Што за Кахоўская ГЭС, якую ўзарвалі на Херсоншчыне. І што было роўна 85 гадоў таму


6 чэрвеня стала вядома пра разбурэнне Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, што знаходзіцца на той частцы Херсонскай вобласці Украіны, якая дагэтуль акупаваная расейскімі войскамі. У выніку вада стала затопліваць паўднёвыя рэгіёны Херсоншчыны, заяўляецца пра пагрозы Запарожскай АЭС і водазабеспячэнню Крыму. Падрыў Кахоўскай ГЭС ужо параўноўваюць з аналагічнымі дзеяннямі падчас Другой сусветнай вайны.

Спадарожнікавы здымак Кахоўскай ГЭС. Херсонская вобласць, Украіна. 5 чэрвеня 2023 года.
Фота: Maxar Technologies / AFP / East News

Кахоўская ГЭС, размешчаная на левым беразе Дняпра, знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў яшчэ з лютага 2022 года. Масты, што звязвалі яе з супрацьлеглым берагам, былі разбураныя яшчэ летась.

Інфармацыя пра магчымы падрыў станцыі пачала з’яўляецца яшчэ ўвосень мінулага года – перад тым, як расейскія войскі былі вымушаныя пакінуць Правабярэжжа і сам Херсон. Бакі тады вінавацілі адзін аднаго ў падрыхтоўцы выбуху. Але на думку экспертаў амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны, кіраўніцтва расейскага войска разбурэннем ГЭС і затапленнем тэрыторыяў імкнулася прыкрыць сваё адступленне, пры гэтым усклаўшы адказнасць за гібель людзей і разбурэнні на Кіеў.

Абноўлена
У Херсонскай вобласці ўзарвалі плаціну Кахоўскай ГЭС. Праз пагрозу затаплення абвесцілі эвакуацыю
2023.06.06 08:40

Цяперашні падрыў станцыі здарыўся падчас падрыхтоўкі чарговага контрнаступу ЗСУ. Адной з мэтай яго магло як раз стаць левабярэжжа Херсонскай вобласці. Прадстаўнікі ўкраінскага камандавання заяўляюць, што такім чынам РФ спрабуе запаволіць наступ праціўніка.

Што за Кахоўская ГЭС

Кахоўская ГЭС размешчаная за пяць кіламетраў ад гораду Новая Кахоўка. Яна з’яўляецца апошняй і ніжняй прыступкай каскаду Дняпроўскіх гідраэлектрастанцыяў, які пачынаецца ад гораду Вышгарад Кіеўскай вобласці. Будаўніцтва каскаду станцыяў пачалося ў 1928 годзе, калі сталі ўзводзіць Дняпроўскую ГЭС. Кахоўскую ГЭС пачалі будаваць другой – у 1950 годзе.

Кахоўская ГЭС у Херсонскай вобласці, Украіна.
Фота: Липунов Дмитрий / commons.wikimedia.org

У сваёй працы Кахоўская ГЭС забяспечвала гадавое рэгуляванне сцёку Дняпра для сілкавання электраэнергіяй, арашэння і водазабеспячэння засушлівых раёнаў поўдня Украіны і навігацыю ад Херсона да Запарожжа. Сярэднегадавая выпрацоўка электраэнергіі станцыяў складала 1,42 млрд кВт•ч.

З прычыны ўзвядзення станцыі ўзровень вады ў Дняпры ўзняўся на 16 метраў і было ўтворанае Кахоўскае вадасховішча. У 1963 годзе вада з Кахоўскага вадасховішча стала паступаць у адмыслова пабудаваны Паўночна-Крымскі канал, які ў тым ліку пастаўляе ваду ў Крым.

Вада з вадасховішча выкарыстоўвалася для ахалоджвання Запарожскай АЭС і для забеспячэння роднага гораду прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага – Крывога Рогу. Акрамя таго, яна падавалася ў Кахоўскі і Верхнерагачынскі каналы, а таксама ў сістэмы водазабеспячэння рудняў, прадпрыемстваў, гарадоў і пасёлкаў Нікопаль-марганцаўскага прамысловага комплексу, у шэраг дробных арашальных сістэмаў прыбярэжных раёнаў Днепрапятроўскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў.

Hавiны
«Аднаўленню не падлягае». Ва Украіне заявілі аб поўным зруйнаванні Кахоўскай ГЭС
2023.06.06 13:08

У выніку разбурэння ГЭС і спусташэння вадасховішча, вада з якога цяпер затоплівае прыбярэжныя паселішчы Херсоншчыны, ранейшыя яе пастаўкі выклікаюць пытанні.

Як раней разбуралі ГЭС

Гідраэлектрастанцыі падчас вайны на Дняпры разбураюцца ўжо не ў першы раз. У першы раз гэта здарылася ўлетку 1941 года з Дняпроўскай ГЭС – першай з каскаду станцыяў.

Тады савецкае камандаванне пры непасрэдным загадзе Іосіфа Сталіна, каб спыніць наступ нямецкіх войскаў і не дазволіць яму выкарыстанне электраэнергіі станцыі, падарвалі 18 жніўня плаціну Днепрагэсу. Разбурэнне станцыі выклікала вялікі пад’ём вады ў Дняпры ніжэй за станцыю. У выніку, паводле ацэнак украінскага гісторыка Уладзіміра Лінікава, загінулі каля 3000 асобаў. Праўда, ёсць меркаванні, што колькасць ахвяраў магла быць у дзясяткі разоў большай. Сярод загінулых былі як мясцовыя жыхары, гэтак і жаўнеры Чырвонай арміі, якіх савецкае камандаванне вырашыла не папярэджваць пра свае планы.

Ужо ў 1942 годзе немцы аднавілі працу Днепрагэсу. Саму станцыю яны захапілі праз 46 дзён пасля выбуху.

Пасляваеннае фота Дняпроўскай ГЭС. 9 траўня 1951 года. Крыніца: commons.wikimedia.org

Чарговыя пашкоджанні станцыя атрымала ў снежні 1943 года падчас адыходу нямецкіх войскаў і наступу савецкіх. Але ў той час затаплення наваколля атрымалася пазбегнуць.

Не толькі СССР

Савецкія войскі не былі першымі, хто паспрабаваў з дапамогай штучнай паводкі спыніць наступ ворага. Яшчэ ў 1938 годзе да гэтай жа тактыкі прыбег кітайскі ўрад на чале Цзянам Цзе Шы. Амерыканскі даследчык Стывэн Датч назваў гэта «найбуйнейшым актам экалагічнай вайны ў гісторыі».

З дапамогай падрыву дамбаў на рацэ Хуанхэ і затаплення ўласных тэрыторыяў улады Кітайскай Рэспублікі спрабавалі запаволіць наступ японскіх войскаў і выйграць некалькі месяцаў для бітвы за Ўу-хань. Да сваіх планаў кітайскія войскі прыступілі роўна за 85 гадоў да прарыву Кахоўскай дамбы – 5 і 7 чэрвеня 1938 года.

Паводкі накрылі і знішчылі тысячы квадратных кіламетраў сельгасугоддзяў і зрушылі рэчышча Хуанхэ на сотні кіламетраў на поўдзень. Ахвярамі паводкі і наступных голаду і хваробаў сталі, паводле розных падлікаў, ад 400 да амаль 900 тыс. асобаў, пераважна мірных кітайцаў. Тысячы вёсак былі затопленыя або знішчаныя.

У выніку паводкі наступ японскіх войскаў быў сапраўды прыпынены. Некаторыя японскія падраздзяленні, якія апынуліся ў забалочаных землях, былі разбітыя. А шэраг раней захопленых раёнаў яны не змаглі нармальна кантраляваць, у выніку чаго тыя сталі базай для партызанскага руху. Тым не менш, той жа Ўу-Хань японцы захапілі ўжо ў кастрычніку 1938 года, атакаваўшы яго з іншага кірунку

Ці паўплывае падрыў Кахоўскай ГЭС неяк на сітуацыю на фронце ва Украіне, можна будзе меркаваць у наступныя месяцы.

Аналітыка
Пагроза разбурэння Кахоўскай ГЭС: навошта гэта трэба і ці рэальны такі сцэнар?
2022.10.21 17:11

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў