Еўразвяз узгадніў перадачу Украіне даходаў ад замарожаных актываў РФ


Міністр замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі паведаміў, што краіны Еўразвязу 21 траўня пастанавілі накіраваць прыбыткі ад замарожаных актываў расейскага Цэнтральнага банку на карысць Украіны.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года. Фота Аліса Ганчар/ Белсат

Як адзначыў кіраўнік МЗС Чэхіі Ян Ліпаўскі, толькі сёлета Украіна можа атрымаць да 74 млрд чэшскіх кронаў (каля € 3 млрд).

«90 % даходаў пойдуць на вайсковую дапамогу. Расея павінна заплаціць за шкоду, нанесеную яе агрэсіўнай вайной», – падкрэсліў міністр у сваім допісе ў сацсетцы X.

Рада ЕЗ пацвердзіла, што рашэнне наконт выкарыстання прыбытку ад расейскіх актываў ухваленае.

Нагадаем, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну краіны ЕЗ і Групы сямі замарозілі ў сваіх банках усе расейскія дзяржаўныя актывы ў выглядзе грашовых сродкаў і каштоўных папераў на агульную суму не менш за $ 280 млрд (€ 260 млрд). Амаль адразу ўзніклі дыскусіі наконт таго, што рабіць з расейскімі актывамі. Частка заходніх краінаў выступае за іх канфіскацыю і перадачу Украіне. Аднак праціўнікі гэтага рашэння лічаць, што канфіскацыя актываў можа быць успрынятая як парушэнне базавага для глабальнай эканамічнай сістэмы прынцыпу недатыкальнасці ўласнасці, што пацягне за сабой фінансавую дэстабілізацыю.

Цяперашняе рашэнне Еўразвязу прадугледжвае перадачу Украіне не саміх замарожаных актываў РФ, а толькі прыбытку ад іх. Вядома, што аблігацыі на рахунках дэпазітарыяў працягваюць прыносіць дывідэнды. Прычым гэтыя дывідэнды ўзніклі менавіта таму, што фінансавыя сродкі праз замарожванне актываў завіслі. То бок у Бруселі настойваюць, што фармальна гэтыя дывідэнды не ёсць уласнасцю РФ.

Аналітыка
Замарожаныя расейскія актывы: ці наважыцца Захад аддаць грошы Украіне?
2024.03.22 06:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў