Выбары-2024: улады Беларусі ўжо іх плануюць, а чаго чакаць беларусам? Тлумачыць Класкоўскі


25 лютага 2024 года ў Беларусі маюць правесці адзіны дзень галасавання: выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Ужо ў бліжэйшы месяц чакаюць, што Аляксандр Лукашэнка падпіша абноўлены Выбарчы кодэкс. 

Пра тое, чаго чакаць ад гэтых выбараў беларусам, «Белсату» расказаў палітычны аналітык @pozirkonline  Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Выбары паспрабуюць правесці максімальна ціха

Класкоўскі прадказвае: у 2024 годзе беларускія ўлады захочуць «не баламуціць электарат» і правесці выбары як мага больш незаўважна. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваў свае фобіі наконт палітызацыі насельніцтва выбарамі: нават шкадаваў, што ў Канстытуцыі не прапісалі выбары прэзідэнта праз Усебеларускі сход. Зноў перарабляць Канстытуцыю наўрад ці стануць, разважае аналітык, але лінія на «прыглушанасць» выбараў будзе вытрымлівацца.

Назіральнікі на шматлікіх мінулых выбарах адзначалі, што выбарнікаў усяляк заганяюць на датэрміновае галасаванне. Але ў праекце абноўленага Выбарчага кодэксу – скасаванне мінімальнай яўкі для таго, каб выбары ў Палату прадстаўнікоў прызналі сапраўднымі.

«Гэта не выключае таго, што будзе выкарыстоўвацца так званы добраахвотна-прымусовы метад забеспячэння яўкі, – дадае Класкоўскі. – Гэты механізм ужо добра адпрацаваны, ён і раней дзейнічаў даволі эфектыўна».

Ён тлумачыць: Беларусь з кожнай кампаніяй падвышала адсотак датэрміновага галасавання, а апазіцыя заўжды падкрэслівала, што датэрміновае галасаванне дае самыя спрыяльныя магчымасці для фальшавання галасоў, бо ніхто не бачыць, што ўначы робіцца са скрынямі для галасавання. Планку яўкі здымаюць, але ўладам усё роўна трэба паказваць падтрымку кіроўнай лініі. І чым меней трэба прыпісваць няісных галасоў, тым лягчэй псіхалагічна для чальцоў камісіі. Да таго ж, 2020 год паказаў: калі фальсіфікацыі зусім відавочныя і абуральныя, можа адбыцца палітычны выбух.

Чакаць «адлігі» пад выбары не выпадае

Пасля 2020 года Лукашэнка паралізаваў палітычную актыўнасць, канстатуе Класкоўскі. Нават пасіўны супраціў выбарнікаў праблематычны: калі супрацоўнік прадпрыемства пачне адмаўляцца ісці на датэрміновае галасаванне, яго могуць і ў «экстрэмісты» запісаць. І змякчэння рэпрэсіяў пад выбары не варта чакаць.

«Адлігі, я думаю, дакладна не будзе, таму што Лукашэнка раней казаў ужо, што наеўся гэтай дэмакратыі, – прагназуе Класкоўскі. – Ён зразумеў, што шмат у чым грунт для пратэстаў 2020 года стварыла тая адносная адліга, што была пачынаючы з 2016 года, калі ён спрабаваў чарговы раз наладзіць дачыненні з Захадам, калі пэўны абсяг быў адкрыты для культурніцкіх і грамадскіх ініцыятываў».

У прамовах Лукашэнкі аналітык адчувае: траўма 2020 года не дае жыць спакойна, Лукашэнка ўвесь час цвердзіць, што нельга расслабляцца, бо «экстрэмісты не дрэмлюць» і выношваюць нейкія планы. Рэпрэсіі будуць доўжыцца, лічыць Класкоўскі, а ўлады будуць падтрымліваць узровень страху, тэрору.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ля аднаго з участкаў для галасавання на «рэферэндуме. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: чытачы «Белсату»

Апазіцыя наўрад ці зможа прыдумаць добрую стратэгію

Класкоўскі чакае, што штабы апазіцыі за мяжой прапануюць нейкую стратэгію да выбараў, але ва ўмовах палітычнага тэрору цяжка прыдумаць моцную стратэгію. Нават калі прапанаваць людзям праточвацца ў назіральнікі, не афішуючы апазіцыйныя погляды, мала хто рызыкне гэта рабіць.

Досвед 2020 года – траўма і для апазіцыі, мяркуе аналітык, а ўлады дагэтуль «выкалупваюць» тых, хто праяўляў актыўнасць на тых выбарах. Сілавікі аналізуюць старыя фота, шукаюць нязгодных па сацыяльных сетках, на прадпрыемствах ладзяць чысткі нелаяльных… У такіх умовах людзі будуць баяцца «засвяціцца».

«Цяжка a priori абвінавачваць апазіцыю, таму што бываюць такія сітуацыі, калі супраць лому няма прыёму, – даводзіць Класкоўскі. – Калі не зменіцца ўвогуле палітычны кантэкст, наўрад ці можна будзе намацаць моцную стратэгію, бо мы бачым, што рэжым узяў курс на канчатковую зачыстку грамадска-палітычнага поля».

Ён згадвае, як на рэферэндуме 2022 года праціўнікі Лукашэнкі прапаноўвалі стратэгію «двух крыжыкаў» (псаванне бюлетэняў у галасаванні, на якім не прапаноўвалі альтэрнатывы лукашэнкаўскай Канстытуцыі). Стратэгія, на ягоную думку, не спрацавала: у дзень рэферэндуму былі вулічныя пратэсты і масавыя затрыманні, але яны былі звязаныя з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а не з ідэяй «двух крыжыкаў».

Апазіцыю, хутчэй за ўсё, проста забароняць законам

Аналітык звяртае ўвагу на законапраект аб партыях і аб арганізацыях грамадзянскай супольнасці. У ім наўпрост прапісана, што партыі і грамадскія аб’яднані абавязаныя выконваць «асноўныя напрамкі ўнутранай і вонкавай палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, зацверджаныя Усебеларускім народным сходам». Гэты законапраект Палата прадстаўнікоў прыняла адразу ў двух чытаннях 25 студзеня, Савет Рэспублікі зацвердзіў 30-га. Засталося дачакацца подпісу Лукашэнкі – а той сам казаў, што ў краіне мусяць застацца толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае вызначанай Сходам стратэгіі, каб не было «турбулентнасці грамадства».

«Гэта ўвогуле робіць непатрэбным існаванне партыяў, – мяркуе Класкоўскі. – Яны ў нармальных дэмакратычных краінах ствараюцца дзеля барацьбы за ўладу, прапануюць альтэрнатыўны палітычны курс. А тут гэта адразу ўзводзіцца ў ранг крыміналу, дае сілавікам легальныя падставы для пераследу».

Паводле яго, улады будуць дамагацца, каб «усё жывое было выпалена», а ў электаральным рэчышчы не засталося легальных сродкаў заваяваць пазіцыі. Змены ў законах прывядуць да таго, што будуць юрыдычна ліквідаваныя апазіцыйныя партыі, якія і так існуюць толькі фармальна і «баяцца паварушыцца, бо гэта адразу выкліча рэпрэсіі». Пачатак працэсу перарэгістрацыі партыяў анансавалі на бліжэйшы час. Таксама і ў «трэцім сектары» маюць застацца толькі абсалютна лаяльныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманне ў дзень «рэферэндуму». Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Нават расейскае «разумнае галасаванне» ў такіх умовах не спрацуе

Расейскі апазіцыйны лідар Аляксей Навальны і ягоныя прыхільнікі прасоўвалі раней ідэю «разумнага галасавання»: калі на выбары не дапускаюць сапраўдную апазіцыю, заклікалі галасаваць за найменш непрыемнага кандыдата не ад партыі ўлады «Адзіная Расея», рабілі спісы такіх кандыдатаў.

На пытанне, ці могуць хаця б такое прапанаваць беларусам праціўнікі ўлады, Класкоўскі адказвае адмоўна: і ў Расеі досвед гэтага быў сумнеўны, і беларускіх бюлетэнях не будзе магчымасці адкапаць «хаця б умоўную апазіцыю». Ён бачыць такія бюлетэні-2024: «Белая Русь», якую нарэшце ператвораць у партыю, гэта ўмоўныя «цэнтрысты»; левае крыло імітуюць праўладныя камуністы, правае – праўладная «Ліберальна-дэмакратычная партыя».

Але гэта ўсё можа змяніць вайна ва Украіне

Усе вышэйшыя развагі, адзначае Класкоўскі, грунтуюцца на сцэнары, у якім Лукашэнка па-ранейшаму моцна ўтрымлівае ўладу, а гэта не відавочна: падзеі вайны ва Украіне могуць моцна паўплываць на пазіцыі Уладзіміра Пуціна і, адпаведна, на пазіцыі Лукашэнкі, адносная ўстойлівасць рэжыму якога грунтуецца на падтрымцы з Масквы.

«Калі пачнецца ў выніку паразаў Расеі нейкая палітычная турбулентнасць у самой Расеі і ў Беларусі, гэта будзе іншая рамка, іншыя стратэгічныя магчымасці ў праціўнікаў рэжыму», – кажа аналітык.

Але ён засцерагае: цяпер мацнеюць працэсы, якія могуць прывесці да «феадальнай раздробленасці» праціўнікаў Лукашэнкі, з розных бакоў ідуць атакі на Святлану Ціханоўскую і ейную каманду. Іх ёсць за што крытыкаваць, пагаджаецца ён, але калі гэты цэнтр будзе разбураны, то яшчэ вялікае пытанне, ці паўстане нейкі новы моцны цэнтр на ягоным месцы. Цяперашняя «Апазіцыя 2.0» нават у сцэнары паразаў Расеі можа паўтарыць шлях старой беларускай апазіцыі, які Класкоўскі апісвае так: міжусобная барацьба была мацнейшай, чым барацьба з рэжымам, а рэжым гэтым напоўніцу карыстаўся.

Інтэрв’ю
Калі мірны пратэст пахаваны, то гвалт непазбежны? Спыталі Азарава і Кавалькову
2022.08.17 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў