Павел Латушка аб прысудзе Гараўскаму: Cуд адзначыў, што за злачынствамі стаяць улады Беларусі


Сёння экс-байцу САХР Юрыю Гараўскаму ў швейцарскім судзе быў вынесены апраўдальны прысуд. Аб тым, ці можна лічыць гэта паразай тых, хто хацеў бы прыцягнуць да адказнасці злачынцаў, вінаватых у выкраданні вядомых беларускіх палітыкаў у канцы 1990-х гадоў, мы спыталі ў намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, лідара НАУ Паўла Латушкі.

Юрый Гараўскі, якому 28 верасня 2023 у швейцарскім судзе быў вынесены апраўдальны прысуд па справе выкраданняў вядомых беларускіх палітыкаў. Калаж: Белсат

Наш суразмоўца адзначыў, што не згодзен з тым, што гэта параза, а ўсім прапагандыстам, якія могуць радавацца апраўдальнаму прысуду, адказаў: «Рана радуецеся».

На думку Паўла Латушкі, вельмі важна, што ў матывавальнай частцы рашэння швейцарскага суда адзначаецца, што за гэтымі злачынствамі стаяць улады Беларусі, рэжым Лукашэнкі.

«Аб гэтым сведчыць суд у сваіх матэрыялах, і гэта вельмі важна, што датычнасць рэжыму Лукашэнкі ў знікненні беларускіх палітыкаў фактычна фіксуецца ў матэрыялах судовай справы», – падкрэсліў палітык.

Другім важным фактарам Павел Латушка назваў тое, што гэта «прэцэдэнтная справа». Упершыню была распачатая крымінальная справа і было прадстаўлена абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі, які знаходзіцца за мяжой, а пазней справа дайшла да суда на падставе канвенцыі, «якая вядзе барацьбу супраць прымусовых знікненняў».

«Гэта адкрывае для нас таксама дарогу, каб у камунікацыях з нашымі партнёрамі дамагацца распачацця крымінальных справаў у рамках універсальнай юрысдыкцыі на падставе канвенцыі ААН супраць гвалту. І такіх унёскаў, такіх заяваў ужо пададзена не адзін дзясятак грамадзянамі Беларусі. І мы на падставе гэтага швейцарскага прэцэдэнту будзем камунікаваць з адпаведнымі структурамі ў Літве, Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі, у той жа Швейцарыі, дзе, як мы лічым, павінны распачацца справы прыцягнення да адказнасці злачынцаў рэжыму Лукашэнкі на падставе ўніверсальнай юрысдыкцыі», – сказаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі.

Павел Латушка адзначыў, што кірункам дзейнасці дэмакратычных сілаў «будзе далейшая праца і перадача матэрыялаў у Міжнародны крымінальны суд па фактах незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей (а гэта ваенныя злачынствы)». Таксама ён адзначыў, што будзе працягнутая камунікацыя з суседнімі краінамі і партнёрамі, дзеля таго каб распачаць справу ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда на падставе злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых у адносінах да грамадзянаў Беларусі, а таксама далейшая праца па прыцягненню да адказнасці Лукашэнкі за акт агрэсіі супраць Украіны.

«І мы не спынімся і будзем далей працягваць і весці сваю барацьбу, каб быў пакараны як сам кіраўнік арганізаванай злачыннай групы, так і ўсе ягоныя паплечнікі», – падкрэсліў наш суразмоўца.

Нагадаем, што 28 верасня суд швейцарскага кантону Санкт-Гален апраўдаў былога спецназаўца Юрыя Гараўскага на працэсе, які праходзіў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Яго не прызналі вінаватым у гвалтоўным знікненні апазіцыйных палітыкаў.

Hавiны
Швейцарскі суд апраўдаў былога спецназаўца Юрыя Гараўскага
2023.09.28 17:21

Суддзя адзначыў, што некаторыя з паказанняў Гараўскі прыдумаў, і ўказаў на пэўныя неадпаведнасці. Так, напрыклад, 6 верасня 1999 года ў час выкрадання Ганчара і Красоўскага на небе не было поўні, як пра гэта казаў Гараўскі. Таксама суддзя палічыў не вартымі даверу словы абвінавачанага наконт таго, што ён разбіў шкло ў машыне пры выкраданні Віктара Ганчара, каб пакінуць сляды крыві. Сумнеўнымі суддзі падаліся словы Гараўскага аб тым, што катастрофа, у якую трапіў былы спецназавец, была замахам на ягонае жыццё.

Суд прыйшоў да высновы, што Гараўскі, верагодна, служыў у САХР, але ягоная роля ў выкраданні беларускіх палітыкаў застаецца незразумелай. У той жа час суддзя адзначыў, што ў гэтай справе «замешаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя знікненні, гэтыя факты не павінны выклікаць сумненняў».

«Сёння апраўданы Юры Гараўскі. Але не апраўданыя прадстаўнікі рэжыму ў Беларусі, якія адказныя за смерць Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага», – адзначыў суд.

Адвакат Севярын Вальц, які прадстаўляе ў швейцарскім судзе інтарэсы Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай (дачок зніклых у канцы 1990-х гадоў палітыка і бізнесмэна), заявіў, што збіраецца абскарджваць прысуд, бо лічыць такое рашэнне няправільным. Таксама адвакат адзначыў, што мае надзею на тое, што суд іншай інстанцыі вынясе іншае рашэнне, і для гэтага, на яго думку, ёсць падставы.

Абноўлена
Прадстаўнік Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай будзе абскарджваць прысуд Гараўскаму
2023.09.28 19:44
Раман Шавель  belsat.eu
Стужка навінаў