news
Гісторыі
Пяць гісторыяў пра чаканні і рэальнасць эміграцыі беларусаў
«Мала хто разлічваў на такія во прыгоды».
21.10.202308:12

Як спяваў Leibonik, «мала хто разлічваў на такія во прыгоды». «Белсат» спытаў чытачоў у сацыяльных сетках, як адрозніваліся чаканні ад рэальнасці эміграцыі – і вось што нам расказалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гданьск, Польшча.
Фота: Bartlomiej Kudowicz / Forum

Маеце цікавыя гісторыі пра эміграцыю або нечаканыя праблемы за мяжою, пра якія варта папярэдзіць іншых? Напішыце нам праз Telegram у @BelsatBot. Гэта ананімна.

Звярніце ўвагу: кожны з гэтых аповедаў – гісторыя аднаго чалавека, якому магло ў чымсьці пашанцаваць ці не пашанцаваць. Гэта не значыць, што ўсе будуць мець такое ж уражанне ад адпаведнай краіны, але значыць, што могуць сутыкнуцца з такім жа.

Чытачы з Польшчы: свае падманулі, палякі падтрымліваюць

Адна чытачка расказвае, што ад эміграцыі не чакала нічога добрага: рашэнне было вымушаным і паспешлівым, ехала з заплечнікам на 20 літраў, рэчамі першай неабходнасці і веданнем па-польску толькі «dzień dobry» і «*****». Жыве ў Польшчы ўжо два гады і кажа, што «на загніваючым Захадзе вельмі прыемна загніваць».

Як марыла ў дзяцінстве, жыве ля мора. Мае добры заробак, хоць працуе не паводле спецыяльнасці, а два дыпломы пыляцца ўдома. У вольны час падарожнічае па краіне. З дыскрымінацыяй не сутыкалася, а калі палякі чуюць, што яна палітычная ўцякачка, дык спачуваюць і падбадзёрваюць. У Польшчы яна адчувае сябе вольным чалавекам – кажа, ніколі такога не асэнсоўваеш, пакуль тваю свабоду не спрабуюць адабраць.

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30

Другі чытач расказвае, што ў 2021 годзе з’ехаў у Польшчу паводле працоўнай візы, але адразу ведаў, што ў Беларусь найбліжэйшым часам не вернецца. Працаваў спачатку ад агенцтва, але неўзабаве знайшоў працу ў беларускай кампаніі ў Польшчы. Трапіў, як кажа, на «абяцанкі-цацанкі» – і страціў давер да беларусаў.

Яму запомніўся выпадак, калі пасля чарговай сваркі на працы ішоў уздоўж дарогі да станцыі, не галасаваў, а незнаёмы паляк спыніўся і давёз яго да станцыі. Палякі, кажа чытач, да яго зазвычай ставіліся вельмі ветліва, дапамагалі – у адрозненне ад працадаўцаў з беларускай кампаніі.

Найбольш у Польшчы гэтага чытача здзівіла якасць ежы: ён называе сябе вялікім аматарам хлебу, а ў Польшчы нават фабрычны хлеб яму падаецца смачнейшым за беларускі. Таксама яго здзівіла, што розныя ваяводствы краіны (гэта як беларускія вобласці) так моцна адрозніваюцца, што «гэта па сутнасці розныя краіны, хоць і населеныя палякамі». Праўда, наракае, што рашэння пра дазвол на жыхарства давялося чакаць восем месяцаў, а саму картку далі толькі праз 12 месяцаў з падачы дакументаў – маўляў, адносна гэтага пра вроцлаўскую адміністрацыю «легенды ходзяць па ўсёй Польшчы».

Чытач з Бельгіі: дзяржава слаба дапамагае ўцекачам

Трэці чытач расчараваўся абаронаю правоў мігрантаў у Бельгіі, калі падаўся на міжнародную абарону. Маўляў, у еўрапейскім заканадаўстве ўсё выглядае прыгожа, усе абароненыя і дыскрымінацыя недапушчальная, а напраўду ж нацыянальныя законы могуць пярэчыць дакументам і дырэктывам Еўракамісіі. Можна судзіцца, але гэта дорага і доўга. Можна звяртацца ў Еўракамісію, але проста ў форме звароту пазначана, што парушэнне еўрапейскай нормы не накладае на Еўракамісію абавязку выпраўляць сітуацыю.

Сацыяльная дапамога мігрантам у Бельгіі ёсць, але працэдура атрымання належнага статусу займае, насуперак еўрапейскім нормам, больш за два гады.  Пакуль не далі міжнароднай абароны, мусіш жыць у цэнтры прыёму ўцекачоў. Чытач называе ўмовы там жахлівымі, месцаў заўсёды бракуе, а з 30 жніўня туды перасталі браць самотных мужчынаў. Калі не трапіў у цэнтр, то, паводле чытача, у Бельгіі кажуць, што больш нічога не абавязаныя, дзяржава «ўмывае рукі».

Каментар
Вымушаная эміграцыя: чаму гэта назаўсёды, як перажыць і не звар’яцець, на якой мове ісці на псіхатэрапію
2023.10.05 07:40

Да таго ж першыя чатыры месяцы з моманту падачы дакументаў на абарону забаронена працаваць. Калі ж атрымаеш дазвол працаваць, працадаўцы будуць патрабаваць дыплом на любую працу, акрамя самай нізкакваліфікаванай, і беларускія дыпломы не прызнаюцца аўтаматычна.

Гэты чытач адзначае: хоць ён абураецца, але перабівае ў лепшым становішчы за большасць уцекачоў, бо ведае мову, мае сяброў, якія дапамагаюць, плануе вучыцца для атрымання прафесіі… Тых жа, хто прыязджае «без нічога», бельгійская дзяржава «кідае проста ў жахлівае становішча», засцерагае чытач.

Чытач з Грузіі: гасціннасць, адкрытасць, прарасейскасць

Чацвёрты чытач – былы палітычны вязень Алег Барадзін, які амаль год жыў у Грузіі і цяпер жыве ў Ізраілі. Пра Грузію кажа: гэта абсалютна еўрапейская краіна з яскравым каўказскім каларытам, інтэгравацца ў грузінскі лад жыцця лёгка.

Гісторыі
«12 трупаў для статыстыкі». Былы палітвязень апавёў пра допыты ў КДБ і гомельскія моргі ў сакавіку 2022 года
2023.10.02 08:27

Грузіны, паводле ўражанняў Барадзіна, вельмі адкрыты і шчыры ў пачуццях народ, яны любяць або ненавідзяць усім сэрцам, і хоць вельмі тактычныя, ды, калі штосьці не так, скажуць наўпрост. Народ сапраўды гасцінны, сапраўды шануе старасць. Шмат разоў грузіны дапамагалі бескарысліва і бясплатна.  Гаспадар гатэлю, як даведаўся пра гісторыю беларуса, нават прапанаваў яму пакой за траціну цаны, а ў выніку практычна «прыняў у сям’ю», запрашаў на хрысціны ўнукаў.

Праблемаў з камунікацыяй не было: грузіны, каму за 40 гадоў, валодаюць расейскай, а шмат хто з маладзейшых ведае англійскую. Медыцына выдатная, цэны на паслугі невысокія. Адукацыя падобная да беларускай, але набліжаная да еўрапейскай – асабліва чытач адзначае лепшыя праграмы па матэматыцы і замежнай мове, добра арганізаваную фізкультуру. Барадзін адзначае, што грузіны шануюць досвед і прафесіяналізм. У Грузіі ён уладкаваўся збіраць мэблю і праз чатыры месяцы стаў выканаўчым дырэктарам вытворчасці з заробкам у разы большым за сярэдні па краіне.

Ды чытач адзначае і шмат мінусаў. У Грузіі шмат што вырашаецца «праз знаёмых». Калі грузін зробіць штосьці не так, то звычайна тлумачыць, што «гэта Грузія, тут усе так робяць». Грузіны ў асноўнай масе непунктуальныя і не трымаюцца абавязкаў, вельмі эмацыйныя. Калі бачаць, што на нечым можна зарабіць, дык заробяць. Кіроўцы нахабныя, пешаходаў не прапускаюць нават на пераходах. У рэстаранах якасць ежы не адпавядае цэнам: у прыдарожнай кавярні можна паесці значна смачней, чымся ў топавай установе. У Грузіі няма вучэльняў і тэхнікумаў, толькі нядаўна аднавілі каледжы, таму прафесійны досвед атрымліваюць проста на працы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тбілісі, Грузія.
Фота: Peter Langer / Design Pics RM / East News

Галоўны ж мінус, які называе чытач, – гэта тое, што грузіны ў асноўным прарасейскія. У час, калі чытач быў у Грузіі, там было шмат расейцаў, якія ўцякалі ад мабілізацыі, і вялікая частка тых была вельмі нахабная. Алег хадзіў на дзясяткі мітынгаў супраць прарасейскай палітыкі грузінскіх уладаў. Ратавалі рэстараны і кавярні з шыльдамі, напрыклад, «тут расейцам не радыя» ці «скажы „Слава Україні“ і заходзь». Праз хвалю эміграцыі ў Грузіі падскочылі цэны на жытло, ежу і паслугі. Пад антырасейскія санкцыі трапілі некаторыя грузінскія банкі. У беларусаў таксама з’явіліся праблемы з легалізацыяй, адкрыццём рахункаў – кагосьці нават не пускалі ў Грузію пасля «візарану».

Той жа чытач, але ўжо з «даваеннага» Ізраілю

З Барадзіным «Белсат» размаўляў да атакі тэрарыстаў «Хамасу» на Ізраіль – і да таго, як краіна перайшла ў стан вайны. Тады ён расказваў, што арабска-ізраільскі канфлікт пабачыў на ўласныя вочы ўжо праз месяц: быў ракетны абстрэл з сектару Газа (невялікі ў параўнанні з тым, што было 7 кастрычніка). Сям’я тады некалькі дзён спала ў адзенні, бачыла і выбухі збітых ракетаў, і дзясяткі ізраільскіх самалётаў, што ляцелі на палестынскія тэрыторыі. У шафе заўсёды маецца аварыйная торба з дакументамі і каштоўнасцямі. Чытач ладзіў вучэнні з сям’ёю, як дабегчы да бамбасховішча, і палічыў: ракета з Газы да ягонага дому даляціць за 37 секундаў, а бегчы ў сховішча 24 секунды.

Цяпер Барадзін намагаецца дапамагаць Ізраілю ў тыле, бо на фронце не дапаможа з прычыны веку. Падаўся ў валанцёры, збіраецца здаваць кроў.

Алег Барадзін у валанецёрскім штабе
Алег Барадзін у валанцёрскім штабе. Кір’ят-Гат, Ізраіль. 13 кастрычніка 2023 года.
Фота: Алег Барадзін

Ніжэй – тое, што ён расказваў пра эміграцыю да пачатку цяперашняй вайны Ізраілю з тэрарыстамі.

Яшчэ за год да ад’езду ў Ізраіль Барадзін меў уяўленне пра гэтую краіну: шмат чытаў і глядзеў у інтэрнэце, наслухаўся родзічаў жонкі, якія ў Ізраілі жылі. Думаў, што Ізраіль – пустэльня, а аказалася, што краіна вельмі зялёная, і пейзажы нярэдка нагадваюць беларускія. Пасяліўся з сям’ёй у мястэчку, памер насельніцтва якога параўноўвае з Добрушам ці Ельскам, але выгляд – з мікрараёнамі Менску.

Ізноў уладкаваўся на працу ў збору мэблі, заробак мае ўжо на траціну вышэйшы за звычайны для рэпатрыянта. Адзначае: як і ў Грузіі, шануюць досвед і жаданне працаваць, але заробак не спяшаюцца падымаць. Ды не бядуе – тым больш рэпатрыянтам першыя паўгода плацяць «кошык абсорбцыі». Кажа, эканоміка гэтак збудаваная, што нават з мінімальным заробкам не памрэш. Ізраільцянкі нараджаюць шмат, а дэкрэт – толькі тры з паловаю месяцы, але сем’і не маюць праблемаў пракарміць і апрануць дзяцей.

Плюсы жыцця ў Ізраілі, кажа чытач, у тым, што гэта перадавая краіна з высокім узроўнем жыцця, моцная і трывалая дзяржава – нягледзячы на палітычны крызіс, рост цэнаў, скарачэнне дапамогі перасяленцам, падзел грамадства на свецкіх і артадаксальных вернікаў. Людзі там адкрытыя, радасныя, спагадлівыя, і, у адрозненне ад Беларусі, не «жывуць дзеля працы», а «працуюць дзеля жыцця», шмат часу надаюць сям’і і блізкім.

Мінусаў таксама дастаткова. Жыццё апошнім часам вельмі падаражэла: чытач наракае на цэны на мяса і рыбу, алкаголь, медыцыну, дзіцячыя садкі і гурткі, жытло. Людзі ў Ізраілі, паводле чытача, шумныя, гарачыя, што думаюць, тое і кажуць. У ягоным горадзе даволі брудна, усюды смецце і сабачыя экскрэменты. Беларуская дыяспара не такая актыўная, як у Грузіі, затое сярод ранейшых мігрантаў шмат прарасейскіх і тых, каго Барадзін называе словам «савок».

Аналітыка
«Да беларусаў у Грузіі ставяцца гэтак жа, як да Лукашэнкі і расейцаў». Як тое змяніць і ці магчыма?
2023.10.04 08:05

 

Чытач з Канады: адукацыя, спорт, снег і кепскія дарогі

Пяты чытач пераехаў з сям’ёй у Канаду. Паводле яго, распаўсюджаны стэрэатып, што канадцы шмат просяць прабачэння, аказаўся праўдзівым. Кажуць «sorry» пры любой магчымасці: калі ідуць да цябе бліжэй за паўметра ці калі робяць каву ў кавамашыне і бачаць, што чакаеш у чарзе.

Хоць Канада ў стэрэатыпах і паўночная краіна, большая частка насельніцтва жыве больш на поўдзень за Менск. Лета спякотнае, зіма халодная і снежная, але сонца зімою пячэ так, што снег растае. Ды снег на паркоўках – вышынёю з трохпавярховы дом. Ці не кожны канадзец мае шуфлі для розных тыпаў снегу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Манрэаль, Канада.
Фота: Schwermer, Gunther / Travel Collection / East News

Беларуса здзівіла канадскае двухмоўе – вельмі кантрастуе з тым, што на радзіме. У правінцыі, дзе ён жыве, дзве афіцыйныя мовы – англійская і французская, хоць франкамоўных значна менш за палову. Усе надпісы на дзвюх мовах, двухмоўе ў адукацыі, газетах і тэлевізіі, кнігах, ува ўсіх дзяржаўных сэрвісах вітаюць на абедзвюх мовах, каб зразумець, на якой размаўляць.

Здзівілі і адрозненні ў школьнай адукацыі. Да школы трэба купіць хіба заплечнік, бутэльку для вады, кантэйнер для ссабойкі, папяровыя сурвэткі і лейкапластыр. Астатняе дае школа, а заплаціць за гэта трэба сімвалічныя паводле канадскіх мерак 50–60 долараў. У пачатковай школе няма формы і хатніх заданняў. Шмат скіравана на сацыяльную адукацыю – як дзецям камунікаваць з іншымі дзецьмі. Бацькам жа нельга прыходзіць у школу без папярэдняй дамоўленасці, а камунікацыя са школаю – праз электронную пошту, мабільную праграму ці спецыяльную скрыню для дакументаў. У пачатковай школе дзяцей выпускаюць надвор на два вялікія перапынкі, прычым у амаль любое надвор’е. Але зімою рэгулярна скасоўваюць заняткі праз снегапады.

Прыемна ўразіла стаўленне да спорту. Склалася ўражанне, што ўзімку проста ўсе на каньках, а ўлетку займаюцца каякінгам ці падарожжамі. Вельмі шмат добрых спартовых пляцовак: у горадзе менш за Жодзіна ёсць секцыі фігурнага коўзання (гэта на дзяржаўным узроўні для ўсіх узростаў), плавання, спартовай і мастацкай гімнастыкі, футболу і бейсболу, усё за прымальныя цэны.

Але і кепскія ўражанні ёсць. Цэны агулам вельмі высокія, асабліва на харчаванне і жытло. Вялікія праблемы з медыцынаю праз нястачу дактароў. Шмат якіх сэрвісаў трэба чакаць вельмі доўга: напрыклад, парамантаваць нешта ці правесці інтэрнэт. Расчаравала якасць дарог: вельмі кепскія, асабліва пасля зімы і асабліва федэральныя трасы. Не спадабаліся цырульнікі ды агулам сфера прыгажосці – дорага і няякасна.

Алесь Наваборскі belsat.eu