Беларускі рэп рэфлексуе на эміграцыю: цырк жыцця Zeman’а і справы сяброў Leibonik’а


З розніцай на дзень Leibonik і Zeman выдалі песні пра жыццё ў эміграцыі: першы анансаваў альбом і паказаў першы трэк, другі без анонсу выдаў цэлы альбом.

Leibonik (Сяргей Башлыкевіч) родам з Ашмянаў, жыве ў Амстэрдаме, спявае таксама ў Грузіі, Літве і Польшчы. Названы «адкрыццём года – 2014» на прэміі «Героі года», спявак падтрымаў пратэсты падчас і пасля выбараў-2020 дваровымі канцэртамі, праславіўся іранічнымі песнямі (напрыклад, такой пра БТ).

21 чэрвеня ён апублікаваў кліп «Emigrant Song». У песні ён пытае сяброў, як іхныя справы. Наташа хацела б прывезці да бацькоў на лецішча чалавека, у якога закахалася, ды жыве цяпер ля акіяну. У Дзёні ў тэлефонным нататніку ўсё менш нумароў з кодам +375. Дзіма пацвердзіць, што старая Прага не заменіць кіеўскага Падолу.

«З кожным заездам у Кракаў да Валеры

Я ўсё больш забываюся ўзор мапідаўскай шпалеры.

Хоць айран не кефір, гранола не каша,

Усё лепш, чым без суда сядзець. Скажы, Паша?»

Спявак піша, што гэта першая песня з «эмігранцкага» альбому, які выйдзе неўзабаве. Ён адчувае «патрэбу адрэфлексаваць тэму пераезду», але пасля падумвае вярнуцца да вясёлых «тупых песень».

Zeman (Ягор Гаўрылаў) – з Менску, цяпер жыве ў Вільні. Ён яшчэ ў пачатку 2000-х быў у рэп-праекце «Імператар», пазней спяваў з «Чырвоным па белым», быў у суполцы «M.U.Skool» з Максам Каржом, «ЛСП», Вожыкам ды іншымі, запісваў сольныя альбомы, у 2017 годзе запісаў з праектам «Belaroots» альбом «Аднакарэнныя», з 2021-га запісвае трэкі ў беларуска-ўкраінскім дуэце «ЄЎ».

22 чэрвеня ён выдаў альбом «Вандроўны цырк майго грамадскага жыцця» – яго можна паслухаць бясплатна на шэрагу папулярных пляцовак або купіць на «Bandcamp», каштуе ад 5 еўраў. У 12 трэках Zeman расказвае пра адзіноту ў незнаёмым горадзе і «безнадзейныя пошукі хэпі-энду», згадвае абстрэлы Кіева. Нягледзячы на цыркавое аздабленне альбому, атрымліваецца нявесела, у чым рэпер прызнаецца ў песні «Не маска».

«Я часта чуў, што рэп мой дэпрэсіўны.

У ім замест яскравых фарбаў надта змрочныя матывы.

Ён агрэсіўны і з імпэтам, пры гэтым

Ён не надае надзеі, што ўсё будзе добра. Дзе там!»

Пасля гэтага ён абяцае, што калі будзе ўсцешна, будзе радавацца шчыра, «але пакуль нагодаў цешыцца няшмат». Спявак не забывае і пра родны горад – да «эмігранцкага альбому» ён выдаваў трэкі пра ваколіцы станцыяў метро «Фрунзенская», «Пушкінская» і «Каменная Горка».

Інтэрв’ю
«Першая думка – паехаць на вайну». «N.R.M.» едзе з канцэртам у полк Каліноўскага
2023.05.31 10:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў