Прадстаўнік Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай будзе абскарджваць прысуд Гараўскаму


Адвакат Севярын Вальц, які прадстаўляе ў швейцарскім судзе інтарэсы Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай (дачок зніклых у канцы 1990-х гадоў палітыка і бізнесмэна), заявіў, што збіраецца абскарджваць прысуд, вынесены 28 верасня былому байцу САХР Юрыю Гараўскаму.

Адвакат Севярын Вальц, які прадстаўляў у швейцарскім судзе інтарэсы Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай.
Фота: «Новы час»

Севярын Вальц адзначыў, што не задаволены вынікамі суда, паводле якога экс-спецназаўцу Юрыю Гараўскаму быў вынесены апраўдальны прысуд. Ён падкрэсліў, што лічыць такое рашэнне няправільным, піша выданне «Новы час».

Севярын Вальц адзначыў, што мае надзею на тое, што суд іншай інстанцыі вынясе іншае рашэнне, і для гэтага, на яго думку, ёсць падставы.

Адвакат назваў галоўнай сутнасцю сённяшняга суда тое, што суддзя не даў веры паказанням абвінавачанага, а таксама не палічыў гэтыя паказанні сапраўднымі.

У той жа час, сцвярджае Вальц, гэта не азначае, што сама гісторыя выкрадання і забойства беларускіх палітыкаў з’яўляецца несапраўднай. Ёсць толькі падставы сумнявацца ў той ролі, якую ў гэтых падзеях выконваў сам Гараўскі, бо ў ягоных паказаннях ёсць шматлікія супярэчнасці.

Таксама Севярын Вальц паведаміў, што Юрый Гараўскі застанецца ў Швейцарыі і не будзе дэпартаваны.

Нагадаем, што 28 верасня суд швейцарскага кантону Санкт-Гален апраўдаў былога спецназаўца Юрыя Гараўскага на працэсе, які праходзіў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Яго не прызналі вінаватым у гвалтоўным знікненні апазіцыйных палітыкаў.

Суддзя адзначыў, што некаторыя з паказанняў Гараўскі прыдумаў, і ўказаў на пэўныя неадпаведнасці. Так, напрыклад, 6 верасня 1999 года ў час выкрадання Ганчара і Красоўскага на небе не было поўні, як пра гэта казаў Гараўскі. Таксама суддзя палічыў не вартымі даверу словы абвінавачанага наконт таго, што ён разбіў шкло ў машыне пры выкраданні Віктара Ганчара, каб пакінуць сляды крыві. Сумнеўнымі суддзі падаліся словы Гараўскага аб тым, што катастрофа, у якую трапіў былы спецназавец, была замахам на ягонае жыццё.

Суд прыйшоў да высновы, што Гараўскі, верагодна, служыў у САХР, але ягоная роля ў выкраданні беларускіх палітыкаў застаецца незразумелай. У той жа час суддзя адзначыў, што ў гэтай справе «замешаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя знікненні, гэтыя факты не павінны выклікаць сумненняў».

«Сёння апраўданы Юры Гараўскі. Але не апраўданыя прадстаўнікі рэжыму ў Беларусі, якія адказныя за смерць Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага», – адзначыў суд.

 

Hавiны
Швейцарскі суд апраўдаў былога спецназаўца Юрыя Гараўскага
2023.09.28 17:21

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў