«Так працуе незалежны суд». Чаму ў Швейцарыі апраўдалі экс-спецназаўца Юрыя Гараўскага?


Рашэнне суда ў Швейцарыі шмат для каго сталася нечаканым. Былы баец СОБРу прызнаўся ў злачынствах – выкраданні апазіцыйных палітыкаў, але яго апраўдалі. Эксперты тлумачаць: гэта не судовы канвеер у цяперашняй Беларусі, дзе абараніць сябе амаль немагчыма, а незалежнае правасуддзе, калі доказы мусяць быць неаспрэчныя.

Былы баец СОБРу Юрый Гараўскі каля суда ў Швейцарыі.
Фота: «Новы час» / novychas.online

Суд над былым спецназаўцам Юрыем Гараўскім стаўся магчымым дзякуючы ўніверсальнай юрысдыкцыі. Яна дазваляе прыцягваць людзей да адказнасці за некаторыя злачынствы незалежна ад таго, на тэрыторыі якой краіны яны былі здзейсненыя.

Гараўскі даў паказанні, што ён браў удзел у выкраданні ў 1999 годзе апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Былы баец СОБРу сцвярджаў, што іх забіў тагачасны камандзір атраду Дзмітрый Паўлічэнка.

«Паказанням няма даверу»

Акруговы суд у горадзе Роршах у кантоне Санкт-Гален апраўдаў Гараўскага.

«Агулам паказанні абвінавачанага не выклікаюць асаблівага даверу. Ён заблытаўся ў супярэчнасцях, што з’явіліся падчас розных допытаў: пры атрыманні прытулку, падчас следчых дзеянняў у пракуратуры і напрыканцы – у судзе», – гаворыцца ў пастанове.

Суд адзначыў, што ў справе ёсць яшчэ адзін бок, які адказны за знікненні, – дзяржава або палітычная арганізацыя, аднак «улады не былі рэпрэзентаваныя ў гэтым разборы».

Каментар
Аляксандр Класкоўскі: Суд над Гараўскім – сведчанне непазбежнасці пакарання Лукашэнкі
2023.09.19 12:59

«Застаецца не зразумелым, ці ўдзельнічаў абвінавачаны ў дзеяннях, аб якіх ішла гаворка, і ў якой ступені. Застаецца верагоднасць, што аб падрабязнасцях гэтых дзеянняў ён дазнаўся ад таварышаў са службы альбо з медыяў», – мяркуе суд.

У пастанове таксама не выключаецца, што Гараўскі «быў зацікаўлены ў тым, каб падмацаваць сваё хадайніцтва аб прытулку ў Швейцарыі як мага больш драматычнымі апісаннямі»:

«Сам ён растлумачыў, што звярнуўся ў СМІ, бо яму сказалі, што гэта станоўча паўплывае на рашэнне аб прытулку».

Суд таксама не знайшоў віны былога спецназаўца ў наўмысным увядзенні правасуддзя ў зман, бо гэтаму таксама няма доказаў.

Каментар
«Мінімум 20-гадовы тэрмін». Дачка забітага Юрыя Захаранкі пракаментавала суд над Гараўскім
2023.09.21 00:39

Адвакатка фігуранта справы Ві Хуэн заявіла, што такім вынікам задаволеная:

«Мы задаволеныя вынікам. Але чакаем выраку ў пісьмовым выглядзе. Тады пабачым, якія будуць наступныя крокі. Але для майго кліента гэта быў цяжкі час».

Адвакат сям’і забітых палітыкаў Сэвэрын Вальц паабяцаў падаць апеляцыю:

«Вырак неадпаведны. Мы будзем падаваць апеляцыю. З таго, што было агучана вусна, стала зразумела, што юрыдычнае разуменне злачынства – гвалтоўнага выкрадання – да суда не дайшло».

Юрыст з недзяржаўнай арганізацыі «Trial International» Бэнуа Мэйстр, у сваю чаргу, заявіў журналістам, што праваабаронцы працягнуць намаганні, каб датычныя да знікнення палітыкаў былі пакараныя:

«Відавочна, што гвалтоўнае выкраданне як злачынства адбылося. Гэта было прадэманстравана ў шматлікіх афіцыйных паведамленнях, асабліва ў Радзе Еўропы. Так што няма сумневаў, што гэтыя тры асобы зніклі пры жахлівых абставінах. І мы будзем змагацца за тое, каб найвышэйшыя дзяржаўныя органы былі прыцягнутыя да адказнасці за такога роду злачынствы, бо гэта дзяржаўныя злачынствы».

«Рана радуецеся»

Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў каментары «Белсату» заўважыў, што прапаганда рана радуецца пастанове швейцарскага суда.

«Вельмі важна, што ў рашэнні суда адзначаецца, што за гэтымі злачынствамі стаяць улады Беларусі, то бок рэжыму Лукашэнкі. І суд сведчыць гэта ў сваіх матэрыялах, гэта зафіксавана ў матэрыялах судовай справы», – сказаў палітык.

Ён назваў справу прэцэдэнтнаю. «Упершыню ў дачыненні грамадзяніна Беларусі, які застаецца за мяжою, была распачатая крымінальная справа на падставе канвенцыі, што вядзе барацьбу з прымусовымі знікненнямі. Гэта адкрывае для нас дарогу, каб у камунікацыях з нашымі партнёрамі дамагацца адкрыцця крымінальных справаў у межах універсальнай юрысдыкцыі на падставе канвенцыі ААН супраць гвалту. І такіх заяваў ужо пададзена не адзін дзясятак грамадзянамі Беларусі», – распавёў Латушка.

«Першая ластаўка»

Пастанова швейцарскага суда не азначае, што выкраданняў і забойстваў не было, адзначыў у эфіры «Белсату» адвакат Алесь Міхалевіч:

«Гэта значыць толькі тое, што швейцарскі суд у тых абмежаваных умовах, у якіх яны былі, – а яны не могуць дапытаць іншых сведкаў, ніхто не прывязе ім іншых людзей, якія могуць даць істотныя паказанні, – суд палічыў, што доказная база недастатковая».

Госць «Студыі Белсат» звярнуў увагу на тое, што іншы вынік быў бы пры магчымасці дапытаць астатніх сведак.

«Калі б швейцарскі суд мог дапытаць Паўлічэнку, іншых, людзі на лаве падсудных, упэўнены, атрымалі б тэрміны. А ў іх няма магчымасці дабрацца да большасці сведкаў, выклікаць у суд, дапытаць іх, зрабіць разбор на тым узроўні, на якім гэта звычайна адбываецца ў дэмакратычнай краіне. Але гэта не значыць, што такой магчымасці не з’явіцца пазней. Гэта першая ластаўка. Пасля дэмакратычных рэформаў у Беларусі будзе стаяць чарга з ахвотных даць паказанні», – упэўнены Міхалевіч.

Паводле яго, незалежны суд не зняволіць асобу, калі не будзе ўпэўнены, што віна даказаная:

«Мы ж не хочам, каб прызнанне было «царыцаю доказаў», як гэта было за савецкім часам. Мусіць быць доказная база. Каб асобу прызналі вінаватаю ў крымінальным працэсе, гэта павінна быць даказана па-за ўсялякімі сумневамі. Калі гэтыя сумневы застаюцца, асоба мусіць быць апраўданая».

Адвакат падсумаваў, што справа Гараўскага – сапраўдны прарыў, бо «ўніверсальная юрысдыкцыя пачала працаваць».

«Трэба лепш рыхтавацца»

Дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька, каментуючы ў эфіры «Белсату» швейцарскі працэс, заклікаў «зрабіць высновы»:

«Юрысты з гэтага боку не знайшлі дастатковых аргументаў, каб вырак быў не апраўдальны. Швейцарыя, Еўропа, еўрапейская прастора – гэта незалежная судовая сістэма. І калі мы будзем распачынаць новыя справы, трэба быць больш падрыхтаванымі да гэтага».

Палітык назваў вырак паказнікам таго, што такое незалежная судовая сістэма: «Калі ёсць хоць невялікія сумневы, то чалавека не кідаюць за краты. Гэта вельмі такі чорна-белы фармат таго, што мы бачым у судовай сістэме ў Беларусі».

Лябедзька таксама не выключыў, што супярэчлівасць паказанняў Гараўскага была акурат стратэгіяй абароны, бо гэтая блытаніна ў выніку зрабілася падставаю для апраўдання.

Каментар
Што такое ўніверсальная юрысдыкцыя і хто з лукашэнкаўскіх чыноўнікаў панясе адказнасць паводле яе?
2023.09.19 16:13

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў