Падтрымаў ваяроў, падарыў кнігі і папіярыўся. Навошта Пазняк ездзіў да палка Каліноўскага?


Палітык Зянон Пазняк наведаў Бахмут – самую гарачую кропку на фронце ва Украіне – і сустрэўся з ваярамі палка Каліноўскага. У сацсетках прыняліся жартаваць з гэтай нагоды і гадаць, навошта ён туды паехаў. Паводле адной з версіяў – каб у хаўрусе з добраахвотнікамі стварыць новы палітычны рух. «Белсат» спытаў пра гэта намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука і палітолага Валера Карбалевіча.

Зянон Пазняк (у цэнтры) падчас паездкі да добраахвотнікаў палка Каліноўскага. Бахмут, Украіна. 30 студзеня 2023 года.
Фота: Полк Кастуся Каліноўскага / Telegram

«Бахмут ладно… Пусть попробует в Брест съездить», – жартуюць у Twitter і цікавяцца, ці ёсць у штабе палка Каліноўскага факс для камунікацыі з Зянонам Пазняком. (Гэты сродак сувязі палітык актыўна выкарыстоўваў пасля эміграцыі, дасылаючы лісты паплечнікам ды ў рэдакцыі медыяў.) Захапленне выклікаў і плашч, у якім Пазняка сфатаграфавалі ў Бахмуце.

Зянон Пазняк наведаў добраахвотнікаў палка Каліноўскага. Бахмут, Украіна. 30 студзеня 2023 года.
Фота: Полк Кастуся Каліноўскага / Telegram

Гэтыя здымкі 30 студзеня полк Каліноўскага запосціў у сваім Telegram-канале. Намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук распавёў «Белсату», што сустрэча палітыка з ваярамі планавалася яшчэ летась.

«Частка нашых хлопцаў вельмі хацела з ім паразмаўляць, пазнаёміцца. Зараз толькі атрымалася прыехаць. Мяркую, і самому Зянону Станіслававічу было цікава паглядзець сітуацыю ў нашым фармаванні. Ён пабыў багата дзе, нават на баявых пазіцыях. І гэта ж пэўны сімвалізм, калі ў самую гарачую кропку фронту прыязджае беларускі палітык такога ўзроўню».

Кабанчук прызнаецца, што скептычна ставіўся да гэтага візіту, але падчас гутаркі Пазняка з ваярамі стала відавочная ўзаемная зацікаўленасць: «Не было ніякага фальшу».

«Пытанні задавалі і гістарычныя, пра тыя часы, калі некаторыя нашыя байцы нават не нарадзіліся, пра 90-е, запачаткаванне незалежнасці Беларусі. Таксама былі пытанні пра цяперашняе палітычнае жыццё, пра ягонае стаўленне да пэўных структураў ці палітыкаў», – распавёў суразмоўца «Белсату».

Ён нагадаў, што раней рух Пазняка «Вольная Беларусь» перадаў ваярам дрон, а гэтым разам палітык прывёз «кніжкі з аўтографамі».

Новы рух на чале з Пазняком

Вадзім Кабанчук сцвярджае, што кіраўніцтва палка не абмяркоўвала з Зянонам Пазняком стварэнне нейкай аб’яднанай палітычнай структуры. Кажа, пакуль не да гэтага.

«Фактычна супраца з ім ужо ідзе, але б я не сказаў, што гэта такі палітычны ўзровень. Мы ваюем ва Украіне, мы – частка ЗСУ. Для нас пакуль палітычны складнік недзе там, нават не на другім – не ведаю, на якім месцы. Найперш у нас пытанні функцыянавання нашага фармавання, здабыча новых магчымасцяў для разбудовы вайсковай адзінкі. Усе палітычныя сілы, што ў гэтым дапамагаюць, мы вітаем, лічым сваімі хаўруснікамі».

Зянон Пазняк падчас сустрэчы з ваярамі палка Каліноўскага. Бахмут, Украіна. 30 студзеня 2023 года.
Фота: «Зеркало» / Telegram

Кабанчук заўважыў: «Тых рухаў ужо хопіць ствараць. Навошта нам пладзіць нейкія абрэвіятуры?» Пры гэтым ён заявіў, што ва Украіне мусіць з’явіцца нейкі палітычны ці вайскова-палітычны суб’ект, які будзе спрыяць развіццю палка і ягонаму забеспячэнню.

«Мы разумеем, што тымі сіламі, што мы маем зараз, цяжка будзе ўплываць на сітуацыю ў Беларусі. У гэтым кірунку мы працу праводзім, але пакуль рана казаць, што гэта будзе нейкі новы рух».

«Альянс цалкам зразумелы»

Палітолаг Валер Карбалевіч у каментары «Белсату» адзначыў, што хаўрус палка Каліноўскага з Пазняком – лагічны і зразумелы. Паводле ягонага меркавання, і кіраўніцтва ваяроў, і палітык канкуруюць з камандай абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, на гэтым тле акурат можа атрымацца альянс, хай сабе і сімвалічны.

«Сёння мы назіраем узмацненне канкурэнцыі за ролю асноўных цэнтраў беларускай апазіцыйнай эміграцыі. І сам полк Каліноўскага прэтэндуе на палітычную ролю, і каманда Пазняка рэзка аспрэчвае ролю Ціханоўскай, лічыць яе расейскім праектам. Цалкам зразумела, калі гэтыя цэнтры, якія супрацьстаяць Ціханоўскай, спрабуюць аб’яднацца».

Сустрэча Зянона Пазняка з беларусамі і ўкраінцамі ў Кіеве, Украіна. 25 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Карбалевіч пры гэтым не верыць, што полк Каліноўскага пасля магчымага аб’ядання з Пазняком пойдзе вызваляць Беларусь. Цалкам размовы пра тое, што добраахвотнікі «зрынуць рэжым», палітолаг называе фантазіямі ды ўтопіяй.

«Полк – фармаванне ЗСУ, ён падпарадкоўваецца вайсковаму і палітычнаму кіраўніцтву Украіны. І таму без іхнага дазволу полк нікуды ў прынцыпе пайсці не можа. А ўявіць сабе, што паводле загаду кіраўніцтва Украіны полк пойдзе вайною на Беларусь, – гэта можна будзе назваць вайною Украіны супраць Беларусі з усімі наступствамі, у тым ліку і для міжнароднай рэпутацыі Украіны».

Суразмоўца «Белсату» заўважыў, што адначасова пагроза каліноўцамі пужае Аляксандра Лукашэнку, які не раз пра гэта згадваў.

«У страха вочы вялізныя, гэтыя пужалкі ў пэўным сэнсе працуюць, працуюць і ў плане ўзмацнення рэпрэсіяў: колькасць асобаў, абвешчаных «тэрарыстамі-экстрэмістамі», павялічваецца, і ў пэўным сэнсе гэта звязана са страхамі, што вось-вось пачнецца наступ палка Каліноўскага, таму трэба нейтралізаваць «пятую калону» ўнутры краіны», – мяркуе Карбалевіч.

«Піяр – гэта нармалёва»

Валер Карбалевіч не сумняваецца, што паездка Пазняка на фронт – піяр-акцыя, спроба палепшыць імідж і ўзмацніць свае палітычныя пазіцыі. І ў гэтым няма нічога дзіўнага.

«Паездка ва Украіну сёння – станоўчы вобраз для любога палітыка, які выступае з пазіцыі дэмакратыі, абароны правоў асобы, супраць расейскіх імперскіх замашак. Зянон Пазняк – у гэтым трэндзе. Ён таксама захацеў паехаць і прадэманстраваць падтрымку беларускім добраахвотнікам».

Аналітык звярнуў увагу, што гэтак жа робяць заходнія палітыкі, якія часта прыязджаюць у Кіеў і дэманструюць сваім выбарнікам падтрыманне Украіны.

ВІДЭА
Як беларускія добраахвотнікі абараняюць Бахмут
2023.01.06 18:50

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў