«Гэта надоўга». Што трэба ведаць пра чарговыя перамовы Пуціна і Лукашэнкі


Паседжанне Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы ў Маскве выявілася руціннай сустрэчай без канкрэтных вынікаў. Нішто не ўказвае і на тое, што нейкія важныя таемныя рашэнні былі прынятыя і падчас перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна тэт-а-тэт. Аднак часам дзяжурная саюзная рыторыка бывае больш красамоўнай, чым гучныя палітычныя заявы.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас паседжання Дзяржсавету Саюзнай дзяржавы. Масква, Расея. 6 красавіка 2023 года.
Фота: Sputnik / Reuters / Forum

Пасля 2020 года двухбаковыя кантакты Пуціна і Лукашэнкі набылі надзвычайную інтэнсіўнасць: толькі летась яны сустракаліся не менш за 10 разоў. Аднак візіт Лукашэнкі ў Маскву 5–6 красавіка 2023 года адрозніваўся ад астатніх, бо ўключаў у сябе паседжанне Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы. Такія саюзныя саміты адбываюцца досыць рэдка: мінулы, напрыклад, прайшоў у пачатку лістапада 2021 года (тады адбылося падпісанне 28 саюзных праграмаў), а папярэдні – аж у чэрвені 2018 года. Таму чаканне ад гэтага паседжання было трохі вышэйшым, чым ад звычайных двухбаковых сустрэчаў.

Лукашэнка пачаў рэкламаваць саюзны саміт яшчэ два месяцы таму. Свой папярэдні візіт у Маскву ён фактычна прэзентаваў як частку рыхтавання да паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету, што мусіла стварыць уражанне – падзея чакаецца не шараговая. Аднак змястоўна лютаўскі і красавіцкі візіты ў Маскву мала чым адрозніваліся – на іх гучала амаль аднолькавая саюзніцкая рыторыка і ніякіх новых рашэнняў не агучвалася. Хутчэй за ўсё, яны і не планаваліся.

«Па сутнасці, мы сабраліся толькі для таго, каб зафіксаваць вынікі вашай працы», – заявіў Пуцін, звяртаючыся да міністраў.

Нават прагрэсам у саюзным будаўніцтве бакі пахваліцца не здолелі: Лукашэнка як у лютым казаў пра выкананне інтэграцыйных праграмаў на 80 %, так і цяпер паўтарыў тую ж ацэнку. Зноў было заяўлена пра рыхтаванне да падпісання дакументаў для стварэння электраэнергетычнага рынку (ключавое і найбольш праблемнае пытанне ў 28 саюзных праграмах), аднак калі гэта можа адбыцца – ніхто не патлумачыў.

Бяспека: рэха дыверсіі ў Мачулішчах

Напярэдадні паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету Пуцін і Лукашэнка правялі закрытыя двухбаковыя перамовы тэт-а-тэт, якія завяршыліся глыбокаю ноччу, аж а 02:15. Лукашэнка назваў гэтыя перамовы фундаментальнымі і выніковымі ды распавёў, што на іх абмяркоўваліся пытанні бяспекі, развіцця ВПК і абароны Саюзнай дзяржавы. «Ува ўсіх пытаннях, а іх было больш за дзясятак, мы дасягнулі згоды. Вядома, мы асабліва не раскрываем тэматыкі. Але, думаю, у найбліжэйшы час вы гэта ўсё пачуеце і ўбачыце», – запэўніў ён. Аднак насамрэч нішто не ўказвае на тое, што падчас начных перамоваў былі прынятыя нейкія новыя прынцыповыя рашэнні. Пуцін, у сваю чаргу, заўважыў, што Лукашэнка закрануў пытанне толькі аб «падаўжэнні некаторых нашых ранейшых дамоўленасцяў».

Не выключана, што Пуцін і Лукашэнка на закрытых перамовах абмяняліся папрокамі. Напярэдадні візіту Лукашэнкі ў Маскву да яго ў Менск прыязджаў кіраўнік Службы вонкавай разведкі Расеі Сяргей Нарышкін. Падчас гэтай сустрэчы Лукашэнка выглядаў чалавекам, які апраўдваецца перад Крамлём – імаверна, за тое, што дапусціў атаку на расейскі самалёт А-50У ў Мачулішчах. «Мы не ад Бога, усяго мы прадугледзець не можам», – спрабаваў патлумачыць ён. Акрамя таго, яшчэ да візіту Нарышкіна можна было заўважыць намёкі на тое, што віну за правал беларускіх спецслужбаў афіцыйны Менск хоча хаця б часткова спіхнуць на расейцаў. Неўзабаве пасля Мачулішчаў прагрымела гісторыя з «гарадзенскім тэрарыстам», што, як падкрэслівалі прапагандысты, меў расейскі пашпарт і прыехаў у Беларусь з усходу. Генпракурор Андрэй Швед тады па гарачых слядах заявіў, што трэба прыняць захады, каб спыніць «перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу, у тым ліку з Расеяй, зброі, выбухоўкі і беспасярэдне саміх тэрарыстаў».

Словы Шведа былі зусім не дзяжурнымі, бо Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным да гэтай думкі вярнуўся. Паводле Лукашэнкі, «у нас з Украінай мяжа намёртва закрытая», а вось праз Расею ў Беларусь зброя пайшла «проста патокам». Ён адразу павярнуў гэтую тэму ў бок паспяховай супрацы ФСБ і КДБ, распавёў пра затрыманне чарговага «тэрарыста» і выкрыццё сховішчаў са зброяй. Аднак насамрэч прагучала гэта як папрок у бок РФ: маўляў, мы цвёрда трымаем абарону, а ў вас межы дзіравыя.

«Таму мы ўчора вельмі сур’ёзна абгаварылі пытанні бяспекі ў гэтым плане. Думаю, мы справімся», – рэзюмаваў Лукашэнка.

Цікава, што падчас адкрытай для журналістаў часткі двухбаковай сустрэчы 5 красавіка Пуцін выказаў пажаданне абмеркаваць пасланне Лукашэнкі да Нацыянальнага сходу. Для Расеі ў гэтым звароце маглі выклікаць цікавасць два мэсіджы: наконт прапановы перамір’я ва Украіне (імаверна, гэтая прапанова была якраз ініцыятываю Крамля) і наконт ядравай зброі. На наступны дзень Лукашэнка сам вярнуўся да тэмы ядравай зброі ў Беларусі, зноў прыгразіўшы ўсяму свету: «Калі будзе трэба, мы выкарыстаем усё, што ў нас ёсць, каб абараніць нашыя дзяржавы і народы». Праўда, адначасова ён заявіў, што выступае за поўнае знішчэнне ядравай зброі на планеце.

Аналітыка
Курс на таталітарызм і ядравы шантаж. У чым сэнс звароту Лукашэнкі
2023.03.31 21:14

Нагадаем, у пытанні тактычнай ядравай зброі (ТЯЗ) у Беларусі пасланне Лукашэнкі ўтрымлівала відавочную супярэчнасць: ён сцвярджаў, што гэта «нашая зброя» і ён сам будзе ёю кіраваць, а Пуцін у сваёй заяве 25 сакавіка і потым беларускае МЗС настойвалі, што перадачы кантролю над ТЯЗ не будзе. Пуцін 5–6 красавіка меў зручную магчымасць унесці яснасць у гэтае пытанне і канчаткова патлумачыць, хто будзе кіраваць ТЯЗ у Беларусі. Аднак ён пастанавіў не выказвацца на гэтую тэму. Хутчэй за ўсё, гэта азначае, што Крэмль лічыць карысным для сябе, каб Лукашэнка таксама ўключыўся ў ядравы шантаж і падтрымліваў адчуванне нявызначанасці.

Hавiны
Пуцін праз ядравую зброю імкнецца пашырыць палітычны кантроль над Беларуссю
2023.04.06 23:10

Самаўнушэнне і акопванне

Пуцін і Лукашэнка 5–6 красавіка яшчэ раз далі зразумець, што курс на ізаляцыю і канфрантацыю з усім светам разглядаецца ў якасці безальтэрнатыўнага. Прычым абодва лідары рыхтуюцца да працяглай барацьбы і таму збіраюцца старанна акопвацца на цяперашніх пазіцыях.

«Ідэалагічнае супрацьстаянне на лініі Захад – Усход не аслабее нават пасля таго, як замаўчаць гарматы. Гэта надоўга», – падкрэсліў Лукашэнка.

Пуцін, у сваю чаргу, распавёў, што пачалося рыхтаванне канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы, у якой будуць сфармуляваныя асноўныя кірункі ўзаемадзеяння ва ўмовах «напружанасці на вонкавых межах», а таксама «санкцыйных і інфармацыйных войнаў». Прэзідэнт Расеі пры гэтым зрабіў акцэнт на стратэгічным – то бок доўгатэрміновым – планаванні.

Акурат з улікам безальтэрнатыўнасці канфрантацыі шмат размоваў вялося пра імпартазамяшчэнне. Асабліва Расею хвалюе адсутнасць доступу да заходняй мікраэлектронікі, што, у прыватнасці, стварае вялізарную праблему для вытворчасці зброі. Тэме мікраэлектронікі Лукашэнка надаў вельмі шмат увагі, падкрэсліўшы «трапяткое стаўленне прэзідэнта Расеі» да гэтага пытання. Ён запэўніў, што ў Беларусі для замены заходняй мікраэлектронікі ёсць «усе неабходныя тэхналогіі і магчымасці». «Самалёты лётаюць – і будуць лётаць. Ракеты лётаюць – і будуць лётаць», – заявіў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alexander Ryumin / TASS / Forum

Праўда, запэўніванні Лукашэнкі наўрад ці выклікаюць вялікі энтузіязм у расейскага боку. Характэрна, што журналіст пуцінскага пулу Андрэй Калеснікаў даў свайму артыкулу ў газеце «Коммерсантъ» іранічны загаловак «Прыгоды электроншчыка» – гэта яўны здзек з жадання Лукашэнкі выставіць сябе тэхналагічнай альтэрнатывай Захаду. Дый сам Пуцін, калі Лукашэнка абяцаў прарыў у мікраэлектроніцы, ледзь стрымліваў усмешку, што можна заўважыць на відэа.

У рыторыцы Лукашэнкі ў Маскве наогул было шмат заяваў, якія больш падобныя на самаўнушэнне. «Мы ўсё гэта пераадолеем. І той, хто спадзяецца ці прапаноўваў нам, ці прагназаваў, што мы абрынемся, – нічога мы не абрынуліся. Так, будзе няпроста, ну а калі было проста?» – заявіў Лукашэнка ў самым пачатку перамоваў. Прычым словы «мы ўсё пераадолеем» цягам хвіліны ён паўтарыў двойчы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў