Нарвегія, Ірландыя і Іспанія прызналі Палестыну незалежнай дзяржавай


Нарвегія, Ірландыя і Іспанія прызналі незалежную палестынскую дзяржаву, паведамляе «Reuters». У Нарвегіі спадзяюцца, што гэта дапаможа дасягнуць міру з Ізраілем, сказаў прэм’ер-міністр краіны Юнас Гар Стэрэ.

Палестынцы падчас нацыянальна значнай даты, Дня зямлі.
Фота: State of Palestine – MFA

«У разгар вайны, з дзясяткамі тысяч загінулых і параненых, мы мусім захаваць адзінае, што можа забяспечыць бяспечны дом як для ізраільцянаў, так і для палестынцаў: дзве дзяржавы, якія могуць жыць у міры адна з адною», – сказаў Юнас Гар Стэрэ.

Раней 143 з 193 краінаў – чальцоў ААН прызналі палестынскую дзяржаву.

Чальцы Еўразвязу Славенія, Мальта і Ірландыя апошнімі тыднямі таксама заявілі, што плануюць прызнаць Палестыну дзяржаваю. І яны бачаць у гэтым магчымасць усталяваць трывалы мір.

У Еўропе няма адзінай пазіцыі ў палестынскім пытанні. Швецыя прызнала палестынскую дзяржаву яшчэ дзесяць гадоў таму, а Францыя не збіраецца гэтага рабіць, пакуль не палічыць, што гэта сапраўды можа быць эфектыўным інструментам для дасягнення міру. Пры гэтым усё больш краінаў ЕЗ хочуць прызнаць незалежнасць Палестыны.

МЗС Ізраілю рэзка крытыкуе тое, што адбываецца.

«Прызнанне палестынскай дзяржавы прывядзе да росту тэрарызму, нестабільнасці ў рэгіёне і паставіць пад пагрозу любыя перспектывы міру. Не будзьце пешкай у руках “Хамасу”», – напісала МЗС Ізраілю ў сацсетцы X 21 траўня.

Аналітыка
Цярпенне заканчваецца, а вайна – не. Тлумачым, што адбываецца на Блізкім Усходзе
2024.04.04 16:30

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў