news
Рэпартаж
«Новая Беларусь» са штучным інтэлектам. Лібер анансаваў новыя функцыі платформы
Самакіраванне, агрэгатар навінаў, канцэрты, знаёмствы, выбары і «AI Барадзед».
02.12.202311:12

Платформе «Новая Беларусь» 2 снежня спаўняецца адзін год. Напярэдадні дня народзінаў платформы ейны заснавальнік Павел Лібер расказаў журналістам у Варшаве пра першы год і далейшыя планы.

Сустрэчу з журналістамі Павел Лібер зладзіў у варшаўскім бары «GiGi», які вясной адкрыла пара беларусаў. Тут, а таксама ў іхных барах і страўнях беларусаў Варшавы, Гданьску, Познані,  Вільні і Тбілісі платформа ладзіць 1–10 снежня «Гастрафэст Новай Беларусі».

Што за «Новая Беларусь» і што яна зрабіла за год

«Новая Беларусь» у вузкім сэнсе – мабільная праграма для Android і iOS, а таксама сайт Newbelarus.com, які пакуль дае спасылкі на розныя сэрвісы, але неўзабаве мае цалкам дубляваць функцыянал праграмы. Але да з’яўлення мабільнай  праграмы каманда працавала над асобнымі сэрвісамі.

Платформа «Голас» дапамагла даказаць фальсіфікацыю выбараў-2020 і сумленна палічыла галасы. Платформа «еЗдароўе» прапанавала медычныя кансультацыі спецыялістаў, па словах Лібера сабрала ўжо 21 тысячу пацыентаў і 150 лекараў. Платформа юрыдычных кансультацыяў мела ўжо 8 тысяч кліентаў і сабрала 30 юрыстаў.

Агулам экасістэма «Новай Беларусі» мае 58 тысяч карыстальнікаў, з якіх 33 тысячы гэта карыстальнікі мабільнай праграмы. І ў карыстальнікі Лібер залічвае тых, каго распрацоўнікі могуць ідэнтыфікаваць і з кім могуць мець зваротную сувязь. Яшчэ шмат карыстальнікаў ананімныя, Лібер проста не лічыць тых, хто, напрыклад, зайшоў паглядзець на «ByMapka» – мапу кампаніяў беларусаў у эміграцыі.

Сузаснавальнік праекта «Новая Беларусь» Павел Лібер атрымаў торт з нагоды першай гадавіны працы праекту. Варшава, Польшча. 1 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Павел Лібер прызнаў, што праз год па запуску платформы пра яе ў многіх застаецца пытанне: а што гэта наогул? Гэта пра нейкую абстрактную лічбавую дзяржаву, пра пабудову супольнасці, пра мапу цырульняў ці расклад імпрэзаў? Ён прызнаў, што з камунікацыяй былі памылкі, што многім была незразумелая ідэя «лічбавай дзяржавы». Цяпер ён не збіраецца мяняць місію, але хоча даводзіць яе іншымі словамі: «Новая Беларусь» – гэта пра пабудову «экасістэмы».

Місія платформы, тлумачыць Лібер, гэта стварэнне сістэмы для людзей у Беларусі і беларусаў за межамі, каб яны самі змаглі вызначаць і вырашаць свае праблемы, якія асабліва назапасіліся ў мінулыя тры гады.

Маўляў, беларусы як нацыя пакуль не ўмеюць менавіта вырашаць свае праблемы: дзейнічаюць як асобныя людзі, добра групуюцца вакол пэўных падзеяў, але не гатовыя да праграмаў нацыянальнага ўзроўню і да шырокай абароны сваіх інтарэсаў. Ён лічыць, што гэта ўпіраецца ў менталітэт: 30 гадоў беларусаў адвучвалі ад удзелу, ад актыўнасці.

Лібер хоча значна большага, чым платформа дасягнула: паводле яго, «Новая Беларусь» – гэта пакуль толькі «госпіс», які палягчае сімптомы, але не вырашае праблемаў беларусаў. Пры тым ён не наракае на тое, што мабільнай праграмай замала карыстаюцца. Наадварот: кажа, што «Новая Беларусь» пераасэнсоўвае сябе, каб быць карыснай, бо проста на ідэю «добрага, разумнага, вечнага» людзі не пойдуць.

Палова карыстальнікаў – у Беларусі

Статыстыкі пра гэтых карыстальнікаў распрацоўнікі маюць мала: «Новая Беларусь» практычна не збірае асабовых звестак, заяўляе Лібер. Вядома, што 52 % карыстальнікаў экасістэмы «Новай Беларусі» знаходзяцца ў рэальнай Беларусі (яны ў асноўным карыстаюцца сайтам, а не праграмай). А сярод карыстальнікаў сэрвісу бясплатных юрыдычных кансультацыяў у Беларусі знаходзяцца 90 %. Вядома, што медычная платформа стала ў апошнія месяцы асабліва запатрабаванай у малых населеных пунктах Беларусі, «дзе з медыцынай усё кепска».

Платформу, якую ўлады Беларусі лічаць «экстрэмісцкай», збіраюцца зрабіць больш бяспечнай для карыстальнікаў з Беларусі без VPN – такім ужо паказваецца папярэджанне, а неўзабаве мае запусціцца такая версія сайту, наведванне якой нельга «адлавіць» праз правайдара.

Сэрвіс самакіравання і фінансавання

Сёлета платформа правяла эксперымент па «лічбавым самакіраванні». Літва і Польшча дазваляюць платнікам самім выбраць, на што пойдзе невялікі адсотак падаткаў, і «Новая Беларусь» заклікала пераводзіць грошы на конкурс беларускіх праектаў. Па выніках конкурсу грошы скіравалі на праекты беларускай бібліятэкі ў Літве і ангельскамоўнага парталу пра гісторыю Беларусі.

На гэта сабралі 42 тысячы еўра з падаткаў 250 чалавек. Лібер прызнае: гэта мала, хацелася б больш. Але пачалі позна, калі многія ўжо падалі свае падатковыя дэкларацыі; многія не разумелі, як гэта спрацуе; распрацоўнікі самі вучыліся на хаду і «падпілоўвалі» праект начамі. Смяецца: мо і добра, што адразу не прыйшла тысяча чалавек, а тое распрацоўнікі «памерлі б». Але ў другі раз будзе прасцей, упэўнены Лібер.

Ці маглі б такім шляхам збіраць праграмы на нешта большае – напрыклад, на стратэгію нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету?

Агляд
Як адрадзіць Беларусь? Пераходны кабінет напісаў Стратэгію нацыянальнага адраджэння
2023.11.28 14:32

Лібер адказвае: любы можа прыйсці са сваім праектам і прапанаваць яго на галасаванне карыстальнікам «Новай Беларусі». Можна збіраць не толькі грошы з падаткаў: ужо рабілі тэст сістэмы «далучэння за ўнёсак» для тых, хто не мог з нейкай прычыны пералічыць частку падаткаў на «лічбавае самакіраванне», але хацеў прафінансаваць гэты праект.

Лібер дадае: распрацоўнікі не будуць самі вырашаць, каму даваць сабраныя грошы, а будуць толькі выстаўляць гэта на галасаванне карыстальнікаў, бо хочуць навучыць людзей адказнасці за свой выбар, супольным абмеркаванням і ўдасканаленням праектаў.

Агрэгатар навінаў

Адна з ідэяў «Новай Беларусі» на бліжэйшы час – сабраць у адну стужку навіны незалежных беларускіх медыяў і актуальныя міжнародныя навіны. Лібер паказаў чарнавую версію гэтай стужкі: у ёй і загалоўкі навінаў з сайтаў (калі адна і тая ж навіна прыйшла з розных сайтаў, спасылкі групуюцца), і пераклад на беларускую мову навіны з CNN, і спасылкі відэа беларусаў з Youtube.

Сузаснавальнік праекта «Новая Беларусь» Павел Лібер прэзентуе журналістам вынікі першага года працы праекта. Варшава, Польшча. 1 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Навіны ў гэтую стужку збіраюцца падбіраць паводле алгарытму, падобнага да падбору музыкі ў «Spotify», з магчымасцю выбраць цікавыя сабе тэмы. Збіраюцца дадаваць навіны, актуальныя для лакацыі карыстальніка: калі чалавек у Польшчы, паказваць, што важнага ёсць у польскіх навінах, а калі ў Лагойску – даваць прыярытэт лагойскім навінам. Пакуль падбор навінаў аўтаматычны, але Лібер расказвае, што хоча завесці жывога рэдактара, які мог бы адкідаць зусім неактуальнае. Таксама ён збіраецца абмеркаваць праект з самімі беларускімі медыямі.

Канцэрты, імпрэзы, знаёмствы

«Новая Беларусь» за год ладзіла партнёрства з 7 фестывалямі беларусаў за мяжой, у тым ліку з фэстамі «Тутака» і «Варушняк», таксама дала тэхнічныя сродкі для стварэння «Культурнай мапкі» (збору знакавых беларускіх месцаў за мяжой). У праграме ўжо ёсць афіша імпрэзаў беларусаў за мяжой, але Лібер кажа, што «Новая Беларусь» хоча знайсці менеджараў у розных краінах, якія б збіралі мясцовыя навіны і падзеі беларускай дыяспары, і спадзяецца на суполкі ў самой праграме «Новая Беларусь».

Зараз «Новая Беларусь» плануе запусціць сэрвіс арганізацыі імпрэзаў: арганізаваць продаж квіткоў, а таксама даць бяспечную рэгістрацыю на бясплатныя імпрэзы праз ідэнтыфікатар у праграме, каб арганізатарам не даводзілася штораз збіраць імёны, тэлефоны і адрасы е-мэйлаў.

Сэрвіс знаёмстваў у «Новай Беларусі» абяцаюць перапрацаваць. Такі сэрвіс ужо запускалі, але ён быў ананімны, што не падабалася некаторым карыстальнікам. Зараз жа збіраюцца дазволіць называць свае імёны і паказваць свае твары тым, хто гэтага захоча.

Дарадца на штучным інтэлекце

«Новая Беларусь» збірала ўсялякія рэкамендацыі, як то па легалізацыі за мяжой, пошуку жытла і працы. Гэтыя рэкамендацыі было складана пастаянна трымаць у актуальным стане, але на дапамогу прыйшоў штучны інтэлект у «ChatGPT».

Платная версія гэтага чат-бота ўмее шукаць актуальную інфармацыю і, па словах Лібера, някепска спраўляецца з напісаннем тых жа парадаў па легалізацыі. Калі натрэнаваць штучны інтэлект на ўжо напісаных парадах, той можа правяраць іх актуальнасць на ўрадавых сайтах і актуалізаваць у выпадку зменаў. А можа і самастойна пашукаць, напрыклад, парады па дзіцячых садках у Літве.

Доступ да гэтага збіраюцца зрабіць бясплатным у «Новай Беларусі». Чарнавая назва чат-боту са штучным інтэлектам – «AI Барадзед». Лібер не выключае, што такую назву і пакінуць.

Выбары і віртуальныя палітычныя офісы

У праграме «Новая Беларусь» у бліжэйшы час збіраюцца даць магчымасць рабіць «палітычныя офісы»: спецыяльныя старонкі палітычных сілаў з магчымасцю даваць навіны і анонсы, ладзіць абмеркаванні і атрымліваць зваротную сувязь. Доступ да гэтага хочуць даць усім палітычным сілам – Лібер кажа, нават тым, хто лічыць распрацоўнікаў «агентамі ФСБ».

Сузаснавальнік праекта «Новая Беларусь» Павел Лібер прэзентуе журналістам вынікі першага года працы праекта. Варшава, Польшча. 1 снежня 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Тым часам ідзе абмеркаванне будучых выбараў у Каардынацыйную раду – а яшчэ перад мінулымі выбарамі ў яе абмяркоўвалі магчымасць галасавання праз «Новую Беларусь». Лібер расказвае «Белсату», што пакуль не можа прапанаваць тэхнічны шлях арганізацыі такіх выбараў, бо Каардынацыйная рада яшчэ не вызначыла механізм тых выбараў: прапарцыйная ці мажарытарная сістэма, адзін голас ці рэйтынгавае галасаванне… Але платформа мае рашэнне на большасць такіх сцэнароў.

Вялікім пытаннем была верыфікацыя патэнцыйных выбарнікаў і абарона ад накрутак. Лібер кажа, ужо ідзе тэставанне сістэмы, у якой права голасу можна атрымаць на аснове пашпарту грамадзяніна Беларусі. У гэтай сістэме фота пашпарту і фота карыстальніка апрацоўваюцца толькі на апараце карыстальніка, не захоўваюцца ў самой платформе – у сістэму перадаецца толькі тое, што карыстальнік сапраўды ўнікальны і сапраўды мае беларускі пашпарт. Хіба гэтая сістэма, як заўважае Лібер, не абароніць ад таго, што права голасу будуць мець і байцы ГУБАЗіК – распрацоўнікі тут не хочуць «быць суддзямі».

Інтэрв’ю
На выбарах-2024 апазіцыя наўрад ці «пахісне рэжым». Але будзе альтэрнатыўная кампанія
2023.11.23 07:16

Алесь Наваборскі belsat.eu