news
Абноўлена
Партыя ўлады перамагла, але трыумфавала апазіцыя? Што адбываецца з выбарамі ў Польшчы
Першае месца ў «Закону і справядлівасці», але большасць у Сейме – за апазіцыяй.
16.10.202316:57

У Польшчы 15 кастрычніка прайшлі парламенцкія выбары і рэферэндум. Паводле папярэдніх вынікаў выбараў, кіроўная партыя атрымала найбольш галасоў, але больш за палову месцаў у парламенце будзе ў апазіцыі. «Белсат» тлумачыць, як галасавалі палякі.

Што за выбары

Палякі выбіралі абедзве палаты парламенту: 460 дэпутатаў Сейму (ніжняй палаты) і 100 сенатараў (у верхнюю палату). У Сейм галасавалі паводле прапарцыйнай сістэмы ад шматмандатных акругаў з парогам 5 % для партыяў і 8 % для кааліцыяў і магчымасцю пазначыць любімага кандыдата, у Сенат – паводле сістэмы адноснай большасці з адным пераможцам на акругу (але Сенат значна меншы, мае параўнальна мала паўнамоцтваў). Падрабязней пра гэта «Белсат» расказваў тут:

Агляд
15 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Што трэба ведаць пра іх замежнікам?
2023.09.15 15:31

Простымі словамі: у ніжнюю палату – партыйныя спісы, у верхнюю – персанальна кандыдаты. «Закон і справядлівасць» («Prawo i Sprawiedliwość», PiS) – дзейная партыя ўлады, Грамадзянская кааліцыя («Koalicja Obywatelska», KO) – найбуйнейшая апазіцыйная кааліцыя, сфармаваная вакол партыі «Грамадзянская платформа» («Platforma Obywatelska»), што была ва ўладзе ў 2007–2015 гадах.

У Беларусі сістэма іншая: у ніжнюю палату – аднамандатныя акругі, прыблізна як у польскую верхнюю; беларускую верхнюю не выбіраюць, а прызначаюць абласныя саветы і прэзідэнт; свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі не было з 1994 года. Польскія выбары нямала крытыкуюць і часам называюць несправядлівымі, ды вынік, падобна, такі: калі польскі народ хоча змяніць уладу, то можа зрабіць гэта мірным дэмакратычным шляхам.

Хто перамог

Абноўлена. Пасля падліку 100 % галасоў вынікі наступныя.

На выбарах у Сейм (ніжнюю палату парламенту з 460 дэпутатамі) галасы размеркаваліся так:

Hавiны
У Польшчы падлічылі 100 % галасоў на парламенцкіх выбарах. Бальшыня ў апазіцыі
2023.10.17 12:11
  • «Закон і справядлівасць» – 35,38 % галасоў і 194 мандаты.
  • Грамадзянская кааліцыя – 30,7 % і 157.
  • «Трэцяя дарога» – 14,4 % і 65.
  • «Новыя левыя» – 8,61 % і 26.
  • Канфедэрацыя – 7,16 % і 18.
  • Астатнія – менш за 2 %, не пераадольваюць бар’ераў для траплення ў парламент.

На выбарах у Сенат (верхнюю палату парламенту) галасы размеркаваліся так:

  • «Закон і справядлівасць» – 34,81 % галасоў.
  • Грамадзянская кааліцыя – 28,91%.
  • «Трэцяя дарога» – 11,5 %.
  • Канфедэрацыя – 6,75%
  • «Новыя левыя» – 5,29%.
  • Беспартыйныя – 4,91%.

У Сенаце са 100 месцаў 66 зоймуць прадстаўнікі апазіцыйнай кааліцыі, а «Закон і справядлівасць» атрымае 34 мандаты.

Гэта значыць, можна чакаць, што да ўлады прыйдзе цяперашняя апазіцыя: Грамадзянская кааліцыя разам з «Трэцяй дарогай» і «Новымі левымі».

Кааліцыя з кааліцыяў кааліцыяў

Амаль дакладна, што цяперашняя кіроўная партыя губляе ўладу. «Закон і справядлівасць» ужо не будзе мець паловы месцаў у Сейме, як па выніках мінулых выбараў. Нават калі б «Закон і справядлівасць» і Канфедэрацыя аб’ядналіся, то не здабылі б бальшыні. Кіроўная партыя заяўляе, што гатовая фармаваць урад разам з кім заўгодна, акрамя Грамадзянскай кааліцыі, але ў такую кааліцыю з «Законам і справядлівасцю» не хоча «Трэцяя дарога» (некаторыя чальцы выказваюцца вельмі рэзка супраць), а «Новыя левыя» ўжо цешацца перамозе над кіроўнаю партыяй.

Імаверная кааліцыя Грамадзянскай кааліцыі, «Трэцяй дарогі» і «Новых левых» будзе мець блізу 54 % месцаў у Сейме – і збіраецца стварыць урад. Грамадзянская кааліцыя не сумняецца, што такое аб’яднанне складзецца.

Лідар апазіцыйнай Грамадзянскай кааліцыі Дональд Туск галасуе на парламенцкіх выбарах у Польшчы. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Donald Tusk / X

Тэарэтычна, такая кааліцыя можа быць не самай устойлівай: яна яднае тузін палітычных сілаў розных поглядаў. У Грамадзянскую кааліцыю, акрамя «Платформы», уваходзяць яшчэ цэнтрысцкая партыя «Сучасная» («Nowoczesna»), левацэнтрысцкая Польская ініцыятыва («Inicjatywa Polska»), «Зялёныя» і аграрыі з TAK. У «Трэцюю дарогу» ўваходзяць цэнтрысцкія Польская кааліцыя («Koalicja Polska») і «Польшча-2050» («Polska 2050»). У «Новых левых» – левацэнтрысцкая «Вясна» («Wiosna») і Звяз дэмакратычных левых («Sojusz Lewicy Demokratycznej») вакол сацыял-дэмакратаў, «нашчадкаў» камуністаў. Значыць, у гэтую патэнцыйную вялікую кааліцыю маюць увайсці кааліцыі, у якія таксама ўваходзяць кааліцыі. Там ёсць і посткамуністы, і даволі кансерватыўныя аграрыі.

«Трэцяя дарога», якая прэзентавала сябе як альтэрнатыву дзвюм найбуйнейшым партыям, можа атрымаць вялікі ўплыў і збіраецца прасоўваць свае ідэі кшталту «падатковай рэвалюцыі», пабудовы мільёна кватэраў і дазволу гандляваць у нядзелі. На сваіх ідэях могуць настойваць і «Новыя левыя», а гэтыя ідэі не заўсёды будуць падабацца правацэнтрыстам.

Лідары «Трэцяй дарогі» Владыслаў Касіняк-Камыш (злева) і Шыман Галоўня святкуюць вынікі выбараў у Польшчы. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Władysław Kosiniak-Kamysz / X

Прынамсі перад выбарамі і ў першы паслявыбарчы дзень значных сварак між Грамадзянскай кааліцыяй, «Трэцяй дарогай» і «Новымі левымі» не было. Але яны яшчэ могуць пачацца, калі паўстануць пытанні фармавання ўраду і выбару прэм’ер-міністра. На ролю прэм’ера некаторыя прарочаць лідара «Платформы» Дональда Туска, які ўжо быў пр’эм’ерам у 2007–2014 гадах, затым да 2019-га ўзначальваў Еўрапейскую раду. Аднак Туск мае моцны антырэйтынг і ў апытаннях саступае мэру Варшавы, аднапартыйцу Рафалу Тшаскоўскаму.

Канстытуцыя Польшчы не абавязвае прэзідэнта даручаць фармаванне ўраду пераможцам парламенцкіх выбараў. Дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда – былы сябра партыі «Закон і справядлівасць». Лічыцца, што прэзідэнт мае прапанаваць прэм’ерам не чальца партыі з найбольшаю колькасцю галасоў (то бок «Закону і справядлівасці»), а таго, хто мае найбольшыя шанцы атрымаць згоду Сейму.

Цягам 14 дзён з першай сесіі Сейму прэзідэнт мусіць прызначыць прэм’ера, пасля за 14 дзён той мусіць атрымаць вотум даверу ад прынамсі паловы Сейму, а калі не атрымае, цягам яшчэ 14 дзён прэм’ера мае выбраць сам Сейм. Тэарэтычна, правал выбараў прэм’ера можа прывесці да датэрміновых парламенцкіх выбараў.

Чаму галасавалі позняй ноччу

Выбары мелі рэкордавую наведвальнасць у гісторыі сучаснай Польшчы (Трэцяй Рэспублікі): паводле папярэдніх звестак, яўка склала каля 72,9 %.

Гэта прывяло да таго, што недзе не хапала бюлетэняў і месца ў скрынях для галасавання, а недзе чэргі на выбарчыя ўчасткі стаялі амаль да 3-й гадзіны ночы. Такія польскія законы: хто ўстаў у чаргу да 21:00 у дзень выбараў (калі ўчасткі мелі б закрыцца), мусіць атрымаць права галасаваць, нават калі на ўчастак трэба давозіць дадатковыя бюлетэні і трамбаваць іх у ўрны.

На дадатак да позняга галасавання і рэкордавай яўкі выбарчым камісіям давядзецца яшчэ лічыць галасы на рэферэндуме. Таму падлік галасоў будзе доўгім: самыя аптымістычныя прагнозы кажуць, што вынікі будуць вядомыя ў першай палове дня 17 кастрычніка, але могуць з’явіцца і пазней.

Што з рэферэндумам

На рэферэндум выносілі чатыры пытанні аб падтрыманні пэўных палітычных дзеянняў: аб прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, падвышэнні пенсійнага ўзросту, ліквідацыі бар’еру на мяжы з Беларуссю і прыёме нерэгулярных мігрантаў. Улады заклікалі галасаваць ува ўсіх пытаннях супраць, апазіцыя называла фармулёўкі маніпуляцыйнымі, а шмат хто не хацеў браць удзелу ў такім рэферэндуме. Падрабязней аб гэтым «Белсат» расказваў тут:

Разбор
На рэферэндуме ў Польшчы будзе пытанне пра мяжу з Беларуссю. За што яшчэ галасуюць палякі
2023.09.22 17:02

У выніку рэферэндум не будзе мець абавязковага характару: яўка на рэферэндум склала каля 40 %, а каб ён меў абавязковы характар, трэба была яўка звыш 50 %. Апазіцыя гэтым задаволеная. Хоць на ўсе чатыры пытанні рэферэндуму звыш 90 % галасоў – «не», як і заклікала ўлада, гэта значыць, што заўважна менш за палову выбарнікаў выказаліся так, як хацела кіроўная партыя.

Але гісторыя з рэферэндумам наўрад ці скончылася: былі заявы аб парушэннях у выдачы бюлетэняў для рэферэндуму, калі выбарнікаў пыталі, якія бюлетэні ім даваць. А апазіцыя лічыла, што адмова ад удзелу ў рэферэндуме можа расцэньвацца як голас супраць улады, і непакоілася аб таямніцы галасавання: недзе на вёсцы, дзе большасць за «Закон і справядлівасць», выбарнікам магло быць страшна байкатаваць рэферэндум.

Калі прэзідэнцкія выбары

Імаверна, што больш за год прэзідэнт Польшчы будзе ў апазіцыі да парламенту. Хоць Польшча – парламенцкая рэспубліка, прэзідэнт мае шырокія правы, у тым ліку права выдаваць указы, уносіць законапраекты і накладваць на іх вета, распускаць парламент і гэтак далей.

Паўнамоцтвы дзейнага прэзідэнта Анджэя Дуды сканчаюцца 6 жніўня 2025 года. Новыя выбары павінны прызначыць за 75–100 дзён да сканчэння ягоных паўнамоцтваў. Дуда не зможа браць удзелу ў выбарах, бо ўжо два разы станавіўся прэзідэнтам – на трэці тэрмін ісці нельга (у Беларусі да 2005 года была такая ж забарона, але Аляксандр Лукашэнка кіруе ўжо шосты тэрмін).

Тэст
Калі Лукашэнкі не стане, што далей? Правер, ці ведаеш палітычную сістэму Беларусі
2023.05.14 10:00

Размоваў аб датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы цяпер не вядзецца. Чакаецца, што наступнымі выбарамі будуць яшчэ не прэзідэнцкія, а мясцовыя выбары і выбары ў Еўрапарламент. Першыя чакаюцца ў красавіку 2024 года, другія – у чэрвені.

Алесь Наваборскі belsat.eu