Новыя элементы таталітарнай сістэмы, якія яе не ўратуюць. Як у Беларусі ўзяліся за партыі


Партыйную сістэму Беларусі чакае вялікае ўзварушванне. Адныя партыі абавяжуць перарэгістравацца і, відаць, пасля ліквідуюць. Іншыя ж – праўладныя – наадварот, утвораць, дадаўшы чарговы элемент да таталітарызму, што фармуецца ў Беларусі. Чаго чакаць партыям і партыйцам – у матэрыяле «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Ад манаполіі да плюралізму і назад

У БССР усе альтэрнатыўныя партыі былі зліквідаваныя яшчэ ў 1920-я гады. І амаль 70 гадоў у краіне была толькі адна партыя – Камуністычная, мясцовы філіял Кампартыі Савецкага Саюзу. Пры гэтым яе кіроўная роля была наўпрост упісаная ў Канстытуцыю:

«Кіроўнай і кіравальнаю сілаю савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацыяў ёсць Камуністычная партыя Савецкага Саюзу. <…> Камуністычная партыя вызначае генеральную перспектыву развіцця грамадства, лінію ўнутранай і вонкавай палітыкі СССР».

Але з пачаткам перабудовы манаполія КПБ у Беларусі была падарваная. Першай альтэрнатыўнай афіцыйна зарэгістраванай партыяй у БССР стала Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў улетку 1990 года. Агулам на 1994 год у Беларусі дзеяла ўжо 21 партыя. Дзейнасць самой Кампартыі, дарэчы, у жніўні 1991-га прыпынілі з прычыны путчу ГКЧП.

Але пасля першых прэзідэнцкіх выбараў гайкі партыйнай вольнасці ў Беларусі пачалі закручваць. Спачатку мінімальны парог для рэгістрацыі партыі ўзнялі са 100 да 500 чальцоў, а затым і ўвогуле – да 1000. Таксама ў 1999 годзе перарэгістравалі партыі, у выніку чаго з 28 засталіся толькі 17. Але і з іх дзве – Беларускую партыю працы і Беларускую партыю жанчын «Надзея» – зліквідаваў Вярхоўны Суд у 2004 і 2007 гадах.

Таксама была фактычна забароненая рэгістрацыя новых партыяў. Апошняю рэгістрацыю, у 2000 годзе, атрымала Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ Зянона Пазняка. Больш з таго часу ў Беларусі нікога не рэгістравалі. Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, напрыклад, адмовілі сем разоў.

Агулам на сёння ў Беларусі зарэгістраваныя 15 партыяў, палітычная роля якіх пры Лукашэнку ўвесь час падала. Калі ў 1995 годзе ў Вярхоўным Савеце партыйнымі былі дзве траціны дэпутатаў, то цяпер у Палаце прадстаўнікоў – менш як 20 %. Вядома, усе яны праўладныя.

Нелаяльныя нават сярод лаяльных

У верасні 2020 года 10 з 15 партыяў Беларусі выступілі з супольнаю заяваю супраць гвалту і за новыя прэзідэнцкія выбары. Падпісалі зварот як апазіцыйныя (Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» і Партыя БНФ), так і праўладныя (Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лідары апазіцыйных партыяў абвясцілі стварэнне новай платформы ў якасці асновы для супольнай дзейнасці. Менск, Беларусь. 29 чэрвеня 2011 года.
Фота: AP Photo / Sergei Grits / East News

«У краіне быў палітычны крызіс, і ў самы крытычны момант хісталіся ўсе. Хісталіся палітычныя структуры, якія дасюль выяўляліся лаяльнымі. І ў асяроддзі праўладных арганізацыяў былі хістанні, і ў прафсаюзах. Пэўныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў хісталіся. На гэтым тле тое, што некаторыя партыі таксама пачалі выступаць за дыялог, – гэта адлюстраванне тых настрояў, якія існавалі ў краіне», – адзначыў у каментары «Белсату» палітолаг Валер Карбалевіч.

Не падтрымалі звароту толькі пяць партыяў: апазіцыйная КХП БНФ і праўладныя Беларуская аграрная партыя, Беларуская патрыятычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі і Ліберальна-дэмакратычная партыя.

Яшчэ ў верасні 2020 года Лукашэнка даручыў перарэгістраваць партыі. Сваё патрабаванне ён паўтарыў і ў лютым 2021-га, загадаўшы зрабіць тое цягам паўгоддзя. Але толькі 30 студзеня 2023-га Савет Рэспублікі зацвердзіў адпаведныя змены. Дасюль закону не падпісалі.

Ліквідаваць! Нельга пакінуць

Законапраект прадугледжвае, сярод іншага, павелічэнне ў пяць разоў мінімальнага парогу колькасці чальцоў для стварэння палітычнай партыі – да 5000, неабходнасць наяўнасці арганізацыйных структураў у кожнай вобласці і Менску. Таксама, як адзначыў старшыня партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, уведзеныя пазаканстытуцыйныя абмежаванні правоў грамадзянаў, якія жывуць за межамі Беларусі, быць у партыях і фінансаваць іх, хоць артыкул 36 Канстытуцыі дае кожнаму «права на свабоду абʼяднанняў».

Як паведаміў 3 лютага міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, перарэгістрацыя партыяў пачнецца «найбліжэйшым часам», пасля таго, як законапраект падпіша Лукашэнка. Прадстаўнікі апазіцыйных партыяў мяркуюць, што ў выніку іх зліквідуюць. Выканальнік абавязкаў старшыні АГП Уладзімір Шанцаў заявіў, што іншых варыянтаў, акрамя ліквідацыі, для партыі не будзе:

«Не зможам выканаць тых новых умоваў, якія будуць рэгламентаваць дзейнасць партыяў. Напрыклад, цяпер у АГП каля 3500 чальцоў партыі, а ў будучыні мінімальны колькасны парог для стварэння партыі – 5000 чалавек. Я рэаліст, а таму дакладна кажу: у сённяшніх умовах такую колькасць сябраў партыі мы не збяром і перарэгістрацыі не пройдзем».

Дый сам Лукашэнка казаў, што ў краіне мусяць застацца толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае вызначанай рэжымам стратэгіі, каб не было «турбулентнасці грамадства».

Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.
Фота: Белсат

«Гэта ўвогуле робіць непатрэбным існаванне партыяў, – распавёў «Белсату» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. – Яны ў нармальных дэмакратычных краінах ствараюцца дзеля барацьбы за ўладу, прапануюць альтэрнатыўны палітычны курс. А тут гэта адразу ўзводзіцца ў ранг крыміналу, дае сілавікам легальныя падставы для пераследу».

Пры гэтым Валер Карбалевіч выказаў здзіўленне, што партыі ў Беларусі дажылі да сёння, хоць усе іншыя структуры грамадзянскай супольнасці даўно зліквідаваныя. Пагатоў і сам Лукашэнка яшчэ ў 2021 годзе пагражаў «выразаць усіх мярзотнікаў».

«Сёння ў Беларусі любыя не залежныя ад дзяржавы структуры ліквідуюцца. Гэта ўстаноўка, гэта трэнд. Гэта элемент таталітарнай сістэмы, якая фармуецца ў Беларусі. Таму на гэтым тле існаванне апазіцыйных партыяў проста не прадугледжанае», – падкрэсліў палітолаг.

Усе роўныя, але некаторыя раўнейшыя

Тым часам 7 лютага ў Менску адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэту партыі «Белая Русь». Старшыня грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алег Раманаў заявіў, што «партыя будуецца з нуля», а не ператвараецца з існай арганізацыі.

Раманаў патлумачыў патрэбу ў партыі «ўзрослаю сталасцю грамадзянскай супольнасці, людзі адчулі неабходнасць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці». Таксама «Белая Русь» будзе «суб’ектам адказу на жорсткія выклікі, кінутыя нашай краіне». Ён анансаваў стварэнне партыі да канца вясны і ўдзел яе чальцоў у выбарах.

«Белая Русь» не ўпершыню збіраецца стацца партыяй. Яшчэ ў 2011 годзе спікер Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў заявіў, што «пытанне трансфармацыі грамадскага абʼяднання «Белая Русь» у палітычную партыю наспела знутры». Але з таго часу падобныя заявы так і не рэалізаваныя. А ў жніўні 2022 года Лукашэнка казаў, што спяшацца са стварэннем праўладнай партыі не трэба.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Намёт арганізацыі «Белая Русь» і стэнд з надпісам «Менск – гэта мы» ў Парку Перамогі. Менск, Беларусь. 10 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

На думку Валера Карбалевіча, цяпер партыя з «Белай Русі» ўсё ж будзе створаная, бо «без згоды Лукашэнкі такія ўпэўненыя заявы не гучалі б».

«У Беларусі ўсе важныя рашэнні прымае адзін чалавек. І калі вельмі ўпэўнена гаворыцца аб стварэнні гэтай партыі, то гэта значыць, атрыманая згода ад Аляксандра Лукашэнкі. І менавіта ён вызначае патрэбу любой палітычнай структуры ў Беларусі. Таму гэта ягонае рашэнне. І тут не можа быць ніякіх іншых трактовак», – сказаў палітолаг.

Таталітарызм з некалькімі партыямі

Валер Карбалевіч адзначыў, што стварэнне адной праўладнай партыі на падставе «Белай Русі» зусім не азначае, што будуць ліквідаваныя іншыя праўладныя. Ён нагадаў, што ёсць прыклады таталітарных сістэмаў, дзе існуюць некалькі партыяў: напрыклад, камуністычныя ГДР, Польшча ці Кітай.

«Таму існаванне таталітарнай сістэмы з некалькіх праўладных партыяў – гэта не такі ўжо рэдкі выпадак», – заявіў палітолаг.

Дый галоўны рэдактар «Минского курьера» Кірыл Казакоў заявіў, што пасля перарэгістрацыі застануцца 3-4 палітычныя партыі: цэнтрысцкая «Белая Русь», правыя ліберал-дэмакраты і левыя камуністы.

«Мы на мінулым тыдні абмяркоўвалі гэтую гісторыю з сенатарам Алегам Дзячэнкам і гаварылі пра тое, колькі партыяў можа застацца пасля перарэгістрацыі. І ён казаў, што, можа, 3-4. То бок камуністы, ліберал-дэмакраты Гайдукевіча і цэнтрысты з «Белай Русі». І, па сутнасці, мы пакрываем усю палітру палітычных плыняў», – сказаў прапагандыст.

З гэтых партыяў, адзначыў Валер Карбалевіч, менавіта «Белая Русь» прапануецца на партыю ўлады. Агулам жа мае атрымацца мадэль, падобная да расейскай, дзе «Единая Россия» ёсць праўладнаю партыяй, і асноўныя пасады займаюць яе чальцы.

«І любы чыноўнік, які хоча заняць пасаду, павінен будзе ўступіць у гэтую партыю. Гэта такі дадатковы фільтр. Дадатковы механізм лаяльнасці», – сказаў палітолаг.

Партыя рэжыму не ўратуе

Тым не менш, мяркуе Валер Карбалевіч, абвешчаныя змены ў партыйнай палітыцы мала ўплываюць на моц рэжыму, бо хоць не аслабляюць яго, але і не ўмацоўваюць:

«Я думаю, што гэта перастаноўкі ў рамках самога рэжыму, якія мала на што ўплываюць у плане моцы гэтага рэжыму. Не думаю, што калі будзе створаная кіроўная партыя, то яна ўратуе палітычны рэжым ва ўмовах палітычнага крызісу».

Гэтак, у КПСС у 1989 годзе было каля 20 мільёнаў чальцоў, «і ніхто не выйшаў абараніць яе».

«Таму не думаю, што ў момант крызісу гэтыя чальцы партыі, якіх у яе будуць гвалтам заганяць, будуць яе надта абараняць», – мяркуе палітолаг.

Паводле Валера Карбалевіча, кіроўная партыя – «гэта вельмі хісткая апора, якая наўрад ці надасць дадатковую моц гэтаму рэжыму».

Эксперт адзначыў, што і ў жніўні 2020 года «кудысьці падзеліся» ўсе праўладныя арганізацыі, уключаючы «Белую Русь», БРСМ і прафсаюзы. У выніку чаго Лукашэнку даводзілася абапірацца толькі на сілавікоў. І нават праўладныя мітынгі арганізоўвалі не грамадскія арганізацыі, а дзяржаўныя структуры. Паўтарэння такой сітуацыі палітолаг не выключае і ў выпадку партыі «Белая Русь».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў