«Новая Беларусь» вызначыла пераможцаў конкурсу, на які беларусы перадавалі частку падаткаў


Праект «Новая Беларусь» расказаў пра вынікі конкурсу ў межах праекту «лічбавага самакіравання»: беларусам за мяжою прапаноўвалі скіраваць частку іхных падаткаў у фонды-партнёры, каб грошы пайшлі на беларускія праекты, што выберуць на конкурсе. Перамаглі ідэі сайту пра гісторыю Беларусі па-англійску і беларускай бібліятэкі ў Літве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Вільні адбылася акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў трэцюю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Людзі, якія плацяць падаткі ў Літве і Польшчы, могуць самі выбіраць, на што пойдуць адпаведна 1,2 % і 1,5 % іхных падаткаў: можна пакінуць выбар дзяржаве, а можна скіраваць свае грошы на дапамогу канкрэтнаму праекту – напрыклад, любімаму прытулку для жывёлінаў.

Платформа «Новая Беларусь» прапанавала беларусам пералічыць грошы на беларускія праекты. Сабралі такім чынам 13 тысяч еўраў у Літве і як мінімум 8 тысяч еўраў у Польшчы (дакладную суму даведаюцца пазней).

Два месяцы каманда «Новай Беларусі» рыхтавала фінальнае галасаванне, распрацавала складаную сістэму адбору. Удзельнікі конкурсу прапаноўвалі ідэі праектаў, галасавалі за найлепшыя і разам іх дапрацоўвалі. Але ў выніку ад фінальнага галасавання адмовіліся, бо ў пераможцаў, як сцвярджаецца, «проста не засталося канкурэнтаў».

«Безумоўна, у нас быў план, але мы былі гатовыя яго змяняць у залежнасці ад жаданняў і дзеянняў удзельнікаў і ўдзельніц. І цягам гэтых двух месяцаў мы насамрэч яго не раз змянялі. Гэта было стрэсава для нас, але ў тым і ёсць сутнасць пілоту: мы прапанавалі людзям план і інструменты, акрэслілі заканадаўчыя межы, а яны самі вызначылі, што ім патрэбна і як скарыстацца гэтымі магчымасцямі», — тлумачыў сузаснавальнік праекту Павел Лібер.

Перамаглі такія праекты:

1. Партал па гісторыі Беларусі па-беларуску ад каманды беларусаў Польшчы. Гісторыю абяцаюць расказаць «так, як бачаць яе беларусы», каб «вярнуць Беларусь на гістарычныя мапы Еўропы».

2. Беларуская бібліятэка ў Літве. У бібліятэцы хочуць сабраць сучасную беларускую літаратуру для дзяцей і дарослых, а таксама ладзіць на базе бібліятэкі чытальныя клубы і сустрэчы з пісьменнікамі.

Падрабязней аб праектах расказваюць у самой праграме «Новая Беларусь», якую можна спампаваць тут для Android і iOS.

Пераможцы маюць ажыццявіць свае ідэі цягам аднаго года і зрабіць справаздачу. Сачыць за рэалізацыяй можна будзе праз адпаведныя суполкі ў праграме «Новая Беларусь». Імёнаў пераможцаў не раскрываюць.

Hавiны
Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» прэзентавалі альтэрнатыўны беларускі пашпарт
2023.08.06 18:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў