«Ёсць адчуванне, што глядач Купалаўскага выехаў з краіны разам з купалаўцамі»


27 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатру. З гэтай нагоды ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве адбылася ўрачыстая імпрэза з удзелам тэатральнай групы «Купалаўцы». У яе ўваходзяць былыя акторы Тэатра імя Янкі Купалы, што на знак нязгоды з гвалтам, учыненым рэжымам у 2020 годзе, амаль усім складам звольніліся. Сёння частка з іх вымушана працаваць у выгнанні і тут жа адзначаць сваё прафесійнае свята. Мы трапілі на імпрэзу і паглядзелі, як усё адбывалася.

Прыглушанае святло ў Музеі вольнай Беларусі, які на сённяшні дзень ёсць сапраўдным асяродкам беларускай культуры агулам і беларускага тэатру ў прыватнасці, стварала асаблівы настрой чакання нечага знаёмага і роднага. Нават на хвіліну падалося, што ловіш тое самае адчуванне, якое заўсёды апаноўвала перад пачаткам спектаклю ў родным і мілым сэрцу Купалаўскім тэатры.

Сярод гасцей вечара былі дзейны пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, а таксама першы пасол Польшчы ў незалежнай Беларусі, прафесарка Варшаўскага ўніверсітэту Эльжбета Смулкова, экс-кандыдат на прэзідэнцтва Беларусі, канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэту Аляксандр Мілінкевіч, пісьменніца Святлана Курс, польская тэатральная акторка Люба Левак, журналісты беларускіх незалежных выданняў і многія іншыя.

Сусветны дзень тэатру ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве. У першым шэрагу: намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, першы пасол Польшчы ў незалежнай Беларусі, прафесарка Варшаўскага ўніверсітэту Эльжбета Смулкова, галоўная рэдактарка сайту Charter97.org Наталля Радзіна.
Фота: @johnny_cosmic

Акторы падзякавалі Польшчы за прытулак і магчымасць працаваць

У гэтым годзе на Сусветны дзень тэатру купалаўцы падрыхтавалі для гледачоў не вясёлы капуснік ці прасякнутую святочным настроем пастаноўку, а шчыры і шчымлівы спектакль-роздум, гісторыю, непарыўна звязаную з самім тэатрам.

На пачатку, вітаючы гасцей, акторы выйшлі на сцэну і прагаварылі своеасаблівы маніфест «Купалаўцаў», паразважалі аб тым, чым сёння ёсць тэатр. Што сёння можа сказаць тэатр, сцэна якога ў параўнанні з плошчамі і гарадамі, дзе разыгрываюцца сапраўдныя трагедыі, такая маленькая? І самі ж акторы далі на гэтае пытанне слушны адказ: «Тэатр можа сказаць усё. Як багі жывуць на нябёсах і як вязні пакутуюць у турмах, як добры чалавек непатрэбны і як хлусня пануе, як людзі жывуць у лагерах бежанцаў і як каханыя расстаюцца». Акторы падзякавалі Польшчы за прытулак і магчымасць працаваць і выказалі спадзяванне, што «мара аб купалаўскім доме ў Варшаве стане рэальнасцю».

Купалаўцы.
Фота: @johnny_cosmic

Увогуле тэма дому стала адной з цэнтральных на гэтым вечары. Актуальная сёння для многіх беларусаў, якія жывуць у выгнанні, яна надзённая і для купалаўцаў. Яшчэ больш разумення таго, якім «домам» быў для актораў Нацыянальны акадэмічны тэатр і як складвалася яго гісторыя, дадаў монаспектакль у выкананні народнай артысткі Беларусі Зоі Белахвосцік. Вядомая акторка расказала гісторыю сваёй тэатральнай дынастыі, з якой можна ўбачыць, «як гістарычныя падзеі Беларусі паўплывалі і ўплываюць на лёсы людзей, і як гэтая спіраль часу замыкаецца ў кола».

Расказваючы гісторыю Купалаўскага тэатру, Зоя Белахвосцік перадала храналогію лёсавызначальных падзеяў 2020 года

У аповедзе Зоі Белахвосцік прагучала шмат успамінаў і асабістых, прасякнутых светлым пачуццём гісторыяў пра ейнага дзядулю, народнага артыста СССР Глеба Глебава, бабулю Надзею Сарокіну, акторку БДТ-1. З новага, зусім нечаканага боку раскрываліся для нас вобразы бацькі акторкі – народнага артыста Беларусі Валянціна Белахвосціка, яе маці – Вольгі Глебавай-Сарокінай, якая была для яе «найвышэйшым аўтарытэтам». Гэта былі сямейныя гісторыі, праз якія можна было пабачыць, чым жыў Купалаўскі тэатр на працягу ста гадоў, як выбудоўваліся ўзаемадачыненні паміж акторамі, з чаго складалася вялікая тэатральная традыцыя найлепшага, узорнага тэатру нашай краіны.

Выступ народнай артысткі Беларусі Зоі Белахвосцік.
Фота: @johnny_cosmic

Таксама, расказваючы гісторыю Купалаўскага тэатру, Зоя Белахвосцік перадала храналогію лёсавызначальных падзеяў 2020 года, калі купалаўцы выказалі сваю пазіцыю і не змірыліся з беззаконнем, што тварылася ў нашай краіне.

Для гасцей быў праведзены аўкцыён, на якім кожны меў магчымасць набыць незвычайныя, трошкі дзівацкія і гарэзлівыя і ў той жа час душэўныя і вясёлыя мяккія лялькі, сшытыя ўласнаруч Зояй Белахвосцік. Усе яны так ці іначай былі звязаныя з героямі спектакляў «Купалаўцаў». Былі тут і жарабец пана Быкоўскага з «Паўлінкі», і «Тутэйшы», і зам. па ідэалогіі Кераміна Аркадзеўна са спектаклю «Гусі-людзі-лебедзі». Кожная лялька ў гэты вечар знайшла сабе новага гаспадара, новы дом.

Лялькі, зробленыя рукамі Зоі Белахвосцік.
Фота: @johnny_cosmic

«Тэатр не там, дзе сцены, не там, дзе шыльда… Тэатр там, дзе артысты, там, дзе глядач»

Закранулі тэму дому ў сваіх выступах і ўдзельнікі імпрэзы, якія віншавалі актораў з Сусветным днём тэатру. Але, як слушна заўважыў былы дырэктар Купалаўскага тэатру, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і таксама купалавец Павел Латушка, «тэатр не там, дзе сцены, нават самыя прыгожыя, не там, дзе шыльда… Тэатр там, дзе артысты, там, дзе глядач. І вось сапраўдныя купалаўцы тут. Значыць, сёння менавіта тут Купалаўскі тэатр… Бо тут самыя лепшыя артысты краіны, самыя выбітныя, самыя таленавітыя. Я ганаруся тым, што магу стаяць на імправізаванай сцэне побач з такімі выбітнымі людзьмі, элітай беларускага народу».

Ён адзначыў, што яшчэ ўвесну 2020 года адчуваў, што купалаўцы не застануцца ўбаку ад тых падзеяў, якія наспявалі ў Беларусі:

«Мы гэты выклік прынялі і зрабілі тое, што павінны былі зрабіць. Калектыў нумар адзін у краіне прыняў гэта рашэнне, і гэта сапраўды ўвойдзе ў гісторыю».

Падчас кароткай гутаркі з намі Павел Латушка таксама адзначыў, што ён абсалютны аптыміст і верыць у тое, што «прыйдзе той дзень, і ён недалёка, калі мы пабачым нашых купалаўцаў на сцэне славутага Купалаўскага тэатру, бо стогадовая гісторыя тэатру не перарвалася, яна далей працягваецца, на жаль, цяпер у эміграцыі».

Каментуючы тое, што цяпер у Купалаўскі тэатр у Менску набіраюць расейскіх актораў, Павел Латушка адзначыў, што трупы тэатраў фармуюцца дзесяцігоддзямі ,і немагчыма за пару кастынгаў сфарміраваць такі калектыў, як купалаўцы.

«Тыя ж, хто прыходзіць сёння з беларускіх актораў у Купалаўскі тэатр, нават студэнты, – гэта здраднікі. Я гэта кажу не з падыходам, каб зрабіць нейкую пагрозу, не. Гэта мая прыватная ацэнка як беларуса, як грамадзяніна, таксама як былога дырэктара Купалаўскага тэатру. Ці чалавеку, які здрадзіў адзін раз, можа быць вера? Ці такому актору, які здрадзіў, можа быць вера? Бо сапраўдны глядач адрознівае хлусню ад праўды, штучнае ад сапраўднага мастацтва. Здраднік не зможа стварыць сапраўднага мастацтва. Яны павінны гэта зразумець, яны робяць памылку на пачатку сваёй кар’еры, і з гэтай памылкай ім прыйдзецца жыць усё жыццё», – адзначыў Павел Латушка.

У нашай размове Зоя Белахвосцік адзначыла, што ў актораў ёсць адчуванне, што будынак тэатру ў Менску – гэта ўжо «іншы дом», «яго нібы пакрыўдзілі і зганьбілі, там ужо ўсё іншае». «Тое, што нам патрэбны дом, – адзначае акторка, – гэта сапраўды так. Што рабіць, будзем спадзявацца на дапамогу». Але, гаворыць спадарыня Зоя, акторы стараюцца не жыць думкамі, маўляў, «заўтра-заўтра мы вернемся», бо гэта няправільна. Цяпер трэба «жыць з думкамі пра беларусаў, пра Беларусь і не захраснуць у 2020 годзе, развівацца і ісці далей».

Акторка пагадзілася з тым, што ёсць адчуванне, што глядач Купалаўскага выехаў з краіны разам з купалаўцамі, бо білеты на кожны спектакль прадаюцца дзесьці за гадзіну. «Таму мы разумеем, колькі ёсць людзей жадаючых і тых, каму мы патрэбны», – кажа Зоя Белахвосцік. Адчуваюць акторы цікавасць і з боку польскага гледача, які вельмі шчыра прымае спектаклі «Купалаўцаў». Так, напрыклад, прайшлі прэм’еры спектакляў «Дзяды» і «Гусі-людзі-лебедзі» ў Любліне.

Падсумоўваючы нашую размову, Зоя Белахвосцік адзначыла, што выклік, кінуты ім лёсам, сапраўды загартоўвае, гэта новы досвед, пры гэтым народная артыстка Беларусі адзначыла з аптымізмам: «Усё мы вытрымаем».

Нагадаем, што сачыць за афішай «Купалаўцаў» можна ў сацыяльных сетках. У бліжэйшы час запланаваны паказ некалькіх пастановак калектыву ў Польшчы.

Раман Шавель belsat.eu

 

 

Стужка навінаў