Каго будзе рэпрэзентаваць Рада бяспекі «каліноўцаў» і Пазняка, каго яшчэ ў яе возьмуць?


Прадстаўнікі палка Каліноўскага, што ваюе ў складзе Збройных сілаў Украіны, і старшыня КХП БНФ Зянон Пазняк на прэс-канферэнцыі 7 лютага ў Варшаве расказалі аб планах стварыць вайскова-палітычнай структуру – Раду бяспекі. «Белсат» пераказвае, што расказалі пра гэтую структуру, што казалі пра іншых праціўнікаў Лукашэнкі і што распавялі пра паездку ў Бахмут.

Прэсавая канферэнцыя Зянона Пазняка, Паўла Усава, Змітра Шчыгельскага з удзелам Вадзіма Кабанчука ў Беларускім доме ў Варшаве. 7 лютага 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На прэс-канферэнцыі выступілі намеснік кіраўніка штабу палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук, старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк, а таксама палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі, якога таксама назвалі прадстаўніком палка Каліноўскага. Палітолаг Павел Усаў вёў прэс-канферэнцыю, але расказаў, што ў будучай Радзе бяспекі мае рэпрэзентаваць рух Пазняка «Вольная Беларусь».

Галоўнае пра Раду бяспекі

Яе пакуль не стварылі. Як сказаў Пазняк, «між палком Каліноўскага і іншымі нацыянальна-дэмакратычнымі арганізацыямі вядуцца кансультацыі пра стварэнне ваенна-палітычнай структуры – Рады бяспекі – з мэтай абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўмовах вайны ва Украіне і акупацыі Беларусі Расейскай Федэрацыяй». Тэрмінаў, калі кансультацыі могуць завершыць, не называлі.

Прэсавая канферэнцыя Зянона Пазняка, Паўла Усава, Змітра Шчыгельскага з удзелам Вадзіма Кабанчука ў Беларускім доме ў Варшаве. 7 лютага 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Плануецца, што яна «ў перспектыве можа выканаць выразную ролю ў адраджэнні Беларусі і заваяванні свабоды», сказаў Пазняк. Пакуль жа, дадаў Кабанчук, «несці больш прадстаўнічыя функцыі». Украіна, дадаў Кабанчук, гэта «ключавая краіна ў нашым рэгіёне, якая будзе вырашаць лёс Беларусі, і адкуль будзе вырашацца лёс Беларусі». Палку, адзначыў ён, патрэбныя палітычныя прадстаўнікі, якія будуць займацца лабіяваннем інтарэсаў, бо патрэбаў у ваяроў шмат: ад забеспячэння да рэкрутынгу.

Яна будзе перадусім рэпрэзентаваць полк Каліноўскага, але збіраецца таксама дзеяць ад імя беларускай дыяспары ва Украіне, растлумачыў Кабанчук. На пытанне аб тым, ці праводзіліся перамовы з іншымі фармаваннямі беларусаў, якія ваююць у Збройных сілах Украіны, Пазняк адказаў, што полк Каліноўскага падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню выведкі Украіны, таму «вольны ў сваім выбары, можа ад нечага адмовіцца, сам вырашае сваю палітыку», а іншыя фармаванні, падпарадкаваныя Міністэрству абароны, гэта «проста салдаты», якія «не могуць праявіць сваю нейкую арганізацыйную самастойнасць як беларускую». Кабанчук дадаў, што Беларускі добраахвотніцкі корпус падкрэслівае, што «заточаны толькі на вайну», а полк Каліноўскага «прыняў на сябе такі шлях – будаванне вайскова-палітычнага суб’екту».

Вадзім Кабанчук
Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук падчас прэс-канферэнцыі ў Беларускім доме ў Варшаве. 7 лютага 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Яна не будзе залежнай ад Украіны, запэўніў Кабанчук. Вайскоўцы, якія служаць Украіне, не будуць наўпрост уваходзіць у Раду. Туды будуць уваходзіць былыя байцы, якія мелі дачыненне да палка Каліноўскага, якія праз раненне ці з іншых прычынаў спынілі кантракты. Структуру збіраюцца фармаваць і з беларускіх палітычных актывістаў ва Украіне і за яе межамі. Ён дадаў, што бачыць, як байцы і афіцэры ЗСУ дазваляюць сабе ў палітычных выказваннях непараўнальна больш, чым можна сабе ўявіць у Беларусі ці Расеі.

«У нас няма ніякіх куратараў з украінскага боку, якія нам пішуць «тэмнікі», як кажуць ва Украіне, і даюць «указіўкі», што нам казаць і не казаць, – запэўніў Кабанчук. – Мы цалкам самастойныя ў сваіх палітычных дзеяннях. Вайскоўцы – зразумела, мы падпарадкоўваемся вайсковай вертыкалі, свайму кіраўніцтву».

Як менавіта будуць адбіраць людзей у Раду бяспекі, яшчэ не вырашылі. Кансультацыі трываюць, падкрэсліў Усаў, у іх «удзельнічаюць іншыя нацыянальна-дэмакратычныя арганізацыі», хоць «аснова – гэта полк Каліноўскага». Мадэль функцыянавання Рады бяспекі выпрацоўваецца, у ёй будуць пастулаты, якія «будуць фільтрам адносна таго, хто можа ўвайсці», але галоўныя прынцыпы – «будаванне нацыянальна-дэмакратычнай Беларусі, базісам якога будзе нацыянальнае адраджэнне, а прававой асновай будзе Канстытуцыя 1994 года». Кабанчук жа сказаў, што ў гэтай структуры ў першую чаргу полк хоча бачыць актывістаў і арганізацыі, «якія праводзяць дзеянні ў полі, не займаюцца пражэкцёрствам, не малююць прыўкрасную будучыню».

Прэсавая канферэнцыя Зянона Пазняка, Паўла Усава, Змітра Шчыгельскага з удзелам Вадзіма Кабанчука ў Беларускім доме ў Варшаве. 7 лютага 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пра іншых праціўнікаў Лукашэнкі

Між палком Каліноўскага і Аб’яднаным пераходным кабінетам, сфармаваным Святланаю Ціханоўскаю, няма поўнай згоды. Кабанчук заявіў, што за апошнія 11 месяцаў з украінскімі палітыкамі «не былі створаныя сталыя палітычныя кантакты прадстаўнікоў беларускай палітычнай апазіцыі». Насамрэч Святлану Ціханоўскую не прымалі ва Украіне (Шчыгельскі і Усаў выказалі розныя версіі адносна таго, ці можа паехаць ва Украіну без запрашэння любы ахвотны беларускі палітык: першы – што можа, другі – што трэба ўзгадненне з уладамі Украіны), але прадстаўнікі Кабінету мелі кантакты з украінскімі ўладамі. У тым ліку – перамовы прадстаўніка Кабінету ў справе абароны Валерыя Сахашчыка з галоўнакамандуючым ЗСУ. Сахашчык казаў, што ў яго з палком Каліноўскага камунікацыя добрая на ўзроўні байцоў, але горшая на ўзроўні кіраўніцтва, бо з кіраўніцтвам палка «адрозніваюцца мэты». Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў жа заяўляў, што Сахашчык «не ўспрымае нас усур’ёз, бо ў нашым падраздзяленні няма супрацьпаветранай абароны» і што «ім трэба нас прызнаць». На пытанне журналіста пра гэтыя словы Кабанчук сказаў, што не ведае кантэксту выказвання.

Інтэрв’ю
Валерый Сахашчык і Зянон Пазняк дыскутуюць пра беларускі нацыянальна-вызвольны рух у студыі «Белсату»
2022.10.31 09:04

Пазняк лічыць, што і «старая апазіцыя» Беларусі, і цяперашняя «новая апазіцыя» – прамаскоўская. Паводле Пазняка, у 1994 годзе «была расколатая і фактычна маргіналізаваная нацыянальна-вызвольная апазіцыя», «была створаная новая апазіцыя пры дапамозе немцаў, гэтая апазіцыя арыентавалася на Маскву і на Заходнюю Еўропу пры яе дапамозе, таму што Заходняя Еўропа таксама арыентуецца на Расею». Потым «была знішчаная нацыянальна-вызвольная палітычная эліта», працягнуў ён, але і тая эліта «таксама гаварыла пра Маскву і пра правы чалавека на французскі манер». А ў 2020 годзе «была знішчаная грамадзянская супольнасць» і «створаная новая апазіцыя – прамаскоўская, якая, таксама як і старая, арыентуецца на Маскву і па сённяшні дзень», лічыць Пазняк. Заклік Ціханоўскай рыхтавацца да магчымага поўнага ўцягвання Беларусі ў вайну Пазняк назваў «істэрыкай, якую падымаюць лукашысты». Спробы знайсці кантакты з Ціханоўскай былі, распавёў ён, але ідэі Усава пра «ценевы кабінет» былі адкінутыя, хоць і Пазняк, і Усаў былі гатовыя ісці туды працаваць. Ды Усаў сказаў, што дыялог быў і застаецца, «няма такіх бар’ераў, што вось мы з тымі не размаўляем».

Прэсавая канферэнцыя Зянона Пазняка, Паўла Усава, Змітра Шчыгельскага з удзелам Вадзіма Кабанчука ў Беларускім доме ў Варшаве. 7 лютага 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пра паездку ва Украіну і ў Бахмут

Прэс-канферэнцыю далі пасля паездкі Пазняка, Усава і Шчыгельскага ва Украіну – не толькі ў Бахмут. Паездка ва Украіну трывала 13 дзён, расказаў Пазняк. Галоўнай мэтай была сустрэча з палком Каліноўскага, але сустракаліся таксама з прэсай і прадстаўнікамі ўладаў Украіны. Шчыгельскі, сярод іншага, прапаноўваў стварыць «агульны цэнтр інфармацыі, які працаваў бы на Беларусь і Украіну». Пазняк расказаў, што ўкраінскім установам прапанавалі праект заявы аб асуджэнні акупацыі Беларусі расейскімі войскамі, яго прынялі да разгляду ў камітэце Вярхоўнай Рады ў замежных справах.

Каментар
Падтрымаў ваяроў, падарыў кнігі і папіярыўся. Навошта Пазняк ездзіў да палка Каліноўскага?
2023.01.31 19:35

З «каліноўцамі» сустракаліся шэсць разоў, былі на лініі фронту, пад абстрэлы не трапілі. Пазняк расказаў, што былі тры сустрэчы з кіраўніцтвам палка Каліноўскага, сустрэчы з батальёнамі «Волат» і «Ліцвін», а таксама з «вучэбкай». У Бахмуце менавіта на «нулявую лінію», дзе адбываюцца непасрэдныя баі, не ездзілі, але былі за 2 км ад «нуля» – ды і там мінамётная страляніна ідзе ўвесь час, расказаў Пазняк: «Пашанцавала, што па нас не стралялі». Ён расказаў пра цяжкія ўмовы на фронце і згадаў, што «прывёз з сабой бахмуцкі кашаль». Уражанні Пазняка ад «каліноўцаў» – «як дыхнуў свежага паветра». Ён назваў ваяроў палка Каліноўскага выдатнымі людзьмі і патрыётамі, якія пайшлі ваяваць за Беларусь, прынялі «палітычнае рашэнне» рызыкаваць жыццём – 19 беларускіх ваяроў ужо загінулі. Шчыгельскі дадаў, што настойвае: «У палку Каліноўскага – эліта беларускай нацыі», бо крытэр эліты – гатовасць ахвяраваць жыццём дзеля Беларусі. Ён адзначыў, што ніколі раней беларусы не бралі трафеямі расейскія танкі, «даволі даўно не бралі ў палон маскалёў» – а каліноўцы гэта робяць. І яны, дадаў Шчыгельскі, «захоўваюць годнасць беларусаў як нацыі ў вачах украінцаў».

«Каліноўцы» не ведалі пра візіт – быў сюрпрыз і прайгранае пары. З прычынаў бяспекі паездку не анансавалі, байцы даведаліся пра сустрэчу за дзве гадзіны да яе. Кабанчук расказаў, што ў палку шмат людзей хацелі пазнаёміцца з Пазняком, што ў палку шмат ягоных прыхільнікаў, хоць людзі ёсць з рознымі поглядамі. Сам Кабанчук не чакаў, што Пазняк, Усаў і Шчыгельскі без ваганняў пагодзяцца заехаць у самую гарачую зону вайны. Шчыгельскі распавёў, як пасля сустрэчы размаўляў з байцамі на перакуры – тыя казалі, што спрачаліся, хто прыедзе першы: Пазняк ці іншыя праціўнікі апазіцыі. Спрэчка была на 500 адцісканняў, таму калі Пазняк сапраўды прыехаў, адны адразу пайшлі на сустрэчу, іншыя – спачатку на адцісканні.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў