«Дазваляюць развязваць наяўныя задачы». Сахашчык распавёў пра кантакты з ЗСУ і Залужным


Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык у размове з «Белсатам» пракаментаваў сваё фота з галоўнакамандуючым Збройных сілаў Украіны Валерыем Залужным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Дэталі размоваў і перамоваў з галоўнакамандуючым ЗСУ Сахашчык распавядаць адмовіўся, але адзначыў, што знаёмы з Залужным шмат гадоў – яшчэ да 2014 года.

У Валерыя Сахашчыка ёсць афіцыйныя кантакты з прадстаўнікамі ЗСУ «на ўзроўні такім, якія дазваляюць мне развязваць задачы, якія стаяць перада мною».

Што датычыць новай беларускай вайсковай часткі, якая ствараецца ва Украіне, альтэрнатыўны міністр абароны Беларусі адзначыў: яна ў стадыі камплектавання, «ўсё ў парадку». Вядзецца ў тым ліку пра забеспячэнне яе артылерыяй і выведкай. Але іншыя падрабязнасці адносна яе Сахашчык адмовіўся паведамляць.

Пракаментаваў палітык і звесткі ўкраінскіх спецслужбаў пра магчымы пачатак мабілізацыі ў Беларусі і стварэнне рэжымам Аляксандра Лукашэнкі новых фармаванняў для змагання з беларускімі добраахвотнікамі. Падрабязнасці размовы глядзіце 3 студзеня ў эфіры «Студыі «Белсат».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў