Аб'яднаную грамадзянскую партыю будуць ліквідаваць


Выканальнік абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзімір Шанцаў заявіў, што пасля ўвядзення новага заканадаўства іншых варыянтаў, акрамя ліквідацыі, для партыі не будзе. Пра гэта піша «Народная воля».

Лідар АГП Мікалай Казлоў.
Фота: Объединенная Гражданская Партия / Facebook

«Давядзецца ліквідаваць, бо не зможам выканаць тыя новыя ўмовы, якія будуць рэгламентаваць дзейнасць партыяў [пасля змены адпаведнага заканадаўства. – Заўв. belsat.eu]. Напрыклад, зараз у АГП каля 3500 чальцоў партыі, а ў будучыні мінімальны колькасны парог для стварэння партыі – 5 тысяч чалавек. Я рэаліст, а таму дакладна кажу: у сённяшніх умовах такую колькасць сябраў партыі мы не збяром і перарэгістрацыі не пройдзем. У такім выпадку які выхад? Толькі адзін – ліквідацыя», – кажа Уладзімір Шанцаў.

У Менску 6 лістапада 2022 года адбыўся з’езд АГП, на якім быў абраны новы склад палітычнай рады і Нацыянальнага камітэту, а палітвязня Мікалая Казлова перавыбралі на пасаду старшыні.

Мікалай Казлоў узначальвае партыю з 24 верасня 2018 года, да таго два гады ён быў намеснікам старшыні. У канцы лета 2021 года яго асудзілі на тры месяцы арышту за «разгалошванне звестак» крымінальнай справы супраць Каардынацыйнай рады, ён цалкам адбыў тэрмін. 27 ліпеня 2022 года Мікалая Казлова зноў затрымалі за «ўдзел у масавых беспарадках» – мірных пратэстах 2020 года.

3 лістапада 2022 года яго асудзілі на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. На тым жа судзе лідарку менскай арганізацыі партыі Аксану Аляксееву асудзілі на 1,5 года калоніі, юрыстку Антаніну Кавалёву – на 1 год. Усе прызнаныя палітвязнямі. Агулам у няволі 12 сябраў партыі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў