Лукашэнка прайграў на польскіх выбарах? Навошта прапаганда Беларусі бралася за Польшчу


Па выніках парламенцкіх выбараў у Польшчы партыя «Prawo i Sprawedliwość», падобна, страціць уладу. Для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым няшмат добрага: сярод польскай апазіцыі, што найхутчэй прыйдзе ва ўладу, ён наўрад ці знойдзе сяброў.

Аляксандр Лукашэнка і Дональд Туск
Аляксандр Лукашэнка і лідар «Platformy Obywatelskiej» Дональд Туск. Калаж з фота: Kremlin.ru / Platforma.org

Дзяржаўныя медыі Беларусі апошнім часам моцна «паглыбілі» свае веды Польшчы, літаральна за дзень пазнаходзілі польскіх «экспертаў», адзначае беларуская журналістка-міжнародніца Марыя Садоўская-Камлач у каментары «Белсату». Нядаўна дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА» нават запусціла польскамоўную версію сайту. Ды наўрад ці гэтая спроба паўплываць на палякаў была нацэленая на парламенцкія выбары 2023 года.

«Наўрад ці матэрыялы, якія з’явіліся за тыдзень перад выбарамі, на штосьці ўплываюць», – разважае яна.

Больш падобна, што прапаганда рэжыму Аляксандра Лукашэнкі нацэленая на будучыя выбары: мясцовыя, што чакаюцца ў красавіку 2024 года; выбары ў Еўрапарламент, запланаваныя на чэрвень-2024; прэзідэнцкія, што маюць быць не пазней за травень-2025; наступныя парламенцкія…

Прапаганда, кажа Садоўская-Камлач, скіраваная на тое, каб пераканаць частку палякаў змяніць стаўленне да афіцыйнай Беларусі. Цяперашнія выбары былі «адыграныя па старой звычцы», шукалі прыкметы нейкіх парушэнняў. Але запуск прапаганды на польскай мове – «гэта ўжо больш значна».

Абноўлена
Партыя ўлады перамагла, але трыумфавала апазіцыя? Што адбываецца з выбарамі ў Польшчы
2023.10.16 16:57

Лукашэнка выказваўся з надзеяй на тое, што калі да ўлады прыйдзе Дональд Туск (лідар апазіцыі ў дзейным скліканні польскага парламенту), дык будзе паводзіць сябе не так, як «марыянеткі Вашынгтону» (гэтак Лукашэнка назваў дзейныя ўлады Польшчы). Навошта ён такое казаў?

Садоўская-Камлач лічыць, што такім чынам Лукашэнка, быць можа, хацеў паслабіць пазіцыі кааліцыі Туска. Ці не галоўным аргументам супраць Туска ягоныя праціўнікі называлі тое, што ён «ледзьве не цалавацца пойдзе з Пуціным», згадвае яна. Можа, Лукашэнка сапраўды ў гэта паверыў, але хутчэй спрабаваў пашкодзіць Туску сваімі словамі падтрымкі.

Лукашэнка ўжо знаёмы з палітыкай Туска: той быў прэм’ер-міністрам Польшчы ў 2007–2014 гадах. Садоўская-Камлач згадвае: з аднаго боку, за Тускам у Беларусь прыязджалі высокапастаўленыя польскія палітыкі, спрабавалі пераканаць Лукашэнку зрабіць «адлігу» перад беларускімі выбарамі-2010. З другога боку, працягвае яна, Польшча моцна падтрымала пацярпелых пасля выбараў-2010 і моцна ўступілася за беларускую апазіцыю і праваабаронцаў.

«Я б не шукала праўды ў словах Аляксандра Лукашэнкі, што ён спадзяецца менавіта на тое, што Туск будзе сябе неяк асабліва паводзіць», – кажа журналістка.

Паводле папярэдніх вынікаў польскіх парламенцкіх выбараў, урад, імаверна, сфармуе шырокая кааліцыя, дзе будзе не толькі «Platforma Obywatelska» Туска, але і левыя, і цэнтрысты. Чаго чакаць беларусам ад такой кааліцыі?

Садоўская-Камлач адказвае: у дзейнай улады і ў гэтай патэнцыйнай кааліцыі пазіцыі па Беларусі падобныя. Яна расцягвае слова: «ве-е-ельмі» мала па чым яшчэ ў іх так сыходзяцца погляды, як па падтрымцы дэмакратыі на ўсходзе.

Каментар
Ці можна беларусам у Польшчы хадзіць на палітычныя акцыі, звязаныя з польскімі выбарамі?
2023.10.12 17:33

Напрыклад, адзін з найпапулярнейшых палітыкаў «Платформы» – мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі, які «чаго толькі не зрабіў, каб дапамагчы беларускім ініцыятывам», згадвае яна. Святлана Ціханоўская магла ў адзін і той жа дзень сустрэцца і з прэзідэнтам Польшчы, і з апазіцыянерам Тшаскоўскім.

Таксама ў патэнцыйнай кааліцыі мае быць сустаршыня «Nowej Lewicy» Робэрт Бедрань, які ўзначальваў дэлегацыю Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю і ўзначальваў розныя ініцыятывы дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці, нагадвае журналістка. Да таго ж, Бедрань адкрыты гей, а Лукашэнка – гамафоб.

Таму можна чакаць пераемнасці палітыкі Польшчы адносна Беларусі, «пытанняў будзе няшмат», рэзюмуе Садоўская-Камлач. Пытанні могуць быць хіба з тым, што тычыцца палітыкі ў самой Польшчы.

«Беларусам, магчыма, прыйдзецца сутыкнуцца з тым, што яны не будуць галоўным прыярытэтам гэтага ўраду па меншай меры ў першыя паўгода-год, бо ўраду прыйдзецца вырашаць шмат іншых пытанняў», – прагназуе журналістка.

Новаму ўраду трэба будзе займацца эканомікай, рэформай судоў, рэформай публічных медыяў, пытаннямі вайны ва Украіне і іншым. А новы ўрад будзе складацца з мноства новых гульцоў: некаторыя, як «Lewica», першы раз за 18 гадоў трапяць ва ўрад, а некаторыя, як «Polska 2050», ва ўрадзе яшчэ ніколі не былі. Можа быць большая нестабільнасць ва ўнутрыпольскіх справах: спрачацца могуць пра рэформы, пра кірункі выдаткавання грошай Еўракамісіі…

Гэтая нестабільнасць, заўважае Садоўская-Камлач, можа стаць полем гульні дэзынфарматараў і прапагандыстаў, будзе лягчэй сутыкнуць розныя плыні ва ўрадзе, «неяк няправільна інтэрпрэтаваць» іхныя выказванні.

ААБ, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў