Не змагацца за ўладу, а тлумачыць рашэнні рэжыму людзям. Лукашэнка назваў задачы партыям


Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада правёў сустрэчу з кіраўнікамі чатырох палітычных партыяў, якім было дазволена працягваць дзейнасць у Беларусі. Пры гэтым ён падзяліўся сваім бачаннем мэтаў існавання партыяў.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

«Падчас перарэгістрацыі мы ачысцілі партыйнае поле ад дэкаратыўных аб’яднанняў і тых, чыя дзейнасць накіравана на падрыў асноў канстытуцыйнага ладу нашай краіны», – сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, «дэмакратычныя формы палітычнага ўдзелу» – гэта шырма, пад якой фактычна дзейнічалі экстрэмісцкія групоўкі ў мэтах падрыву дзяржаўнасці.

«Беларусь – маладая суверэнная дзяржава. Выбраная намі мадэль кіравання краінай – прэзідэнцкая рэспубліка – аптымальная для нашага грамадства з улікам гістарычных традыцыяў і геапалітычнага становішча. Людзі павінны гэта не проста разумець, а прымаць як аксіёму», – заявіў палітык.

Ён адзначыў, што не супраць разумнай і канструктыўнай крытыкі тых ці іншых дзеянняў улады, але «з улікам нацыянальных асаблівасцяў і спецыфікі айчыннага палітычнага працэсу». Паводле яго, мэта партыяў – рэпрэзентаваць інтарэсы сваіх сябраў перад уладамі і пры гэтым тлумачыць ім рашэнні ўладаў.

«Прызначэнне партыяў – не змагацца з дзяржавай, а канкураваць паміж сабой на ўзроўні праектаў, заканадаўчых ініцыятыў», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама закрануў правядзенне парламенцкіх і мясцовых выбараў у 2024 годзе. У прыватнасці, ён паставіў задачы партыям вылучаць «выключна дзяржаўных» кандыдатаў, якія да таго ж павінны быць прафесіяналамі.

Аналітыка
Без партыяў, замежных участкаў і з дэ-факта ваенным становішчам. Якімі будуць новыя выбары
2023.10.13 07:44

Партыі ў Беларусі ліквідоўвалі ўвесь час кіравання Лукашэнкі. У выніку з 28 партыяў на 1999 год у 2020-м у Беларусі засталіся толькі 15. У верасні 2020 года 10 з іх – як апазіцыйных, гэтак і праўладных – выступілі з супольнаю заяваю супраць гвалту і за новыя прэзідэнцкія выбары.

У выніку для ліквідацыі партыяў прынялі нават адмысловы закон. Ён у пяць разоў павялічыў мінімальны парог колькасці чальцоў – да 5000, забавязаў мець арганізацыйныя структуры ў кожнай вобласці і Менску, зноў-такі абмежаваў правы грамадзянаў, якія жывуць за мяжою, быць у партыях і фінансаваць іх. Акрамя таго, акт забавязаў партыі прайсці рэгістрацыю.

Як і прадказваў міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, які паходзіць з Данбасу і не мае вышэйшай юрыдычнай адукацыі, засталіся толькі 4 партыі: тры дзейныя (Камуністычная партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці) і адна наваствораная – «Белая Русь».

Аналітыка
Новыя элементы таталітарнай сістэмы, якія яе не ўратуюць. Як у Беларусі ўзяліся за партыі
2023.02.13 08:39

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў