На беларуску напалі ў Варшаве з патрабаваннем ехаць ва Украіну. У дзяўчыны траўма галавы


22-гадовая беларуска паведаміла, што стала ахвяраю мужчыны і жанчыны ў Варшаве, якія палічылі, што дзяўчына – украінка, і з мацюкамі запатрабавалі ад яе ехаць на радзіму. У пацярпелай траўма галавы, піша канал «Польша здесь».

Беларуска паспела зняць на відэа тых, хто на яе напаў у Варшаве.
Крыніца: «Польша здесь» / Telegram

На беларуску напалі ў варшаўскім раёне Воля 30 сакавіка. Паводле версіі дзяўчыны, яна была з сяброўкаю і размаўляла з ёю па-расейску. У нейкі момант да іх падышоў мужчына з жанчынаю, якія з мацюкамі запатрабавалі, каб тыя вярнуліся ва Украіну.

Жанчына плюнула ў твар беларусцы, яна адказала выспяткам, пасля гэтага полька схапіла дзяўчыну за валасы, а мужчына нанёс некалькі ўдараў.

Пацярпелая кажа, што пара была ў нецвярозым стане. Спачатку ніхто з відавочцаў у канфлікт не ўмешваўся – толькі падаставалі тэлефоны і пачалі здымаць. Нарэшце нехта з мінакоў прыгразіў, што выкліча паліцыю, і тады агрэсары збеглі.

Беларуска напісала заяву ў паліцыі і атрымала даведку ад лекара, які дыягнаставаў траўму галавы.

Канал «Польша здесь» піша, што праваахоўнікі кваліфікавалі злачынства як «публічную абразу і парушэнне недатыкальнасці паводле нацыянальнай прыкметы». Гэты артыкул прадугледжвае да 3 гадоў зняволення.

Дзяўчыне 22 гады, у Польшчы яна жыве ўжо 6 гадоў. Кажа, што ніколі асабіста з такой неталерантнасцю не сутыкалася.

У сакавіку польскі Цэнтр вывучэння грамадскай думкі апублікаваў вынікі апытання пра стаўленне жыхароў краіны да іншых нацыяў: пра сімпатыю да беларусаў заявілі толькі 24% рэспандэнтаў, да ўкраінцаў – 40%.

Агляд
Даследаванне: толькі 24 % палякаў прыязна ставяцца да беларусаў
2024.03.12 11:49

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў