па рацэ ёсць яшчэ пяць ГЭС. Магчыма, праз іх здолеюць зменшыць наступствы бяды.

Гідравузлы Дняпроўскага каскаду. Выява: uhe.gov.ua

З падкантрольных Украіне тэрыторыяў ужо абвешчаная эвакуацыя, людзей вывозяць аўтобусамі і чыгункай. Расейскія акупацыйныя ўлады тым часам заяўляюць, што «эвакуацыі вялікай колькасці людзей не спатрэбіцца», але кажуць, што эвакуацыю таксама пачалі. Ды з прыбярэжнай часткі вобласці акупацыйныя ўлады вывозілі насельніцтва яшчэ мінулай восенню.

Якія могуць быць эканамічныя і экалагічныя наступствы

Землі, дзе разліваецца вада, могуць быць забруджаныя смеццем і рознымі хімічнымі рэчывамі, забруджаная вада таксама дасягне Чорнага мора – а мо і Міжземнага. Таксама пацерпіць экасістэма ніжняга Дняпра, нацыянальны парк «Ніжнедняпроўскі», дзясяткі відаў раслінаў і жывёлаў з «Чырвонай кнігі». Дакладныя наступствы для экалогіі яшчэ не пралічылі – яны залежаць ад шматлікіх фактараў.

Кіраўнік офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак ужо назваў падрыў дамбы «экацыдам». Генеральная пракуратура Украіны распачала крымінальную справу ў сувязі з падрывам ГЭС – і таксама ўжывае слова «экацыд».

Украінскія ратавальнікі падчас ліквідацыі наступстваў падрыву Кахоўскай ГЭС. Херсонская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: ДСНС України / Telegram

Ад падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС пацерпіць сельскагаспадарчая сфера. Станцыю збудавалі ў 1950-х, на ёй было завязанае арашэнне і водазабеспячэнне як прылеглых раёнаў, так і Крыму. Ад ірыгацыйнай сеткі залежаць 200 тысяч гектараў сельскагаспадарчых земляў – не будуць працаваць некаторыя сістэмы арашэння, можа быць страчана звыш 14 % экспартнага патэнцыялу пшаніцы.

Публікуюць таксама відэа самападрыву мінаў на падтопленых тэрыторыях – ад выбуху мінаў могуць пацярпець як расейскія войскі, так і мірныя жыхары.

Гісторыі
Што за Кахоўская ГЭС, якую ўзарвалі на Херсоншчыне. І што было роўна 85 гадоў таму
2023.06.06 13:48

Хто можа застацца без вады

Найбольшыя праблемы чакаюцца з водазабеспячэннем населеных пунктаў, «прывязаных» да вадасховішча. У найгоршым сцэнары без пітной вады могуць застацца звыш мільёна ўкраінцаў у гарадах Крывы Рог, Марганец, Нікапаль, Пакроў і іншых, а таксама да 70 % насельніцтва акупаваных тэрыторыяў Херсоншчыны.

Ды можна спадзявацца, што да такога сцэнару рыхтаваліся ці не з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Расейскія сілы яшчэ зімой скідалі ваду з Кахоўскага вадасховішча, што выклікала падтапленні і праблемы з водазабеспячэннем – вадасховішча ўжо спустошвалася да ўзроўню, які называлі блізкім да крытычнага.

Мясцовыя жыхары спрабуюць ехаць на роварах па затопленай дарозе ў Херсоне. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Яўген Малалетка / AP Photo / East News

Пад пытаннем і водазабеспячэнне акупаванага Расеяй Крыму. Да 2014 года Крым забяспечваўся дняпроўскай вадой праз Паўднёва-Крымскі канал, што ідзе ад Новай Кахоўкі аж у Керч. Пасля анексіі паўвостраву Расеяй Украіна спыніла падачу вады ў Крым, але калі ў 2022 годзе Кахоўскую ГЭС захапіла Расея, падачу вады аднавілі.

Наўрад ці засуха ў Крыме цяпер будзе горшай, чым была ў мінулыя гады расейскай акупацыі, ды ў выпадку вызвалення Крыму спатрэбяцца ўжо многія гады, каб аднавіць пастаўкі вады на паўвостраў. А акупацыйныя ўлады запэўніваюць, што цяпер запасаў вады «больш як дастаткова».

Наўпроставай пагрозы Запарожскай АЭС няма

Ад сістэмы вакол Кахоўскай ГЭС ускосна залежала і ахалоджванне акупаванай расейскімі сіламі Запарожскай атамнай электрастанцыі. Паводле МАГАТЭ, цяпер няма «непасрэднай рызыкі бяспекі» АЭС.

Прэзідэнт украінскага «Энергаатаму» заспакойвае: сітуацыя для АЭС не крытычная, бо яна цяпер ахалоджваецца з адасобленага ўласнай сістэмы, асобнай ад Кахоўскай ГЭС. Але калі гэтую ўласную сістэму трэба папаўняць – і гэта рабілі вадой Кахоўскага вадасховішча. У праекце АЭС, дадае ён, былі закладзеныя магчымыя праблемы з Кахоўскай ГЭС.

«Укрэнэрга» тым часам піша, што пакуль праблемаў з балансам энергасістэмы праз падрыў дамбы не назіраецца, і хоць пасля расейскіх абстрэлаў электрастанцыяў трывае рамонтная кампанія, вытворчасці энергіі цяпер дастаткова для пакрыцця патрэбаў карыстальнікаў, а ў дзённы час трывае імпарт энергіі са Славаччыны.

Каментар
«Калонамі выязджаюць і вайскоўцы, і калабаранты». Кіраўнік «Енергоатому» – пра эвакуацыю расейцаў з Энергадару
2023.05.11 22:29

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў