Канферэнцыя Новая Беларусь 2023. Галоўныя заявы


6 жніўня ў Варшаве Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада ладзяць канферэнцыю Новая Беларусь 2023. «Белсат» вёў жывую трансляцыю з канферэнцыі.

19:05. Канферэнцыя скончылася падзякамі Ціханоўскай арганізатарам, мадэратарам, валанцёрам і партнёрам.

19:04. Ціханоўская таксама абвесціла аб прызначэнні Генадзя Манько кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Яшчэ адно прызначэнне: дарадцаю абранай прэзідэнткі ў моладзевай палітыцы і студэнцтву стала Маргарыта Ворыхава.

Акрамя таго, абраная прэзідэнтка анансавала выбары ў Каарыднацыйную раду ўзімку, каб гэтая структура «стала сапраўдным прадстаўнічым органам беларусаў».

Дэмакратычныя сілы ўзгадняць супольныя дзеянні на час прэзідэнцкіх выбараў 2024 года ў Беларусі і зладзяць альтэрнатыўную кампанію, заявіла Ціханоўская.

19:03. Святлана Ціханоўская абвесціла пра звальненне Аляксандра Азарава з Кабінету. Пры гэтым ён працягне супрацу з Кабінетам у пытаннях, звязаных з планам «Перамога» і падполлем у Беларусі.

Пасада прадстаўніка ў аднаўленні законнасці і правапарадку застаецца вакантнаю, прэтэндэнтаў цяпер шукаюць.

Каментар
«Фактычна нічога не мяняецца». Аляксандр Азараў назваў крыўдным звальненне з Кабінету
2023.08.06 20:31

18:53. На канферэнцыі адбылася цырымонія ўручэння медаля «Гонар і Годнасць». Ёю пасмяротна ўзнагародзілі закатаванага за кратамі Вітольда Ашурка. Медаль атрымаў брат палітвязня Андрэй. Узнагароду ўручыла Святлана Ціханоўская.

Андрэй Ашурак і Святлана Ціханоўская на цырымоніі ўзнагароджання Вітольда Ашурка медалём «Гонар і Годнасць». Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

18:14. Што рабіць з беларускай АЭС? Аляксандра Мамаева распавяла пра кансультацыі з экспертамі, якія прыйшлі да высновы, што найперш патрабуецца зладзіць аўдыт бяспекі. Калі станцыю прызнаюць небяспечнаю, то варта яе спыніць. Калі ж АЭС крытычных праблемаў не знойдуць, то нейкі час яна будзе працаваць, гэта падтрымае энергасістэму на шляху да зялёнай эканомікі. Потым лёс атамнай станцыі давядзецца вырашаць, імаверна, на рэферэндуме, сказала Мамаева.

Святлана Ціханоўская з Франакам Вячоркам і Аляксандрам Азаравым у кулуарах канферэнцыі Новая Беларусь. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

18:04. Аліна Коўшык паабяцала негвалтоўную беларусізацыю. На пытанне пра тое, якая мова ў Беларусі будзе дзяржаўнаю, яна адказваць адмовілася, сказаўшы, што вырашаць будзе народ. «Нас чакае шэраг важных пытанняў», не толькі моўнае, канстатавала Коўшык. Аднак распрацаваная канцэпцыя нацыянальнага адраджэння прадугледжвае пашырэнне ўжывання беларускай мовы.

«Без узмацнення ролі беларускай мы не здолеем пабудаваць нацыянальную дзяржаву», – упэўненая Коўшык.

Стратэгія доўгатэрміновая. Напрыклад, дакументаабарот, камунікацыю з чыноўнікамі перавесці на беларускую плануецца цягам пяці гадоў. Пры гэтым перавод медыяў, сістэмы адукацыі зойме больш дзесяцігоддзя.

Адначасова, на меркаванне Коўшык, неабходна ўзмацняць у Беларусі ролю ангельскай мовы.

Удзельнікі трэцяй дыскусіі на канферэнцыі Новая Беларусь. Злева направа: Аляксандр Вашкевіч, Генадзь Коршунаў, Аляксандра Мамаева, Аляксандр Дабравольскі, Аліна Коўшык, Юлія Міцкевіч, Павел Лібер і мадэратарка Кацярына Ваданосава. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

17:45. На канферэнцыі ідзе трэцяя панэль, тэма – «Новая Беларусь: якую краіну мы хочам пабудаваць?» Бяруць удзел прадстаўніца Кабінету ў нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, эксперт «Цэнтру новых ідэй» Генадзь Коршунаў, каардынатарка ў справах зялёнай эканомікі Офісу Ціханоўскай Аляксандра Мамаева, старэйшы дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, прадстаўнік грамадскай канстытуцыйнай камісіі Аляксандр Вашкевіч, сузаснавальніца фемгрупы Каардынацыйнай рады Юлія Міцкевіч і сузаснавальнік праекту «Голас» Павел Лібер.

Канферэнцыя Новая Беларусь. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Коршунаў, у прыватнасці, канстатаваў, што большасць беларусаў чакае зменаў і гатовая для рэформаў. Пры гэтым ён паскардзіўся, што «амаль ніхто не працуе з будучай»:

«Мы працуем, пішам стратэгіі, распрацоўваем рэформы, але. Гэта да грамадства не тое, што не даходзіць, у пэўным сэнсе яно не накіравана на грамадства, бо гэта ўсё вельмі абстрактна».

Калі мы кажам пра дэмакратыю, рынак, нацыянальнае адраджэнне – гэта абстракцыі. Іх трэба даводзіць у вельмі канкрэтных рэчах.

«Не хапае граматнай прапаганды, не хапае міфалагізацыі, не хапае візій. Патрэбная візуалізацыя будучыні, калі ты бачыш, разумееш, дзеля чаго ўсё гэтага», – падкрэсліў Коршунаў.

Такая візуалізацыя, паводле сацыёлага, дазволіць «нават у дыскусіях с «ябацькамі» сказаць: раз, два, тры, чатыры, пяць, усё».

17:03. Пасля перапынку пасля другой дыскусіі Валер Кавалеўскі прэзентаваў пашпарт Новай Беларусі. Фізічнага ўзору, праўда, яшчэ няма, затое паказалі лічбавыя выявы.

Выява пашпарта Новай Беларусі на канферэнцыі ў Варшаве. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Кавалеўскі адзначыў, што ўзор дакументу адпавядае сучасным міжнародным стандартам. Цяпер належыць закупіць матэрыялы для вырабу фізічных узораў, якія патрэбныя для афіцыйнага прызнання пашпартоў, ствараецца юрыдычная асоба – прадпрыемства для поўнага суправаджэння праекту.

Выява пашпарта Новай Беларусі на канферэнцыі ў Варшаве. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Надалей патрэбна вырабіць фізічны ўзор, даслаць яго ў Еўракамісію, потым іх будуць дасылаць у краіны ЕЗ. Адначасова распачнуцца перамовы з нацыянальнымі ўрадамі аб прызнанні пашпарта. Плануецца, што фізічны ўзор будзе падрыхтаваны да канца года.

Выява пашпарта Новай Беларусі на канферэнцыі ў Варшаве. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Як паведаміў Кавалеўскі, за выраб і захоўванне асабістых дадзеных, у тым ліку біяметрычных, будзе адказная юрыдычная асоба, якую плануецца заснаваць у Літве. Персанальныя звесткі будуць абароненыя заканадаўствам гэтай рэспублікі. Пры гэтым пункты выдачы могуць быць у іншых краінах, не выключана, што будуць існаваць мабільныя пункты.

Выява пашпарта Новай Беларусі на канферэнцыі ў Варшаве. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

У пашпарт змясцілі гімн БНР. Валер Сахашчык не ўстрымаўся, спытаў, чаму менавіта гэты тэкст абраны, і прапанаваў «Пагоню». Кавалеўскі ў адказ адзначыў, што БНР – першая незалежная беларуская дзяржава, і гімн – толькі сімвал. Дзяржаўным гімнам можа быць іншы твор, у тым ліку «Пагоня», аднак гэтае пытанне беларусы вырашаць пазней.

16:02. Блогерка Мартынава накінулася з крытыкаю на Сахашчыка, абвінаваціўшы яго ў хлусні і назваўшы яго прычынаю таго, што полк Каліноўскага не хоча камунікаваць з Офісам Ціханоўскай і Кабінетам менавіта праз ягоную прысутнасць там. Мартынава мяркуе, што дэмакратычныя цэнтры не гатовыя да сілавога развязання праблемы.

У адказ Сахашчык патрабаваў доказы хлусні, распавёў, што падчас перапынку ў канферэнцыі пагаварыў з прадстаўнікамі палка Каліноўскага Кухтам і Кіберпартызанаў Шаметавец ды знайшоў агульную мову.

Таксама Сахашчык назваў утопіяй паход танкаў на Беларусь, бо гэта не дасць плёну, а толькі прывядзе да грамадзянскай вайны. «Узброеным шляхам вызваляць краіну мы не гатовыя», – адзначыў прадстаўнік Кабінету.

Валер Сахашчык, Юліяна Шаметавец і Павел Віллі Кухта ў кулуарах канферэнцыі Новая Беларусь. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

15:38. Лябедзька прапанаваў патрабаваць ад Расеі кампенсацыяў для Беларусі.

«Беларусы – другая пасля ўкраінцаў нацыя, у якой маецца палітычнае маральнае права негатыўна ставіцца да Расеі. Новая Беларусь мусіць перагледзець усе пагадненні з Расеяй, дэнансаваць усе, што ствараюць залежнасць ад Расеі», – сказаў дарадца Ціханоўскай.

Ён упэўнены, што беларусы мусяць «выставіць рахунак Крамлю і Пуціну»: «Бо на Вагнэры, на ядравай зброі, на дэнансацыі Будапэшцкага мемарандума стаіць подпіс «Масква. Крэмль. Пуцін». Гэта ўсё дэнансаванае там».

Акрамя таго, патрэбна патрабаваць кампенсацыяў за Чарнобыль і за беларускіх палітвязняў:

«Калі б не было рэжыму Пуціна і ягонага падтрымання, у нас не было б сёння палітычных вязняў».

І яшчэ, на думку Лябедзькі, Расея мусіць кампенсаваць страты Беларусі, якія з’явіліся праз тое, што нашая краіна не стала сябрам ЕЗ.

«Не будзь Расеі, мы былі б ужо ў ЕЗ, наш эканамічны ўзровень быў бы іншы. Мы страцілі цэлае пакаленне», – падсумаваў палітык.

Валер Сахашчык і Анатоль Лябедзька.
Фота: Белсат

15:24. Валер Сахашчык прапанаваў рыхтавацца да горшага: ён не выключае, што ў выніку вайны Украіна захавае незалежнасць, аднак страціць частку тэрыторыяў. «Расея не дасягне мэтаў, але замацуецца на нейкіх тэрыторыях ды будзе зноў і зноў узнаўляць агрэсію», – сказаў Сахашчык.

Ён мяркуе, што Расея застанецца магутным гульцом ва Усходняй Еўропе, і тады задачы беларускіх дэмакратычных сілаў моцна ўскладняцца.

Паводле Сахашчыка, Беларусь не можа быць нейтральнай, давядзецца абавязкова выбіраць, куды ісці: на Усход або на Захад.

Усходні блок імкнецца да экспансіі ды каланізацыі, а гэта сур’ёзная пагроза для Беларусі. А ад заходняга блоку такой пагрозы няма, «NATO не далучае тэрыторыі». З гэтага вынікае, што дзеля захавання незалежнасці Беларусі неабходна арыентацыя на Захад і ў NATO.

Таксама Сахашчык канстатаваў, што імгненна парваць эканамічныя дачыненні з Расеяй не атрымаецца. І каб гэта не было занадта балючым, ужо цяпер трэба думаць пра эканоміку. Патрэбныя велізарныя рэсурсы, стварэнне навукова-вытворчых хабаў, варыянты хуткага ўзнаўлення эканомікі, а пакуль жа, на меркаванне Сахашчыка, гэтаму надаецца мала ўвагі.

«Патрэбна абапірацца на дамоўленасці аб сур’ёзнай дапамозе з першых дзён незалежнасці. Каб беларусы не пляваліся, што пры калгасніку Лукашэнку было значна лепш», – падсумаваў Сахашчык.

15:03. Мілінкевіч канстатаваў, што агулам геапалітычная арыентацыя беларусаў залежыць ад эканамічнай мэтазгоднасці, а не ідэалаў.

«Падчас малочных і мясных войнаў, калі ў Расеі не бралі нашыя прадукты, за Еўропу было 55%. Пакуль беларусы ацэньваюць па гаманцу: колькі будзем зарабляць, што для дзяцей зробім. Мусім пераканаць у адваротным: мы ідзем, каб будаваць еўрапейскую беларускую Беларусь. У Расеі яна будзе толькі расейскай калоніяй», – адзначыў палітык.

14:55. Тэма другой панэлі — «Ад саюзу з агрэсарам да новых магчымасцяў: еўрапейскі выбар для Беларусі». Удзельнікі: спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў, прадстаўнік у міжнародных справах Аб‘яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі, прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык, дарадца Ціханоўскай у пытаннях канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька, палітычны і грамадскі дзеяч Аляксандр Мілінкевіч, а таксама палітолаг Роза Турарбекава.

Канферэнцыя Новая Беларусь. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

14:50. Ціханоўская заявіла, што ў саюзе з Расеяй Беларусь чакае тупік, у саюзе з Расеяй Беларусь не можа мець будучыні. Ціханоўская канстатавала, што гэта не відавочна для ўсіх беларусаў.

«Нашая задача – каб гэтае разуменне з’явілася, нашая задача – вырваць Беларусь з расейскай арбіты, не дапусціць, каб нашая краіна стала суцяшальным прызам для Пуціна ў выніку вайны», – адзначыла абраная прэзідэнтка.

Яна заўважыла, што толькі 4% беларусаў падтрымоўваюць аб’яднанне з Расеяй.

Ціханоўская прызнала, што ўваходжанне Беларусі ў еўрапейскія структуры не будзе хуткім, але важна пачынаць рабіць гэта зараз. Палітычны прыярытэт – сяброўства Беларусі ў ЕЗ.

14:44. Распачынецца другая панэль канферэнцыі. Пытанні да ўдзельнікаў можна задаваць тут.

Вядоўца абвесціла, што паліцыя завяршыла правяранне памяшканняў, нічога падазронага не знайшлі. Перад другой панэллю прамаўляе Ціханоўская.

14:25. Прадпрымальнік, дэлегат Каардынацыйнай рады Аляксандр Кныровіч назваў судзілішчам і расправаю размову з Аляксандрам Азаравым на слуханнях Кабінету. Ён заявіў пра гэта вядоўцы ў перапынку канферэнцыі.

«Мы мусім задаваць пытанні аб працы, але з паўтары гадзіны допыту Азарава ягонай дзейнасці на пасадзе тычылася 10% пытанняў. Было капанне ў ягонай асабістай бялізне, у ягоным мінулым. Гэта было брыдка, па-савецку», – сказаў Кныровіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што не лічыць паспяховай працу Азарава.

«На Азарава ідзе інфармацыйная атака з двух бакоў. Адна – з боку КДБ, а нашыя дэмакратычныя медыі радасна падхопліваюць гэтыя наратывы. І на падставе гэтага выносіцца рашэнне».

Кныровіч прызнаўся, што ён нават задумаўся над тым, каб пакінуць Раду, аднак пастанавіў «пакуль застацца».

Павел Віллі Кухта на II канферэнцыі “Новая Беларусь”.
Фота: Белсат

14:06. Прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці Крысціна Шыянок спытала ўдзельнікаў панэлі, як не страціць сувязь з беларусамі, якія застаюцца ў Беларусі. Латушка выказаў ўпэўненасць, што краіны-суседкі Беларусі мусяць запусціць радыёвяшчанне, каб беларусы маглі атрымоўваць альтэрнатыўную інфармацыю. Краўцоў заўважыў, што важна чуць меркаванні беларусаў унутры краіны і не рабіць таго, што грамадства не падтрымоўвае. Рыхтэр заявіла пра неабходнасць камунікаваць з беларусамі, дапамагаць з пільнай эвакуацыяй, з прававымі кансультацыямі, з захадамі бяспекі.

Першая дыскусія завершаная, абвешчаны перапынак.

13:42. Блогерка Таццяна Мартынава прапанавала Паўлу Латушку стаць міністрам санкцыяў, а не прадстаўніком у пытаннях транзіту ўлады. Ён на гэта адказаў, што зараз аніякі транзіт немагчымы, бо ў Менску не жадаюць перамоваў з дэмакратычнымі сіламі. Латушка мяркуе, што менавіта моцныя санкцыі могуць прымусіць улады да дыялогу.

Канферэнцыя Новая Беларусь. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

13:28. Алена Жываглод, адказваючы на пытанне стратэгіі дзеянняў падчас выбараў прэзідэнта, што плануюцца цяперашнімі ўладамі, адзначыла, што нельга ігнараваць гэтую кампанію. У гэты ж час можна было б зладзіць онлайн-выбары ў Каардынацыйную раду, прапанаваць бяспечныя варыянты пратэсту, весці асветніцкую працу. Жываглод упэўненая, што байкот не пасуе, пры гэтым варта перахопліваць ва ўладаў павестку і прасоўваць свае наратывы.

Юліана Шаметавец, Іван Краўцоў, Алена Жываглод.
Фота: Белсат

13:18. Павел Латушка назваў галоўны выклік дэмакратычных сілаў – гэта «недахоп асобаў, гатовых працаваць галавою і рукамі, проста садзіцца і напісаць ліст, які сёння быў накіраваны міністрам унутраных справаў Польшчы, Літвы і Латвіі з прапановаю не закрываць мяжу хаця б дзеля гуманітарных мэтаў для беларусаў, якія будуць выязджаць». Ён таксама задаў рытарычнае пытанне: калі зараз звольніць Азарава, хто гатовы за гэта ўзяцца, замест кіраўніка «ByPol»?

13:11. Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пералічыла праблемы, што дагэтуль не развязаныя: «Мы ўсё яшчэ не ў Беларусі, і гэта самая галоўная няўдача. Няма ніводнага завершанага кейса ўніверсальнай юрысдыкцыі з пункту гледжання судовых рашэнняў, няма ніводнага ордара на пошук і арышт злачынцаў Лукашэнкі або самога Лукашэнкі. Павялічваецца колькасць палітвязняў».

Прадстаўнік палка Каліноўскага Павел Віллі Кухта.
Фота: Белсат

13:02. Прадстаўнік палка Каліноўскага Павел Віллі Кухта таксама анансаваў канферэнцыю ў Кіеве ўвосень «дзеля выхаду з крызісу ў беларускім дэмакратычным руху». Таму патрэбнае перазаснаванне структуры нацыянальнага вызвольнага руху. Ён запэўніў, што полк адкрыты для супрацы з усімі дэмакратычных сілаў.

«Нашай мэтаю не ёсць стварэнне альтэрнатыўнага цэнтру, а выхад з сістэмнага крызісу і тупіка, у якім знаходзіцца практычна ўсё беларускае грамадства», – сказаў Кухта.

Канферэнцыя Новая Беларусь. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

12:58. Прадстаўнік палка Каліноўскага Кухта абрынуўся з крытыкаю да палітыкаў. Ён заявіў, што форма арганізацыі палітычнага жыцця апазіцыі, што склалася ў эміграцыі, не адпавядае мэце змены ўлады ў Беларусі.

«Стварэнне палітычных партыяў, рухаў і бессэнсоўных ініцыятываў, заклапочанасць рэйтынгамі, папулісцкія імкненні спадабацца ўсім, пусты піяр за кошт лаяльных медыяў не маюць сэнсу ва ўмовах акупацыі, пры якой ніякія выбары немагчымыя, пагатоў у замежжы», – сказаў ён.

Паводле яго, спачатку патрэбная дэакупацыя Беларусі знос рэжыму, а потым рыхтаванне мінімальных умоваў для выбараў.

Кухта таксама заявіў, што найперш тут важны вайсковы складнік: полк Каліноўскага і падполле ў Беларусі. Усё грамадства мусіць працаваць на войска. Палітыкі і дыпламаты мусяць мець супрацу з добраахвотнікамі, упэўнены прадстаўнік каліноўцаў.

12:36. Да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася старшыня Рады БНР Iвонка Сурвілла, і затым пачалася першая панэль. Запрошаныя прадстаўнік Кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка, віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Алена Жываглод, дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў, прадстаўніца Кіберпартызанаў Юльяна Шаметавец, прадстаўнік палка Каліноўскага Павел Віллі Кухта ды кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская.

Канферэнцыя Новая Беларусь. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

12:28. Пасля прамовы Святланы Ціханоўскай вядоўца абвесціла, што «паступіла пагроза бяспекі Ціханоўскай». Польская паліцыя мусіць праверыць усе памяшканні гатэлю, дзе праходзіць канферэнцыя. «Таму Ціханоўская не зможа прысутнічаць у залі пэўны час», – сказала Раецкая.

12:17. Канферэнцыя распачалася хвілінаю маўчання ў памяць беларусаў, загінулых за свабоду краіны. Як сказала вядоўца Кацярына Раецкая, учора на вайне ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларускі добраахвотнік.

З прамоваю выступае абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская. «Мы звыклі, што ў нас няма нейкай магічнай сілы, каб заўтра спыніць вайну і выратаваць усіх палонных. Мы пачынаем прывыкаць, што месяцамі не маем інфармацыі аб нашых палітзняволеных. Ніколі не думала, што ў жыцці будзе момант, калі я пагляджу на відэа з Сяргеем і не буду адразу ўпэўненая, што гэта ён», – сказала Ціханоўская.

Яна такасама анансавала змены ў Аб’яднаным пераходным кабінеце і дэмакратычным руху, у тым ліку і ў выніку слуханняў у Каардынацыйнай радзе. Пра гэта будзе абвечшана ўвечары.

Канферэнцыя Новая Беларусь. Варшава, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

На канферэнцыю запрошаныя: 58 экспертаў, 10 прадстаўнікоў бізнесу, 158 прадстаўнікоў грамадскага сектару, 81 прадстаўнік мэдыясупольнасці (17 незалежных журналістаў і 64 прадстаўнікі СМІ), 16 актывістаў, 152 прадстаўнікі палітычных структур, 7 былых палітвязняў або семʼяў цяперашніх палітвязняў.

Паводле арганізатараў, за мінулы год беларусы сутыкнуліся са шматлікімі выпрабаваннямі, якія цесна звязаныя з будучыняй Беларусі. Больш за паўтара года працягваецца вайна ва Украіне, якую падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. На тэрыторыі Беларусі будуюць расейскія ваенныя базы, размяшчаюць расейскую ядравую зброю і наймітаў ПВК Вагнэра. Глыбокі палітычны крызіс і прававы дэфолт – гэта тое, да чаго давяла Беларусь палітыка рэжыму Лукашэнкі. Арганізатары заклікалі ўдзельнікаў прааналізаваць мінулыя тры гады, адзначыць поспехі і няўдачы дэмакратычнай супольнасці. Але галоўнае – абмеркаваць, што рабіць з усімі выклікамі, якія стаяць перад грамадствам.

Летась у Вільні падчас канферэнцыі Новая Беларусь было абвешчана аб стварэнні Абʼяднанага пераходнага кабінету. Сёлета, напярэдадні канферэнцыі, чальцы Кабінету прадставілі справаздачы аб сваёй працы за год перад Каардынацыйнай радай. Чакаецца, што падчас канферэнцыі Святлана Ціханоўская ўхваліць новы склад Абʼяднанага пераходнага кабінету. Паводле неафіцыйных звестак, сваю пасаду можа страціць Аляксандр Азараў, у Кабінеце ён зʼяўляецца прадстаўніком па аднаўленні правапарадку.

belsat.eu

Стужка навінаў