Дэмакратычныя сілы неўзабаве маюць прэзентаваць план правядзення выбараў у Каардынацыйную раду. Яны пройдуць прыблізна ў той жа час, што і выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. «Белсат» распытаў спікера Каардынацыйнай рады Андрэя Ягорава пра абедзве кампаніі.
Калі праціўнікі Лукашэнкі і ўжываюць слова «выбары» адносна парламенцкай кампаніі, то падкрэсліваюць: «выбары» ў двукоссі.
Што прапануюць беларусам рабіць з лукашэнкаўскімі выбарамі і выбарамі ў Каардынацыйную раду, «Белсат» спытаў у спікера КР Андрэя Ягорава.
Добрай стратэгіі на лукашэнкаўскія выбары ў дэмакратычных сілаў няма, прызнае Ягораў. Дыскусіі ідуць вакол розных формаў няўдзелу ў іх і інфармацыйнай кампаніі вакол іх.
«Агульны мэсідж, які можа быць, здаецца, зразумелы: выбараў у Беларусі няма, – разважае Ягораў. – Але заклікаць да нейкіх формаў масавага пратэсту, нейкіх актыўных дзеянняў, байкатавання не выпадае проста з увагі на сітуацыю масавых рэпрэсіяў. Але скарыстацца ў палітычным сэнсе гэтай кампаніяй варта».
Сур’ёзна нашкодзіць рэжыму Лукашэнкі, «пахістаць рэжым» на гэтых выбарах не ўдасца. Ягораў тлумачыць: у грамадства недастаткова рэсурсаў, каб скарыстацца гэтым электаральным перыядам, таму трэба рабіць нешта паралельнае. Адпаведна, разлічваюць, што выбары ў Каардынацыйную раду могуць задаць альтэрнатыўны парадак дня і зрабіцца прыкладам дэмакратычнага выбарчага працэсу.
Хай выбары ў КР і не зробяцца раўнавартаснай заменай нацыянальных выбараў, але дадуць іншы погляд на сітуацыю ў Беларусі, кажа Ягораў. Рэжым Лукашэнкі будзе намагацца «пацвердзіць легітымнасць» праз свае выбары – ён хацеў бы сказаць штосьці накшталт: «У нас былі выбары, а за гэтымі “беглымі” нічога не стаіць і ніхто іх не падтрымлівае».
Што рабіць з прэзідэнцкімі выбарамі, якія маюць прайсці ў Беларусі ў 2025 годзе, яшчэ не вызначыліся. Ягораў кажа, што поспех або магчымы правал выбараў у КР пакажа кірунак, у якім можна ісці на прэзідэнцкіх. Ён дапускае сцэнар, пры якім платформа для выбараў у КР добра сябе зарэкамендуе, і тады такім жа шляхам можна будзе вызначыць, ці працягваць мандат Ціханоўскай.
Горш ад супрацьпастаўлення гэтых выбарчых кампаніяў не будзе, перакананы Ягораў. Хоць улады Беларусі назвалі КР экстрэмісцкім фармаваннем, ёсць шляхі бяспечнага ўцягвання беларусаў ва ўдзел у гэтых выбарах. Выключыць усе рызыкі для людзей у Беларусі немагчыма, але выбары ў КР не хочуць рабіць эксклюзіўна для дыяспары.
Чарнавы варыянт таго, як праводзіць выбары ў КР, ужо ёсць. Цяпер, паводле Ягорава, ідуць больш шчыльныя кансультацыі між Каардынацыйнай радай, Аб’яднаным пераходным кабінетам, Офісам Ціханоўскай і палітычнымі партыямі. Шукаюць кансэнсусу, які задаволіў бы ўсе зацікаўленыя бакі. Паводле Ягорава, ёсць жаданне запрашаць і іншыя суб’екты далучыцца да арганізацыйнага камітэту выбараў.
Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў на сустрэчы з беларусамі ў Варшаве, Польшча. 3 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат
Пра тэхнічную рэалізацыю выбараў даўно ідуць кансультацыі з Паўлам Ліберам і камандай «Новай Беларусі». Ягораў кажа, што гэтая каманда, хутчэй за ўсё, і будзе адказваць за тэхнічную частку арганізацыі выбараў: як і праз што галасаваць беларусам.
Канчатковага варыянту правядзення выбараў яшчэ не прынялі. Паводле Ягорава, хацелі б прыняць супольнае рашэнне – як у Еўразвязе, дзе Еўракамісія, Еўрапарламент і Рада Еўразвязу ўдзельнічаюць у агульнай працэдуры прыняцця рашэнняў. Калі не знайсці кампраміснага варыянту, дык прынамсі выпрацаваць некалькі прапановаў. Затым варыянты хочуць вынесці на галасаванне ў КР, ухвалены варыянт вынесці на падпісанне Ціханоўскай (калі не падпісвае, праект вяртаецца ў арганізацыйны камітэт на дапрацоўванне).
Разглядалі розныя варыянты выбараў (нешта падобнае да мажарытарнай, прапарцыйнай і змяшанай сістэмы), розныя варыянты ўдзелу беларусаў у іх і верыфікацыі выбарнікаў. Дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька раней расказваў «Белсату» пра адзін з магчымых сцэнароў: выбары паводле палітычных спісаў (як партыйных, але са спісамі не толькі ад партыяў).
Інтэрв’ю
Лукашэнка не здолеў зліквідаваць палітычных партыяў. Што ад іх засталося і якія планы на выбары
2023.11.22 07:05
Рашэнне маглі б прыняць у КР «хоць заўтра», адзначае Ягораў і дадае, што хочацца дасягнуць кампрамісу зацікаўленых сілаў. Рашэння чакаюць у снежні, саміх выбараў – у лютым або пачатку сакавіка.
Выбары ў Каардынацыйную раду, кажа Ягораў, маюць прывесці ў палітыку людзей, якія з розных прычынаў незадаволеныя цяперашняй сітуацыяй і крытыкуюць дэмакратычныя сілы. Такім людзям выбары дадуць адкрытую пляцоўку для выказвання сваіх ідэяў у канкурэнтным асяродку: пры адкрытых дэбатах, адкрытых выбарах.
«Калі ты не задаволены тым, як ёсць, і ведаеш, як правільна, дык прыйдзі і дакажы, прыйдзі і змяні», – заклікае Ягораў да ўдзелу ў выбарах у КР.
Ён спадзяецца, што гэта дасць беларусам магчымасць вызначыць далейшы кірунак, пабачыўшы ўвесь спектр ідэяў, у тым ліку «ідэяў з перыферыі».
Агульнае галасаванне, а не закрытыя «ўнутраныя» выбары, маюць падняць статус Каардынацыйнай рады, працягвае Ягораў. Яны маюць паказаць і звычайным беларусам, і беларускім палітычным сілам, і замежным партнёрам, што дэмакратычныя сілы жывыя, дынамічныя, шукаюць апірышча на шырокае грамадства, а не ізаляваныя ў сваёй «клубнай валтузні».
Агляд
Як арганізоўваюць выбары. Распавядаем пра знакавыя электаральныя кампаніі
2023.11.11 14:42
Каардынацыйная рада ўзнікла 14 жніўня 2020 года: абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская склікала яе пасля выбараў-2020 «для забеспячэння транзіту ўлады». Аляксандр Лукашэнка не пагадзіўся пакінуць пасаду, распачаў рэпрэсіі супраць КР (і агулам усіх нязгодных з тым, што на выбарах перамог ён). Дагэтуль за кратамі застаюцца два чальцы прэзідыуму таго склікання КР: Максім Знак і Марыя Калеснікава. КР не спыніла існавання, але працавала не надта актыўна.
Праз два гады па тых выбарах Каардынацыйную раду захацелі рэфармаваць, правесці новыя выбары. Але праз рэпрэсіі і небяспеку пры галасаванні ў Беларусі выбары ў КР правялі паводле складанай схемы, у якой сваіх дэлегатаў выбіралі арганізацыі розных сфераў грамадскага і палітычнага жыцця: 15 дэлегатаў ад палітычных партыяў і рухаў, 15 – ад праваабарончых арганізацыяў, 15 – ад дыяспараў і гэтак далей, агулам 115 мандатаў. КР зрабілася больш актыўнаю, але засталося нямала тых, каго фармат і вынікі працы не задаволілі.
Разбор
Што такое Каардынацыйная рада, хто яе выбіраў і кім яна кіруе?
2023.03.15 07:00
Яшчэ праз год пастанавілі правесці новыя выбары ў КР, але паводле іншай схемы: як казала Ціханоўская, каб КР зрабілася «сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў». Гэтыя выбары мелі абвясціць 8 лістапада, але абмеркаванні зацягнуліся.
Тым часам улады Беларусі збіраюцца правесці адзіны дзень галасавання: выбары ў Палату прадстаўнікоў (ніжнюю палату Нацыянальнага сходу) і мясцовыя саветы. Выбіраць таксама будуць дэпутатаў Савету Рэспублікі, але без удзелу звычайных беларусаў. Выбары ў Беларусі ўжо даўно не прызнаюць свабоднымі і справядлівымі на Захадзе – мала шанцаў, што прызнаюць і гэтыя. Пагатоў да гэтых выбараў у Беларусі наўрад ці спыняцца масавыя палітычныя рэпрэсіі, а на выбары наўрад ці пусцяць кагосьці, акрамя ўхваленых уладамі кандыдатаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu