Раптоўна не стала памочніка Аляксандра Лукашэнкі ў Менскай вобласці, былога намесніка старшыні КДБ Уладзіміра Калача. Пра гэта паведамілі ў Менскім абласным выканаўчым камітэце.
Чыноўнік памёр 13 траўня. Прычына ягонай смерці не паведамляецца. Яму было 54 гады.
Уладзімір Калач нарадзіўся ў 1969 годзе ў Берасцейскай вобласці. У 2010–2018 гадах працаваў начальнікам упраўлення КДБ у Менску і Менскай вобласці, а затым – намеснікам старшыні ведамства. У 2021 годзе Калач быў прызначаны памочнікам Аляксандра Лукашэнкі – інспектарам у Менскай вобласці.
Пасля выбараў 2010 года ён быў уключаны ў санкцыйныя спісы Еўразвязу. У 2021 годзе санкцыі супраць яго ўвяла Украіна.
Паводле тэлеграм-каналу «Ник и Майк», ён сваяк Веры Паляковай, жонкі міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, які раптоўна памёр у 2022 годзе. Менавіта Макей у свой час забяспечыў хуткі кар’ерны рост Калача. Родны брат Калача служыў у галоўным разведвальным упраўленні (ГРУ) Генеральнага штабу Узброеных сілаў.
Якуб Хруст belsat.eu