Дзве «Белыя Русі». Праўладнае грамадскае аб’яданне стварае новую партыю


У Менску зладзілі пасяджэнне арганізацыйнага камітэту аб стварэнні палітычнай партыі «Белая Русь», перадае БелТА. Гэта будзе не рэарганізацыя праўладнага аб’яднання – у краіне будуць дзве структуры з аднолькавай назвай. Партыя мусіць з’явіцца да лета.

Караоке-батл «Белая Русь» – спявае Беларусь!». Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Пасяджэнне арганізацыйнага камітэту аб стварэнні палітычнай партыі «Белая Русь» зладзілі ў Нацыянальнай бібліятэцы. У складзе камітэту – «прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, кіраўнікі буйных грамадскіх аб’яднанняў», піша агенцтва БелТА.

Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алег Раманаў заявіў, што «партыя будуецца з нуля»:

«Мы не пераўтвараем грамадскага аб’яднання «Белая Русь», яно застаецца ў палітычнай і грамадскай прасторы краіны. Новая партыя будзе самастойнай сілай, накіраванай на развязанне тых вострых праблемаў, якія стаяць перад нашым грамадствам і ў цэлым у свеце».

Раманаў сказаў, што патрэба ў новай партыі тлумачыцца «ўзрослай сталасцю грамадзянскай супольнасці, людзі адчулі неабходнасць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці». Таксама «Белая Русь» будзе «суб’ектам адказу на жорсткія выклікі, кінутыя нашай краіне».

«У свеце ідзе вайна. І для таго каб Беларусь была выспай стабільнасці, росквіту і поспеху, мы мусім прыкладаць вельмі сурʼёзныя намаганні. Наша партыя будзе адной з такіх сілаў, якая зможа генераваць адказы на выклікі, якія неабходна развязваць у нашай краіне», – заявіў прадстаўнік «Белай Русі».

Ён анансаваў фармальнае стварэнне партыі да канца вясны і адзначыў, што сябры партыі будуць удзельнічаць у выбарах.

Летась у жніўні Аляксандр Лукашэнка казаў, што спяшацца са стварэннем праўладнай партыі не трэба: «Трэба саспець, падысці ў спакойным рытме». Тады ж ён не выключыў, што «пытанне паўстане» пасля ўхвалення Закону аб палітычных партыях.

Гэты нарматыўна-прававы дакумент ужо прынялі абедзве палаты парламенту. Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка на мінулым тыдні заявіў, што «найбліжэйшым часам» пачнецца перарэгістрацыя партыяў. Фактычна працэдура пераўтворыцца ў закрыццё шмат якіх апазіцыйных арганізацыяў. У прыватнасці, у Аб’яднанай грамадзянскай партыі адзначылі, што ў іх іншага варыянту, акрамя ліквідацыі, не будзе.

Hавiны
Ліквідацыю партыяў у Беларусі пачнуць у «найбліжэйшы час»
2023.02.03 13:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў