Ва Украіне сфармаваная рота з беларускіх добраахвотнікаў. Трапіць у роту даволі складана з тэрыторыі Беларусі і нават Украіны, але існуе магчымасць запісацца ў Польшчы. Пра ваяроў з Беларусі, якія змагаюцца з расейскімі захопнікамі «Белсату», распавёў беларус з Украіны Ігар Шчэкарэвіч.
На сёння ва Украіне пакуль толькі адно афіцыйнае падраздзяленне беларусаў, і гэта беларуская рота пры «Азове», кажа беларускі актывіст, які цяпер жыве ва Украіне, Ігар Шчэкарэвіч. 1 сакавіка ініцыятары заявілі пра яе стварэнне. Іншыя аб’яднанні, якія існуюць, неафіцыйныя.
«З моманту пачатку гэтай вайны, я маю на ўвазе з 2014 года, афіцыйных падраздзяленняў ва Украіне не было. Тыя ж аб’яднанні, якія існавалі, насілі неафіцыйны характар. А цяпер беларуская рота пра палку «Азоў» – можна сказаць, першае афіцыйнае аб’яднанне. 1 сакавіка быў распаўсюджаны відэазапіс Яна Мельнікава, дзе ён заявіў пра стварэнне гэтай роты», – адзначае Ігар Шчэкарэвіч.
Трапіць у роту пакуль даволі складана, кажа актывіст. Набіраюць беларусаў праз цэнтр падтрымання добраахвотнікаў у Варшаве ў Беларускім доме. Там адбываецца набор, групы маюць скаардынавана ехаць ва Украіну.
«Звычайны беларус не праедзе цяпер проста так праз мяжу. Я размаўляў з чалавекам, які не можа выехаць з мясцовасці ва Украіне, яго не прапускаюць, бо паўсюль стаяць блокпасты. Запытваюць, куды ён едзе, але не пускаюць. А блокпасты паўсюль. Я не буду раскрываць, дзе яны, але іх сапраўды шмат. І той выпадак, калі кажуць, што не прапусцяць, – гэта нават добры варыянт, бо могуць жа яшчэ і затрымаць да высвятлення абставінаў. Мы ж ведаем, на чыім баку цяпер афіцыйны Менск», – распавядае Ігар Шчэкарэвіч.
Адсюль і да беларусаў адпаведнае стаўленне, кажа актывіст. Тым не менш да добраахвотнікаў з Беларусі ставяцца добра. Вядома, што стаць са зброяй на абарону Украіны замежнікам, а тым больш беларусам сапраўды даволі складана, як і трапіць у роту. Людзі даязджаюць з вялікімі праблемамі. Тым не менш сфармавалася вайсковая адзінка.
«Агучваецца, што сфармавалі роту, я зусім не вайсковы чалавек, нават у войску не служыў, але я разумею, што гэта каля 30 беларусаў. Яны прадстаўнікі тэрытарыяльнай абароны палка, які трымае абарону каля Кіева. У сталіцы цяпер вайна, таму беларусы маюць доступ да зброі і бяруць беспасярэдні ўдзел у вайне. Я ведаю, што той жа Ян Мельнікаў браў удзел з некаторымі іншымі беларусамі ў абароне аэрапорту ў Васількове», – кажа Ігар Шчэкарэвіч.
Добраахвотнікам можа стаць любы ахвочы, але пажадана, каб чалавек быў падрыхтаваны. Большасць асобаў, якія цяпер у роце, хаваюць свае твары, але тыя, хто паказвае сябе, ваююць на баку Украіны з 2014 года. Адпаведна, яны маюць досвед:
«Было заяўлена, што яны гатовыя прыняць усіх ахвочых, але ці бяруць да сябе сапраўды кожнага, мне складана сказаць. Магчыма, у іх арганізаванае навучанне. Мне складана сказаць».
На баку Украіны ваююць таксама таксама былыя беларускія актывісты, якія з’ехалі ў Кіеў пасля пераследу з боку ўладаў Беларусі.
«Я ведаю, што Васіль Парфянкоў з моманту пачатку вайны далучыўся. Яшчэ адзін былы беларускі актывіст Аляксандр Малчанаў праходзіць службу ва Узброеных сілах Украіны і, напэўна, цяпер на вайне», – кажа Ігар Шчэкарэвіч.
З 24 лютага ідзе вайна Расеі супраць Украіны. На раніцу 2 сакавіка расейскія войскі захапілі чыгуначны вакзал і рачны порт у Херсоне. Рэшта гораду застаецца пад кантролем Украіны.
АЯ belsat.eu