Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 12 «Моладзевы наступ»


«Белсат» працягвае цыкл публікацый з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Мы знаёмім выбарцаў са спісамі, якія балатуюцца ў КР. Кожны з лідараў / лідарак спісаў атрымаў аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Грамадскія слуханні прадстаўнікоў АПК у Варшаве
Генеральная сакратарка саюзу моладзевых аб’яднанняў «Рада» Лізавета Пракопчык. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Наступным у праекце з’яўляецца выбарчы спіс «Моладзевага наступу». Лідарка спісу – Лізавета Пракопчык, генеральная сакратарка саюзу моладзевых аб’яднанняў «Рада». Таксама сярод яго чальцоў дарадца Святланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава, актывістка, былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям, заснавальнік і кіраўнік Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве Алесь Лапко, палітычны аналітык і даследчык Аляксандар Аўтушка-Сікорскі, сябра каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар «Моладзевага наступу» ў выбарчым бюлетэні – 12.

Што нам адказалі ў «Моладзевым наступе»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння?

Грамадзянская вайна, сусветная вайна, апакаліпсіс.

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць?

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

3. Кім для Вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Галоўная праблема Беларусі.

4. Кім для Вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Жанчына-гераіня.

5. Ці падтрымліваеце Вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні да рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці наадварот варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Варта рабіць што заўгодна дзеля вызвалення людзей. Гэта не толькі пра санкцыі. Мы лічым, што варта перагледзець стратэгію заклікаў да санкцыяў, бо бачым, што ад іх моцна пакутуюць звычайныя беларусы і беларускі. Але рэжым знаходзіць шляхі для абыходу санкцыяў.

6. Ці падтрымліваеце Вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Мы разглядаем сілавы сцэнар, як адзін з верагодных, але лічым, што мірныя змены ў доўгатэрміновай перспектыве лепшыя для Беларусі. Да таго ж любы гвалтоўны сцэнар заўсёды кладзецца на плечы моладзі. А тыя, хто лічыць такі варыянт адзіным магчымым, часцей за ўсё, адсядзяцца ў канапных войсках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. АМАП затрымлівае студэнта на маршы пратэсту ў Менску, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

7. Як Вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і ў NATO?

Мы падтрымліваем інтэграцыю Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і NATO, але лічым, што такія рашэнні мусяць прымацца на ўсеагульным рэферэндуме.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Беларусь мусіць выйсці з усіх інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй, як мінімум таму, што рашэнне пра ўступленне ў такія аб’яднанні было прынятае пасля канстытуцыйнага перавароту.

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

Беларуская мова – наш прыярытэт. Мы прагнем падтрымліваць беларускую мову і культуру. У нас нават Іван Краўцоў загаварыў па-беларуску. Але час ідзе, тэхналогіі развіваюцца, і таму хутка дзяржаве нічога не будзе каштаваць аказваць паслугі насельніцтву на любой мове.

10. Ці падтрымліваеце Вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Так, мы падтрымліваем дэкамунізацыю і дэтаталірызацыю. Перш-найперш, пераназавём Дзяржынск, створым парк жахаў камунізму, куды звязем усе помнікі Леніну і Дзяржынскаму.

11. Ці лічыце Вы важнымі падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Калі пад традыцыйнымі каштоўнасцямі разумеюцца традыцыі дэмакратыі, а пад хрысціянскімі – любоў да блізкіх і дараванне памылак, то так – падтрымліваем. Калі пад гэтым усім разумеюцца гамафобія, мізагінія, хатні гвалт і гэтак далей, то не.

12. Ці падтрымліваеце Вы пашырэнне гендарных квотаў, а ўвядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Мы падтрымліваем уключэнне ўсіх у вызваленне Беларусі. Калі для гэтага патрэбныя квоты, то мы будзем змагацца за іх увядзенне. У нас не было праблемаў з пошукам жанчын у спіс, але бачым, што іншыя спісы трохі пакутавалі. Мы думаем, што гэта звязана з традыцыяй у больш сталых пакаленняў не заўважаць жанчын. Але гэта толькі гіпотэза.

13. Якое стаўленне Вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Як да людзей.

14. Ці лічыце Вы неабходнай прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

Так, мы лічым неабходнаю прыватызацыю ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Трактарны завод. Менск, Беларусь. 16 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

Мы разумеем, што пасля прыватызацыі гэтае пытанне можа стаць вельмі востра. Але, на нашае меркаванне, варта засяродзіцца не на грашовай дапамозе. Але на іншых механізмах. Ментарскай падтрымцы, пераадукацыі. Канечне ж, гэтым мусіць займацца не дзяржава, а НДА, якія заўсёды знаходзяцца бліжэй да людзей і з’яўляюцца больш гнуткімі.

16. Ці падтрымліваеце Вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, а легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Так, падтрымліваем легалізацыю спажывання. Кожны чалавек сам нясе адказнасць за сваё жыццё, і дзяржава не мусіць саджаць у турмы людзей, якія памыліліся. Летась «Легалайз Беларусь» і «Моладзевы блок» напісалі вялікую аналітычную працу, дзе пільна даследавалі тэму легалізацыі і даказалі: што лячэнне для дзяржавы нашмат больш выгаднае за закідванне гэтых людзей у турмы.

17. Ці лічыце Вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні да якіх групаў?

Патрэбная люстрацыя як мінімум топ-менеджменту Беларусі. Але, на нашую думку, не варта забараняць ім займаць абіраемыя пасады.

18. Ці з’яўляецца Беларусь саўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

Так, рэжым Лукашэнкі з’яўляецца, але паводле ўсіх сацыялагічных даследаваннях бачна, што беларусы і беларускі ў большасці не падтрымліваюць вайну. Нягледзячы на тоны прапаганды, якія на іх льюцца штодня.

19. Ці падтрымліваеце Вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

Так, падтрымліваем, калі гэта з інтарэсамі беларускай дэмсупольнасці. Варта праводзіць вельмі просты тэст: запытаць, чый Крым і як ставяцца да беларускай ці ўкраінскай мовы.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Сцяг – бел-чырвона-белы, герб – «Пагоня». З гімнам цяжэй: у нас так шмат гімнаў, што патрэбны сапраўдны нацыянальны плэй-ліст. Туды ўключым «Пагоню», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», яшчэ нешта. Можна дадаць больш сучаснае. Напрыклад, Макс Корж «Жить в кайф».

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 па 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Абноўлена
Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду
2024.04.25 13:12

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца па меры публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў