У Беларусі мяняюць палітычную сістэму? Будзе таталітарызм? Што значыць шэраг новых законаў


Цягам апошніх двух месяцаў улады Беларусі прынялі шэраг законаў пра палітычную сістэму і шэраг «каляпалітычных» законаў, у чарзе – яшчэ шмат законапраектаў і ідэяў. «Белсат» спытаў палітолагаў, што гэтыя змены значаць у суме.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка падчас параду да Дня Перамогі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2020 года.
Фота: President.gov.by

Што ўжо прынялі

У лютым 2023 года ў Беларусі змяніліся некалькі законаў, наўпрост звязаных з палітычнаю сістэмаю.

7 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон аб Усебеларускім народным сходзе. 14 лютага падпісаў Закон аб асновах грамадзянскай супольнасці і закон, які ўносіў змены ў ранейшыя законы, звязаныя з палітычнымі партыямі, 16 лютага падпісаў змены ў Выбарчы кодэкс.

Акрамя таго, шэраг новых законаў ускосна звязаныя з палітычнаю сістэмаю.

5 студзеня Лукашэнка падпісаў папраўкі ў Закон аб грамадзянстве, якія дазваляюць пазбаўляць палітычных апанентаў грамадзянства, набытага пры нараджэнні, хоць гэта супярэчыць Канстытуцыі.

6 лютага Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі ў вяртанні палітычных эмігрантаў – у гэтую камісію ўвайшлі датычныя да рэпрэсіяў сілавікі і адыёзныя прапагандысты.

16 лютага Лукашэнка падпісаў указ (PDF) аб нагрудным знаку «Дзяржаўная служба»: з тэксту вынікае, што дзяржаўныя службоўцы цяпер абавязаныя насіць адпаведны чырвона-зялёны значок на грудзях.

Таксама ў студзені ў Беларусі легалізавалі «паралельны імпарт» і «пірацтва» інтэлектуальнай уласнасці, а дзецям сілавікоў далі права паступаць на вайсковыя факультэты без конкурсу. У лютым заснавалі (PDF) Нацыянальны цэнтр кібербяспекі і дазволілі вайскоўцам бясплатна атрымліваць арэнднае жытло за шматгадовую выслугу…

На дадатак да гэтага праўладнае аб’яднанне «Белая Русь», утворанае яшчэ 15 гадоў таму, пастанавіла ператварыцца ў праўладную палітычную партыю. Дасюль у Беларусі фармальна не было «партыі ўлады», а большасць дэпутатаў былі фармальна беспартыйныя.

Аналітыка
Новыя элементы таталітарнай сістэмы, якія яе не ўратуюць. Як у Беларусі ўзяліся за партыі
2023.02.13 08:39

Што яшчэ задумалі

На момант публікацыі чакаюць подпісу Лукашэнкі змены ў розныя кодэксы, звязаныя з крымінальнай адказнасцю. У іх кантэксце старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель казаў пра смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве і пакаранне за прапаганду тэрарызму. Церцель у гэтым кантэксце звязваў з тэрарызмам дзейнасць Рабочага руху: забастоўкі, спыненні вытворчасці, заклікі да санкцыяў. Таксама ў Крымінальны кодэкс маюць унесці дыскрэдытацыю Узброеных сілаў: такое ўжо ёсць у Расеі, дзе могуць пакараць за любыя звесткі пра вайну, адрозныя ад афіцыйнай версіі, і нават за само слова «вайна».

Таксама на стадыі законапраекту – «народнае апалчэнне», добраахвотныя ўзброеныя атрады «для абароны грамадскага парадку, для барацьбы з бандытызмам на месцах, спынення марадзёрства, барацьбы з дыверсійна-выведнымі групамі».

На разглядзе і законапраект, які дазволіць ва ўстановах адукацыі дзейнасць вызначаных уладамі палітычных аб’яднанняў, і законапраект, які спросціць змяшчэнне ў «лекавальна-працоўныя прафілакторыі» (гібрыды рэабілітацыйнага цэнтру і турмы, дзе «рэабілітуюць» прымусоваю працай у нялюдскіх умовах).

А на стадыі ідэяў, яшчэ не аформленых у законапраекты, – забарона прапаганды ЛГБТ, абарона маёмасці пракурорскіх працаўнікоў і вызначэнне прафесійнай прыдатнасці кандыдатаў на службу ў пракурорскіх органах, а таксама штосьці новае, што не спадабаецца індывідуальным прадпрымальнікам (апошняе – без канкрэтыкі).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка падчас «урачыстага рытуалу ўшанавання дзяржаўных сцяга і герба». Менск, Беларусь. 9 траўня 2021 года.
Фота: President.gov.by

Гэта рыхтаванне да будучых пратэстаў?

Даследніца Цэнтру новых ідэяў, палітолаг Леся Руднік называе «Белсату» чатыры магчымыя тлумачэнні новых законаў.

1. Абарона аўтарытарызму праз пазбаўленне апанентаў законных інструментаў палітычнага функцыянавання.

2. Замацаванне ўнутранай легітымнасці перад сваімі прыхільнікамі, найперш – абгрунтаванне неабходнасці рэпрэсіяў.

3. Спроба абгрунтаваць рэпрэсіі дзеля вонкавай легітымацыі на выпадак будучай камунікацыі з Захадам.

4. Сінхранізацыя з расейскаю заканадаўчаю сістэмай у межах інтэграцыі.

Агулам, кажа адмыслоўца, новыя законы скіраваныя на абарону сістэмы перад магчымаю наступнай актывізацыяй супраціву.

«Да 2020 года апазіцыя не так актыўна апелявала да законаў, – заўважае Руднік. – Але калі ўспомніць кампанію 2020 года, падкрэслены намер дзеяць выключна паводле закону, вера ў тое, што «законы нармальныя, проста яны парушаюцца ўладамі», гучаў ад лідараў палітычнай кампаніі. Таму цяпер, калі пікавы супраціў сціх, ва ўладаў з’явіўся час на тое, каб падрыхтаваць палітычную сістэму перад наступнаю хваляй.

Усё ж хаатычна здушваць усю актыўнасць – неэфектыўна. Танней узмацніць сістэму праз прэвентыўныя законы».

Законы могуць быць патрэбныя не толькі супраць апазіцыі, але і дзеля легітымацыі, дадае Руднік. Сваім прыхільнікам улады таксама мусяць тлумачыць, чаму прымаюцца тыя ці іншыя рашэнні. І пры пэўных абставінах Захад можа пайсці на наладжванне сувязяў з Лукашэнкам: калі такое здарыцца, «нашмат лягчэй абгрунтоўваць рэпрэсіі праз нацыянальныя законы, чым проста праз жаданні аднаго чалавека».

«Не выключаны таксама і варыянт сінхранізацыі заканадаўчай сістэмы з Расеяй, дзе ўлады выбіраюць рэпрэсаваць з як мага большай апорай на законы», – дапускае экспертка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на беларуска-расейскіх вайсковых вучэннях «Саюзная рашучасць». Пад выглядам вучэнняў тады Расея рыхтавала напад на Украіну. Палігон «Асіповіцкі», Беларусь. 16 лютага 2022 года.
Фота: President.gov.by

Не толькі пратэсты, але і вайна ва Украіне?

Дырэктар інстытуту «Палітычная сфера», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч кажа «Белсату», што бачыць два напрамкі заканадаўчай думкі.

Палітолаг таксама кажа пра тое, што ўладам трэба адказаць на палітычны крызіс, што трывае пасля выбараў-2020. Змяншаць уплыў людзей, сацыяльных групаў, інстытутаў па-за межамі беспасярэдняга дзяржаўнага кантролю. Гэта, заўважае ён, фактычна адкрыта дэкларуецца ўладамі: канкурэнтнай палітыкі не будзе, а легальна змогуць браць удзел у палітыцы толькі лаяльныя арганізацыі.

Але важнаю прычынаю цяперашніх і планаваных зменаў заканадаўства Казакевіч называе таксама новыя выклікі, звязаныя з поўнамаштабнаю вайною ва Украіне – суўдзелам Беларусі ў расейскім нападзе.

У ліку гэтых выклікаў Казакевіч называе з’яўленне ўзброеных групаў беларусаў, якія дэкларуюць неабходнасць змены ўлады ў Беларусі; напружаную сітуацыю на мяжы з Украінаю; рост расейскага ўплыву ў Беларусі і магчымае далейшае ўцягванне Беларусі ў вайну; глыбокі канфлікт з Захадам і заходнія санкцыі.

Гэта сыход у таталітарызм?

Калі яшчэ разглядаліся змены ў законы аб палітычных партыях і грамадскіх арганізацыях, палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі звяртаў увагу на фармулёўку пра абавязак выконваць «асноўныя напрамкі ўнутранай і вонкавай палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, зацверджаныя Усебеларускім народным сходам». Гэта, казаў Класкоўскі, «робіць непатрэбным існаванне партыяў», а прапанова альтэрнатыўнага палітычнага курсу «ўзводзіцца ў ранг крыміналу».

З такою фармулёўкай і прынялі закон. Ці значыць гэта, што Лукашэнка хоча  перайсці да таталітарызму – усталяваць кантроль усіх грамадскіх працэсаў і поглядаў грамадзянаў?

«Я б не казаў, што тут таталітарная сістэма. Калі дакладна вызначаць гэты панятак, таталітарызм якраз не будуецца, – тлумачыць Казакевіч. – Хутчэй мы можам казаць пра ўзмацненне персаналісцкага рэжыму.

Калі да 2020 года былі нейкія прасторы, дзе прынамсі імітавалася нейкая канкурэнцыя, нейкія дэмакратычныя правілы, дзяржава прынамсі пакідала кішэні, дзе гэта магло развівацца, то цяпер прынята рашэнне ўсё гэта зачысціць. Хаця, канечне, да ўсталявання татальнага кантролю над грамадствам яшчэ вельмі-вельмі далёка. Мы бачым, што нават усталяванне кантролю ўласна над палітычнаю прасторай даецца з вялікімі цяжкасцямі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка выступае перад шостым Усебеларускім народным сходам. Менск, Беларусь. 10 лютага 2021 года.
Фота: President.gov.by

З усіх згаданых вышэй законаў Казакевічу найбольш цікавы Закон аб Усебеларускім народным сходзе: ён дае разуменне кірунку, у якім будзе развівацца палітычная сістэма, калі не здарацца вонкавыя шокі. Калі толькі з’явілася ідэя стварыць са сходу дадатковы цэнтр улады, падыходы былі розныя. Цяпер ясна, што перамог падыход «даць сур’ёзныя паўнамоцтвы», а не падыход да «сходу» як да «дэкаратыўнага органу».

Але «сход», як відаць з закону, будзе фактычна пад поўным кантролем выканаўчых структураў: дэлегаты прызначаюцца наўпрост Лукашэнкам, выканаўчаю вертыкаллю або прызначаюцца такімі прызначэнцамі Лукашэнкі і вертыкалі.

«Гэта значыць, што, па вялікім рахунку, нейкім новым органам ці цэнтрам улады ён не стане, – прагназуе Казакевіч лёс УНС. – Не будзе мець нейкай сваёй унутранай легітымнасці, якая прынамсі часткова магла б ісці ад грамадзянаў. Гэта будзе орган, які будзе кантралявацца тымі ж людзьмі, якія цяпер кантралююць асноўныя рычагі ўлады».

З гэтага прыкладу Казакевіч пераходзіць да высновы: гэта не схема транзіту ўлады, не пераразмеркаванне ўлады, не стварэнне «калектыўнага Лукашэнкі», а кансервацыя той сістэмы, якая ўжо была. Уся ўлада канцэнтруецца ў руках таго, хто займае пасаду прэзідэнта.

Каментар
Выбары-2024: улады Беларусі ўжо іх плануюць, а чаго чакаць беларусам? Тлумачыць Класкоўскі
2023.02.03 19:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў