Ціханоўская заклікала беларусаў зрабіць усё, каб засцерагчы сябе і блізкіх


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з заклікам «паклапаціцца пра сябе і родных».

Святлана Ціханоўская. Скрыншот: Белсат

«Не дазваляць сабе лішняй панікі, а выдыхнуць, прымаць рашэнні спакойна. І калі ёсць нешта, што можна зрабіць, каб засцерагчы сябе, – лепей рабіць гэта загадзя», – сказала Святлана Ціханоўская.

Паводле дэмакратычнай лідаркі, падзеі апошніх гадоў «навучылі нас рыхтавацца да горшага і заўсёды клапаціцца пра блізкіх і тых, хто пацярпеў. Мы ўбачылі, што шукаць логіку і пралічваць наступныя крокі тыранаў бессэнсоўна. Яны не кіруюцца логікаю».

«Пагаварыце з роднымі і сябрамі, абмяркуйце план дзеянняў на выпадак небяспекі. Назапасьцеся наяўнымі грашыма, лепей у валюце, а яшчэ лепей – у розных валютах. Абмяркуйце з дзецьмі правілы паводзінаў у стрэсавых сітуацыях і базавую бяспеку, можна нават правесці невялікае трэнаванне ў гульнявой форме. Даведайцеся, ці ёсць у вашым раёне памяшканні, у якіх можна схавацца ў выпадку ўдараў з паветра, вызваліце іх ад лішніх рэчаў, пакіньце там мэблю і невялікі запас кансерваў. Праверце хатнюю аптэчку, калі трэба – папоўніце яе неабходнымі сродкамі: бінты, бандажы, сродкі індывідуальнай абароны, антысептыкі, антыбіётыкі, заспакаяльныя сродкі і таблеткі для абеззаражання вады, а таксама тыя лекі, якія вам патрэбныя», – заявіла Ціханоўская.

Беларусам «як ніколі важна захаваць сябе», не дазваляць сабе застацца ў роспачы і «прымусіць адмовіцца ад страху, у які заганяе нас рэжым, а таксама думаць цвяроза». Таму, заключыла Ціханоўская, «падрыхтавацца і скласці сабе план дзеянняў на выпадак надзвычайнага здарэння ніколі не будзе лішнім».

Улады не клапоцяцца пра людзей

Прычыны такога звароту патлумачыла прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна. Яна адзначыла, што верагоднасць, што рэжым яшчэ больш уцягне Беларусь у вайну, «на жаль, абсалютна не нулявая».

«Апошнія гады беларусам даводзіцца самім клапаціцца пра сваю бяспеку і здароўе – і падчас ковіду, і падчас пратэстаў 2020, і з пачатку вайны ва Украіне. Гэтага не робяць тыя, хто робіць выгляд, што яны дзяржава, – і таму мы звяртаемся наўпрост да людзей», – сказала яна.

Больш за тое, «праз працу прапаганды не ўсе беларусы разумеюць, наколькі наша краіна ўжо зараз уцягнутая ў вайну, – людзі толькі адчуваюць, што іх жыццё становіцца горшым і небяспечным, але ад іх спрабуюць схаваць прычыну гэтага».

Hавiны
Міністр абароны Украіны: У Беларусі цяпер 12 тысяч расейскіх вайскоўцаў
2023.02.05 22:29

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што на беларускіх вайсковых базах цяпер 12 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Аднак, паводле яго, гэтай колькасці недастаткова, каб пачаць новы наступ з боку Беларусі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў