Расейцы паступова прасоўваюцца ў Аўдзееўцы. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 639-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 24 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны, 25 лістапада 2023 г.
Фота: VIACHESLAV RATYNSKYI / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ, якія цягам мінулых содняў правялі прынамсі 15 атак каля населеных пунктаў Сынькоўка і Петрапаўлаўка ў Харкаўскай вобласці, і Стэльмахаўка ў Луганскай. Паводле ўкраінскага камандавання, паўсюль сілы абароны краіны ўтрымалі свае пазіцыі.

Між тым расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што УС РФ прасунуліся каля Сынькоўкі. Пры гэтым адзначаецца, што ўкраінскія вайскоўцы контратакавалі каля сяла Ягаднае ў Купянскім раёне і вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў.

На суседнім ліманскім кірунку расейцы праводзяць штурмавыя дзеянні на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва, але пакуль не маюць поспеху.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны пішуць, што ў ваколіцах Бахмуту расейскія вайскоўцы 11 разоў атакавалі каля Багданаўкі, Іванаўскага, Клішчыеўкі і Андрэеўкі.

У гэты ж час прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што УС РФ занялі новыя пазіцыі каля Андрэеўкі і на паўночным усходзе Клішчыеўкі каля чыгункі.

Гэтую ж інфармацыю пацвярджае Сямён Пегаў.

Аналітыка
Канфлікт ці працоўны момант? Што адбываецца паміж Зяленскім і Залужным?
2023.11.24 17:15

Разам з тым праўкраінскі «Бахмутський Балу» піша, што ў Клішчыеўцы пазіцыі перыядычна пераходзяць з рук у рукі, аналагічная сітуацыя фіксуецца і каля Бэрхаўкі (паўночны захад Бахмуту). Акрамя гэтага крыніца адзначае замацаванне ЗСУ на новых пазіцыях каля сяла Курдзюмаўка.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У ваколіцах Данецку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ.

На аўдзееўскім кірунку яны наступаюць на аднайменны горад, а таксама ў ягоных ваколіцах.

Украінскі бок піша, што ўсе штурмавыя дзеянні праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Новакалінавае, Новабахмутаўка, Стэпавое, Севернае, Первамайскае, а таксама ў самой Аўдзееўцы былі беспаспяховымі. Агулам паведамляецца пра 30 адбітых атак за содні.

Пры гэтым тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што ЗСУ пакінулі частку пазіцыяў на тэрыторыі прамысловай зоны ў Аўдзееўцы.

«Белорусский силовик» удакладняе, што расейцы тут занялі асобныя пазіцыі, але агулам прамысловая зона цяпер так званай шэрай зоне.

Акрамя гэтага крыніца піша, што расейцы пачалі абыходзіць пазіцыі Збройных сілаў на тэрыторыі Аўдзееўскага коксахімічнага заводу (паўночная частка гораду) з поўдня.

На мар’інскім кірунку расейцы не менш за 10 разоў атакавалі каля Новаміхайлаўкі і самой Мар’інкі, але, паводле Генштабу ЗСУ, поспеху не дасягнулі.

Разам з тым Сямён Пегаў фіксуе тактычныя поспехі УС РФ каля Новаміхайлаўкі.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні Украіны асноўныя баявыя дзеянні засяроджаныя ў ваколіцах гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Генштаб ЗСУ паведамляе пра сем няўдалых спробаў праціўніка аднавіць становішча каля сёлаў Работына і Навапрокапаўка.

Канал «Два майора» піша, што самыя ЗСУ атакавалі каля Работына і Вэрбовага, пасля чаго расейцы контратакавалі і занялі лесапаласу каля Вэрбовага.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў