«Мы не здолелі спыніць рэжыму ў самым пачатку». Ці адкажа Лукашэнка за злачынствы супраць чалавецтва?


Еўрапейская дэмакратычная супольнасць шукае шляхі, як прыцягнуць Лукашэнку і ягоных памагатых да адказнасці за злачынствы супраць чалавецтва. Універсальная юрысдыкцыя, Міжнародны крымінальны суд, спецыяльны трыбунал – гэтыя ды іншыя інструменты і механізмы ў дачыненні рэжыму абмяркоўваліся на міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавецтва і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя», якая прайшла 12 чэрвеня ў Вільні.

Святлана Ціханоўская на міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавецтва і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя». 12 чэрвеня 2023 года, Вільня.
Фота: Цэнтр права і дэмакратыі «Justice Hub»

Ціханоўская: Мы ведаем пра злачынствы, але ў нас няма механізмаў, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці

У пачатку канферэнцыі з прывітальным словам выступіла Святлана Ціханоўская. Яна выказала спадзяванне, што канферэнцыя станецца яшчэ адным крокам на шляху аднаўлення правасуддзя ў Беларусі.

Абраная прэзідэнтка Беларусі нагадала, што злачынствы рэжыму Лукашэнкі пачаліся не ў 2020 годзе, а цягнуцца з 1994-га.

«Злоўжыванне ўладаю, фальсіфікацыя выбараў, згон самалёта, злачынствы супраць чалавечнасці і злачынствы агрэсіі, пазасудовыя расправы над палітычнымі апанентамі. Мы ведаем пра гэтыя злачынствы, але ў нас няма механізмаў, якія дазволяць прыцягнуць рэжым да адказнасці. Спадзяюся, эксперты, якія сабраліся тут, дапамогуць нам знайсці рашэнні, – зазначыла Ціханоўская. – Для аднаўлення справядлівасці нам неабходна не толькі вызваліць усіх палітычных зняволеных і правесці вольныя і сумленныя выбары, але і прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто здзейсніў злачынствы».

Беларуская лідарка адзначыла, што жорсткасць рэжыму Лукашэнкі была дакументальна пацверджаная. АБСЕ двойчы ініцыявала Маскоўскі механізм супраць рэжыму. На падставе яго рэкамендацыяў стварылі Міжнародную платформу ў справе прыцягненні да адказнасці для Беларусі. Да гэтай платформы далучыліся беларускія праваабаронцы ды іхныя партнёры з розных краінаў. На платформе сабраная інфармацыя пра больш як тысячу ахвяраў і сведкаў імаверных злачынстваў, больш за сто тысяч відэаролікаў, больш за 300 тысяч фотаздымкаў і тэкстаў з 418 адкрытых крыніцаў – усяго больш за 700 тысяч матэрыялаў.

«Да злачынстваў Лукашэнкі дадалося яшчэ адно – незаконны вываз украінскіх дзяцей»

Святлана Ціханоўская на міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавецтва і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя». 12 чэрвеня 2023 года, Вільня.
Фота: Цэнтр права і дэмакратыі «Justice Hub»

Ціханоўская прыгадала, што ў сакавіку 2023 года беларусы даведаліся пра «інкамунікаду», калі палітычныя вязні цалкам адрэзаныя ад вонкавага свету, у іх няма сувязі са сваякамі і юрыдычнай дапамогі.

«Напрыклад, я ўжо тры месяцы не атрымліваю навінаў ад свайго мужа Сяргея», – зазначыла беларуская лідарка.

Ціханоўская вітае рэзалюцыю Сейму Літвы, у якой прапаноўваецца стварыць адмысловы міжнародны трыбунал аб злачынствах супраць чалавецтва, здзейсненых рэжымам, як у дачыненні беларусаў, гэтак і за суагрэсію супраць Украіны. Таксама беларуская лідарка прыгадала, што сёлета да злачынстваў рэжыму Лукашэнкі дадалося яшчэ адно – незаконны вываз дзяцей з Украіны ў Беларусь, што таксама патрабуе прававой ацэнкі.

Ціханоўская прапанавала вывучыць існыя механізмы прыцягнення дыктатара і ягоных памагатых да адказнасці. Сярод іх – універсальная юрысдыкцыя, спецыяльныя трыбуналы, у тым ліку рэгіянальныя трыбуналы, Міжнародны суд ААН, Міжнародны крымінальны суд:

«Я прашу вас звярнуць асаблівую ўвагу на ўніверсальную юрысдыкцыю. Яна дазваляе дзяржавам пераследаваць злачынствы, здзейсненыя ў іншых краінах і замежнымі грамадзянамі. Выкарыстанне ўніверсальнай юрысдыкцыі было ўхваленае ПАРЕ ў 2021 годзе. Дзяржавы – сябры Рады Еўропы могуць адкрываць справы аб парушэннях правоў чалавека, нават калі злачынца не на іхнай тэрыторыі».

«Рэжым бачыць, што існыя механізмы не працуюць, гэта дае яму пачуццё беспакаранасці»

Беларуская лідарка прыгадала, што справы аб расследаванні катаванняў у Беларусі ўжо былі распачатыя ў Літве і Польшчы, робяцца спробы ўзбудзіць такія справы ў Чэхіі ды Нямеччыне.

Аднак прагрэс у такіх справах вельмі абмежаваны, рашэнні прымаюцца вельмі павольна, выказала шкадаванне Ціханоўская:

«Каб прасоўваць гэтыя справы, нам патрэбная палітычная воля, а таксама супрацоўніцтва паміж следчымі і праваабаронцамі, якія маюць доступ да ўсіх даных. На жаль, у нас таксама няма значнага прагрэсу з Міжнародным крымінальным судом. Каб распачаць расследаванне, нам неабходнае рашэнне пракурора МКС. Запуск расследавання праз Раду бяспекі малаверагодны, пакуль Кітай і Расея маюць права вета. Рэжым бачыць, што існыя механізмы не працуюць. Гэта дае яму пачуццё беспакаранасці, і рэжым толькі ўзмацняе рэпрэсіі».

Латушка: Рэзалюцыі Еўрапарламенту носяць дэкларатыўны характар

Павел Латушка на міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавецтва і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя». 12 чэрвеня 2023 года, Вільня.
Фота: Цэнтр права і дэмакратыі «Justice Hub»

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка таксама заклікаў Захад пачаць выкарыстоўваць прававыя інструменты прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, вінаватых у злачынствах супраць чалавецтва ў дачыненні беларусаў. Адначасова Латушка раскрытыкаваў міжнародную супольнасць за недастатковы ўдзел у развязанні сітуацыі ў Беларусі:

«Калі б усе прынятыя Еўразвязам рэзалюцыі прымяняліся, праблема Беларусі ўжо была б вырашаная. Але праблема ў тым, што рэзалюцыі Еўрапарламенту носяць дэкларатыўны характар. Як дыпламат, які больш за 20 гадоў адпрацаваў амбасадарам у розных краінах, заўсёды аддаваўшы перавагу двухбаковай дыпламатыі, у адрозненне ад шматбаковай дыпламатыі, я шчыра скажу: я не веру, што ў бліжэйшай перспектыве мы можам правесці гэтае рашэнне ў рамках Генеральнай асамблеі ААН [пра стварэнне міжнароднага трыбуналу. – Заўвага рэд.]».

Латушка скептычна ставіцца да перспектывы стварэння трыбуналу ў справе злачынстваў супраць чалавецтва, якія здзейсніў рэжым Лукашэнкі:

«Мы тры гады лабіявалі гэтае пытанне ў розных урадах, і я не ўбачыў палаючых вачэй ні ў воднага міністра. Дай Бог, можа, штосьці зменіцца, але пакуль што я скептычна настроены».

«Калі беларусы не ўбачаць правасуддзя ў дзеянні, проста страцяць веру ў дэмакратыю»

Павел Латушка падкрэсліў, што ў Беларусі сёння няма правасуддзя, усе інструменты правасуддзя застаюцца за мяжой, у дэмакратычных дзяржавах, але, на жаль, пакуль няма ніводнага прыкладу, каб гэтыя інструменты ўжываліся:

«Калі беларусы не ўбачаць правасуддзя ў дзеянні, шмат хто проста страціць веру ў дэмакратыю, прыйдзе да высновы, што дэмакратычныя інстытуты неэфектыўныя».

Паводле намесніка Святланы Ціханоўскай, крымінальныя справы, заведзеныя ў еўрапейскіх краінах на канкрэтных памагатых рэжыму, могуць паспрыяць «расколу элітаў»:

«Не ўсе ў рэжыме Лукашэнкі жадаюць быць злачынцамі. У чыноўніка павінен быць выбар: застацца ў сістэме і здзяйсняць злачынствы, пайсці ў адстаўку і не здзяйсняць злачынстваў ці трэці варыянт – проста не ісці ў сістэму. Гэта паступова разбурыць сістэму і прывядзе да расколу элітаў. Гэта адна з нашых ключавых палітычных мэтаў. Крымінальны пераслед – адзін з ключавых элементаў расколу элітаў».

Міжнародная канферэнцыя «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавецтва і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя». 12 чэрвеня 2023 года, Вільня.
Фота: Цэнтр права і дэмакратыі «Justice Hub»

Павел Латушка прэзентаваў справаздачу Цэнтру права і дэмакратыі «Адказнасць за злачынствы супраць чалавецтва ў Беларусі» з сабранымі доказамі злачынстваў супраць чалавецтва ў дачыненні беларусаў ды іх прававою кваліфікацыяй з 2020 года да сёння:

«Справаздача паказвае, што злачынствы супраць чалавецтва ў Беларусі ёсць палітыкаю дзяржавы. Гэтыя злачынствы здзяйсняюцца сістэматычна, па ўсёй тэрыторыі краіны і ў дачыненні любога, хто кваліфікуецца ўладамі як апазіцыйна настроены».

«Гэта не выпадковасць, гэта структурныя злачынствы»

Таксама Павел Латушка казаў пра факты незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і іхнае перанавучанне. Менавіта ў гэтай сітуацыі кіраўнік НАУ бачыць шлях выкарыстання ўніверсальнай юрысдыкцыі:

«Што перашкаджае? Мы заўсёды кажам, што пракуратуры незалежныя ад урадаў, але ў мяне адчуванне, што яны залежныя, бо ўрад не дае палітычнага сігналу. Ці знойдуцца парламенты, якія будуць ставіць у тым ліку на парламенцкім узроўні гэтыя пытанні перад пракурорамі, чаму гэтыя справы не праводзяцца?»

Пра тое, што злачынствы рэжыму Лукашэнкі адпавядаюць крытэрам злачынстваў супраць чалавецтва, казалі і іншыя ўдзельнікі канферэнцыі. Паводле Андрэя Васільева, эксперта Цэнтру права і дэмакратыі, улады ў Беларусі здзяйсняюць напад на цывільнае насельніцтва, і гэты напад можна цалкам кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавецтва, бо ён сістэматычны і шырока распаўсюджаны – датычыць вялікай колькасці насельніцтва ўва ўсіх рэгіёнах краіны.

«Паводле розных ацэнак, больш за сто тысячаў чалавек сталіся ахвярамі рэжыму. Мы бачым сістэматычнасць пераследу, а таксама агульныя рысы такіх злачынстваў у розных рэгіёнах Беларусі. Гэта не выпадковасць, гэта структурныя злачынствы», – зазначае эксперт.

Трыбунал над Лукашэнкам можа стацца часткаю трыбуналу над Пуціным

Дэпутат парламенту Эстоніі Урмас Рэйнсалу мяркуе, што датычна Беларусі Захад выпусціў момант пасля жніўня 2020 года, у тым ліку для пабудовы моцнай базы для адказнасці Лукашэнкі. Яшчэ ў 2020 годзе Захад мусіў больш інтэнсіўна дапамагаць беларускай дэмакратычнай супольнасці, перакананы палітык.

Сёння ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі існуюць два падыходы, кажа дэпутат. Першы – як мага мацней ціснуць на ўлады Беларусі і падтрымліваць апазіцыйны рух, што зробіць пазіцыю Лукашэнкі слабейшаю. Прыхільнікі другога падыходу разглядаюць рэжымы Лукашэнкі і Пуціна як асобныя з’явы.

«Думаю, гэта памылковы падыход, і Лукашэнка не аддзелены ад рэжыму Пуціна, – кажа Урмас Рэйнсалу. – Калі прайграе рэжым Пуціна, то і рэжым Лукашэнкі таксама. І найлепшая санкцыя для пуцінскай Расеі – падзенне рэжыму Лукашэнкі».

Паводле Рэйнсалу, сёння еўрапейскія краіны, асабліва тыя, што прынялі ўцекачоў ад рэжыму Лукашэнкі, павінны распачаць крымінальныя справы ў дачыненні памагатых рэжыму Лукашэнкі ў межах сваіх кампетэнцыяў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Акрамя таго, неабходна запусціць працэдуру міжнароднага трыбуналу над Лукашэнкам, што можа стацца часткаю трыбуналу над Пуціным, бо злачынствы рэжыму Лукашэнкі будуць праходзіць у справе разам са злачынствам Пуціна, у прыватнасці незаконны вываз дзяцей з Украіны.

Таксама, паводле дэпутата, трэба заахвочваць Міжнародны крымінальны суд, каб той распачаў крымінальную справу ў тым ліку супраць Лукашэнкі:

«Мы працягваем рэгістраваць злачынствы. І мы хочам перадаць пасланне памагатым рэжыму Лукашэнкі: яны прайграюць».

«Сёння мы бачым слабасць еўрапейскай дэмакратыі ў дачыненні рэжымаў»

Дэпутат Еўрапарламенту Андрус Кубілюс на міжнароднай канферэнцыі «Адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавецтва і міграцыйны крызіс: перспектывы міжнароднага правасуддзя». 12 чэрвеня 2023 года, Вільня.
Фота: Цэнтр права і дэмакратыі «Justice Hub»

Дэпутат Еўрапарламенту Андрус Кубілюс звярнуў увагу на слабасць еўрапейскай міжнароднай супольнасці ў дачыненні рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна:

«Калі дэмакратычная супольнасць не можа спыніць рэжыму ў самым пачатку, ён развіваецца ў міжнародную агрэсію. Мы не здолелі спыніць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна ў самым пачатку. Якую навуку мы з гэтага вынеслі? Сёння мы бачым слабасць еўрапейскай дэмакратычнай супольнасці ў дачыненні абодвух рэжымаў. Санкцыі не працуюць, універсальная юрысдыкцыя не працуе. Што рабіць далей?»

Кубілюс заклікае прызнаць, што ў Беларусі адбываюцца злачынствы супраць чалавецтва і запусціць механізм універсальнай юрысдыкцыі ў дачыненні вінаватых у гэтых злачынствах.

Раман Едэлеў, прафесар Інстытуту міжнародных стасункаў Тараса Шаўчэнкі Кіеўскага Нацыянальнага ўніверсітэту заклікаў беларусаў выкарыстоўваць украінскі досвед. Эксперт нагадаў пра спробы Украіны прыцягнуць да адказнасці за пасярэдніцтвам Міжнароднага крымінальнага суда вінаватых у злачынствах супраць чалавецтва, здзейсненых на Еўрамайдане ў 2013–2014 гадах:

«Але Міжнародны крымінальны суд не знайшоў злачынстваў, пацверджанні якіх Украіна сабрала і надала міжнароднай супольнасці, сістэматычнымі і шырока распаўсюджанымі, таму не прызнаў іх злачынствамі супраць чалавецтва. Таму я хачу сказаць беларусам, што вам важна даказаць сістэматычнасць і распаўсюджанасць злачынстваў ды вучыцца на нашым досведзе і нашых памылках».

Раман Едэлеў падкрэсліў, што выканаўцаў злачынстваў супраць чалавецтва ва Украіне дасюль не пакаралі.

«А калі вы не караеце такіх людзей, злачынствы паўтараюцца», – рэзюмаваў выступоўца.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў