Праект «Новая Беларусь» зладзіць 10-дзённы гастранамічны фэст адразу ў трох краінах


Праект Паўла Лібера «Новая Беларусь» рыхтуецца адсвяткаваць свой першы дзень народзінаў: да гэтай даты разам з беларускімі барамі, кавярнямі і рэстаранамі будзе арганізаваны гастрафэст.

Афіша гастранамічнага праекту «Новай Беларусі». Крыніца: newbelarus_news / Twitter

Першы «Гастрафэст Новай Беларусі» пройдзе з 1 да 10 снежня ў трох краінах і пяці гарадах: Варшаве, Гданьску, Познані, Тбілісі і Вільні. 11 беларускіх бараў, кавярняў і рэстаранаў прыгатуюць на новы лад 35 страваў і напояў, што здаўна былі модныя ў Беларусі.

«Кожная страва ўдзельнікаў – гэта не проста смачная ежа, а кранальная гісторыя, асабістая і нашая агульная», – абяцаюць арганізатары.

Напрыклад, віленская «Karčma 1863» прыгатуе «сэт старадаўняга экстрэміста», прысвечаны Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу, – кожная страва ў ім будзе звязаная з жыццём ці творчасцю драматурга. Кухар бару «MY», што ў Познані, будзе гатаваць мачанку паводле даўняга рэцэпту сваёй бабулі з-пад Барысава. Гданьскі бар «Mirzam» таксама прыгатуе мачанку, але веганскую, каб вярнуць гэтую страву з дзіцячых успамінаў у талеркі беларусаў і беларусак, якія не спажываюць ежы жывёльнага паходжання.

Hавiны
Новая Беларусь: беларусам прапануюць стварыць свабодную дзяржаву ў смартфоне
2022.12.02 21:04

Апроч ежы, гасцей «Гастрафэсту Новай Беларусі» чакае некалькі сюрпрызаў: 2 снежня, у дзень народзінаў праекту, карыстальнікі аплікацыі «Новая Беларусь» разам з гастрафэставай стравай атрымаюць «камплімент» ад «Новай Беларусі». А падчас усяго гастрафэсту ў месцы, што ў ім удзельнічаюць, будуць прыходзіць «таемныя» госці – вядомыя беларусы і беларускі, каб усе ахвочыя маглі разам з імі пачаставацца беларускай ежай і пагаварыць пра жыццё.

Поўны спіс удзельнікаў, іх стравы з гісторыямі, кошты і ўсе важныя навіны будзе апублікаваны ў суполцы «Hastrafest Novaj Biełarusi» ў аплікацыі «Новая Беларусь».

Hавiны
«Новая Беларусь» вызначыла пераможцаў конкурсу, на які беларусы перадавалі частку падаткаў
2023.08.16 15:45

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў