Павел Латушка перадаў Канадзе санкцыйныя прапановы супраць беларускіх суддзяў і прапагандыстаў


У адрас ураду Канады перададзеныя чарговыя санкцыйныя прапановы, падрыхтаваныя з мэтай узмацнення ціску і адказнасці прадстаўнікоў рэжыму за парушэнне нормаў міжнароднага права. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Лідар НАУ Павел Латушка выступае з прамовай на адкрыцці выставы «Я не баюся, хай яны баяцца», прысвечанай жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага, якая адкрылася ў Польскім Сенаце. Варшава, Польшча. 8 траўня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Да цяперашняга часу ўрад Канады прыняў 14 санкцыйных пакетаў у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што па колькасці пакетаў з’яўляецца адным з найбольшых паказчыкаў сярод краін-партнёраў дэмакратычнай Беларусі. Новыя прапановы накіраваныя ў развіццё дамоўленасцяў падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Канаду 14 – 15 красавіка 2024 года.

«Мы накіравалі для ўвядзення санкцый спісы з «суддзяў» і прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі з адпаведнымі абгрунтаваннямі і персанальнымі звесткамі прыслужнікаў рэжыму, а таксама пералік арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі і спрыяюць ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, у тым ліку шэраг прадпрыемстваў ВПК і прапагандысцкіх рэсурсаў», – адзначаецца ў паведамленні.

У прыватнасці, у перададзеным канадскаму боку спісе з 39 «суддзяў» рэжыму, ёсць такія персоны як:

– суддзя гомельскага суда Анатоль Сотнікаў, які асудзіў больш за 20 палітвязняў, у тым ліку прысудзіў велізарныя тэрміны пазбаўлення волі беларускім партызанам, якія спынялі рух цягнікоў агрэсара ў бок Украіны ў пачатку ўварвання расейскіх войскаў;

– на працяглыя тэрміны зняволення беларускіх партызан асудзіў і магілёўскі суддзя Ігар Шведаў, а таксама адправіў на 6 гадоў у калонію ўзмоцненага рэжыму журналіста-фрылансера «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка;

– суддзя суда Маскоўскага раёну Берасця Яўген Брэган адправіў у засценкі больш за 20 палітвязняў, у тым ліку вынес прысуд маці дваіх непаўналетніх дзяцей Паліне Шарэнда-Панасюк;

– суддзя Ленінскага раённага суда г. Менску Таццяна Шоцік, якая асудзіла 15 палітвязняў, у тым ліку на яе сумленні прысуд у дачыненні да загінулага ў зняволенні Ігара Ледніка;

– суддзя Ленінскага раённага суда г. Менску Юлія Шут, якая незаконна асудзіла прынамсі 10 палітвязняў;

– суддзя Жлобінскага раённага суда Ірына Прадун, якая незаконна асудзіла 10 палітвязняў, у тым ліку 24-гадовага Дзмітрыя Гопту, які мае асаблівасці развіцця;

а таксама іншыя «рэкардсмены» па прысудах палітвязням, якія прадстаўляюць так званы судовы корпус Аляксандра Лукашэнкі.

«Абгрунтаванні прыняцця санкцый у дачыненні да дадзеных «суддзяў», а таксама 26 прапагандыстаў рэжыму раней былі перададзеныя кампетэнтным органам ЕЗ, для ўключэння іх у санкцыйны пералік Еўразвязу.

Мы ўдзячныя ўраду Канады за сістэмную і паслядоўную палітыку ў пытанні санкцыйнага ціску і прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за ўчыненыя злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы і іншыя парушэнні нормаў міжнароднага права», – рэзюмуе Павел Латушка.

Hавiны
«Гэта беспрэцэдэнтнае рашэнне». Латушка – пра стратэгічны дыялог дэмакратычных сілаў Беларусі з ЗША
2024.04.06 19:44

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў