Пагром аэрапорту ў Дагестане і антысеміцкія акцыі ў Расеі. Што трэба ведаць


У шэрагу гарадоў Расеі 28 кастрычніка пачаліся акцыі за «высяленне» габрэяў або за забарону габрэям уезду ў мусульманскія рэспублікі. 29 кастрычніка натоўп захапіў і разграміў міжнародны аэрапорт у Махачкале. Расея вінаваціць… Украіну. «Белсат» расказвае, што пра гэта варта ведаць.

Пошук габрэяў у турбіне самалёта
Удзельнік пагрому аэрапорту падчас «шукання габрэяў» зазірае ў турбіну самалёта. Махачкала, Расея. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Sota / Telegram

Акцыі, што перараслі ў пагромы, пачаліся пасля старту наземнай аперацыі Ізраілю ў сектары Газа. Арабска-ізраільскі канфлікт трывае больш за сотню гадоў. Сёлета 7 кастрычніка тэрарысты «Хамасу» атакавалі Ізраіль, забілі не менш за 1400 чалавек, пераважна мірных жыхароў памежных паселішчаў. Ізраіль адказаў спачатку толькі абстрэламі сектару Газа і доўгі час не пачынаў анансаванай наземнай аперацыі. 27 кастрычніка наземная аперацыя пачалася, але на момант публікацыі падобна, што яна носіць абмежаваны характар – гэта ўсё яшчэ не поўнамаштабнае ўварванне.

Выглядае, што спачатку акцыі былі ў падтрыманне Газы, але «галоўная тэма» хутка змянілася на «высяленне» габрэяў. Сярод інтэрнэт-супольнасцяў, што найбольш актыўна заклікалі на акцыі, былі ананімныя Telegram-каналы «Утро Дагестан» і «ЧП Дагестан». Спачатку там публікаваліся навіны і чуткі пра падзеі ў сектары Газа, затым быў апублікаваны заклік выходзіць на вуліцы Махачкалы і іншых гарадоў Дагестану ў ноч на 28 кастрычніка, бо «нас просіць Газа, якая памірае», а таксама там заклікалі маліцца за Газу. На першых нешматлюдных акцыях (каля сотні чалавек у Махачкале, каля сотні ў Чаркеску – сталіцы Карачаева-Чаркесіі) загучалі ідэі не пускаць на тэрыторыю адпаведных рэспублік грамадзянаў Ізраілю і «выселіць» адтуль усіх габрэяў. Пачаліся агрэсіўныя паведамленні ў бок паліцыі з заклікам «не звяртаць увагі» на праваахоўнікаў, бо «яны нічога не вызначаюць», а «нам не патрэбны дазвол, каб выходзіць на мітынгі». Пачалі з’яўляцца скрыншоты перапісак, у якіх хтосьці пытаў кагосьці пра жытло: «Здаяце габрэям?» Урэшце з’явілася ананімнае паведамленне (дакладней, скрыншот чату з фотаздымкам паведамлення) аб тым, што гатэль «Фламінга» ў Хасавюрце «поўны габрэяў». Там нібыта былі нейкія «ўцекачы з Ізраілю».

Агляд
Ізраіль і сектар Газа: храналогія канфлікту
2023.10.07 19:17

Паліцыя дазволіла натоўпу «агледзець» гатэль у Хасавюрце. Вечарам 28 кастрычніка дзясяткі маладых мужчынаў сабраліся каля гатэлю «Фламінга» ў Хасавюрце. Калі абапірацца на відэа з месца падзеяў, то некалькі нарадаў паліцыі не перашкаджалі натоўпу сабрацца, вялі перамовы, натоўп вырас да сотняў чалавек. Натоўп патрабаваў жыхароў гатэлю выйсці да вокнаў, каб «паглядзець на іх», а калі гэтага не зрабілі, паводле некаторых паведамленняў, натоўп закідваў гатэль камянямі. У выніку паліцыя запрасіла некалькіх мужчынаў у гатэль, каб пераканацца, што там няма габрэяў. Пасля натоўп пайшоў шукаць габрэяў у гатэль «Кіеў», але агулам акцыя скончылася яшчэ мірна, аб пацярпелых не паведамлялі, хоць у Telegram-каналах сталі з’яўляцца заклікі «парваць» габрэяў у Дагестане. Тым жа вечарам некалькі дзясяткаў чалавек пакрычалі «Алаху акбар» на цэнтральнай плошчы Махачкалы.

Затым у Нальчыку падпалілі будоўлю габрэйскага культурнага цэнтру. Днём 29 кастрычніка невядомыя кінулі падпаленыя апоны на тэрыторыю недабудаванага габрэйскага культурнага цэнтру ў Нальчыку – сталіцы Кабардына-Балкарыі. На сцяне будоўлі напісалі «Смерць яхудам» (то бок габрэям). Пра пацярпелых не паведамлялі. На відэа з ранейшых акцыяў у Расеі такіх лозунгаў не гучала. Тым часам у Махачкале на цэнтральнай плошчы сабралася нешматлікая акцыя ў падтрыманне Палестыны, паліцыя ненадоўга затрымала некалькіх жанчын.

Урэшце пайшлі штурмаваць аэрапорт Махачкалы, куды прыляцеў самалёт з Тэль-Авіву. Яшчэ ў ноч на 28 кастрычніка на канале «ЧП Дагестан» з’явіўся скрыншот раскладу прылётаў, затым у ноч на 29-га скрыншот з заклікам «быць у аэрапорце» з’явіўся на канале «Утро Дагестан». Натоўп спачатку блакаваў выезды з аэрапорту і аглядаў машыны ў пошуках габрэяў і грамадзянаў Ізраілю, затым прарваўся ў будынак аэрапорту, пасля вырваўся на ўзлётна-пасадачную паласу. Што рабіць з габрэямі, якія маглі прыляцець у Махачкалу, найбольш папулярныя каналы не пісалі, але ў натоўпе, мяркуючы паводле відэа, заклікалі, каб габрэі зляцелі з Дагестану. На відэа, дзе натоўп атачыў этнічнага ўзбека, відаць, што «падазраванага ў габрэйстве» не білі, але хапалі рукамі за вопратку – і выглядала, што самасуд мог пачацца ў любы момант. Таксама агрэсіўны натоўп хацеў «агледзець» аўтобус з пасажырамі, але да бойкі не дайшло. Пасажыры прынамсі аднаго самалёта хаваліся на борце, аб штурме самалёта не паведамлялі.

Паліцыя доўга бяздзейнічала і спрабавала ўгаварыць натоўп. Паводле аднаго з папулярных расейскіх ананімных Telegram-каналаў, паліцыі Дагестану паведамлялі пра заклікі да «высялення габрэяў» яшчэ а 15:00. Мяркуючы паводле Telegram-каналаў, натоўп на выездзе з аэрапорту пачаў збірацца каля 19:00 паводле мясцовага часу (тут і далей – прыблізны час, які вынікае з апублікаваных відэа і жывых трансляцыяў). Яшчэ перад гэтым на месцы было некалькі нарадаў паліцыі, якія не перашкодзілі сходу. Да 20:00, калі натоўп ужо правяраў машыны, на месца прыехалі аўтазакі, але ў натоўпе казалі, што «нават амапаўскія машыны правяраем» (так гэта было ці не, незразумела). На відэа бачна, што ў той момант, калі сабраліся ўжо сотні пратэстоўцаў і прынамсі дзясяткі паліцыянтаў, натоўп не разганялі, а спрабавалі ўгаварыць: «Вы для нас не чужыя, мы вам не чужыя, мы ўсё разумеем, але гэта не варыянт». «Давайце мы ўсе збяромся і будзем скандаваць, мы разам з вамі ўстанем». Сілавікі не заміналі аглядаць машыны, толькі прасілі не блакаваць дарогі. Таксама перамовы з натоўпам вялі два дагестанскія міністры. Каля 20:00 натоўп прарваўся ў аэрапорт і «шукаў габрэяў», не пазней за 21:00 людзі прарваліся на ўзлётную паласу. Сілавікі ўсё яшчэ дзеялі ўгаворамі, натоўп пачаў ламаць машыну патрульна-паставой службы перад аэрапортам. Выглядае, што толькі бліжэй да 22:00 (праз прынамсі тры гадзіны з пачатку акцыі – і тады, калі ўрад Дагестану паведаміў, што «сітуацыя пад кантролем») паліцыя пачала спрабаваць разагнаць натоўп на ўзлётнай паласе, у сілавікоў паляцелі камяні, загучалі стрэлы ў паветра. Расгвардыя заявіла, што на 22:20 «аэрапорт вызвалены ад грамадзянаў, якія праніклі несанкцыянавана», але з відэа ў сацсетках выглядае, што натоўп пачаў разыходзіцца з узлётнай паласы толькі бліжэй да 00:00.

Пацярпелі будынак аэрапорту, два тузіны пратэстоўцаў і паліцыянтаў, але не пасажыры. Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя Дагестану, днём 30 кастрычніка два пацярпелыя былі ў цяжкім стане з чэрапна-мазгавымі траўмамі, 18 пацярпелых мелі лёгкія траўмы і вярнуліся дадому пасля наданай дапамогі. Большасць пацярпелых – паліцыянты, сцвярджае міністэрства. Паведамлялі пра 60 затрыманых, распачалі крымінальную справу за «масавыя беспарадкі». Паводле дырэктара аэрапорту, будынку і абсталяванню нанеслі шкоду на «не больш за 10 млн рублёў» (каля 100 тысяч долараў), аэрапорт часова спыняў працу, аднавіў яе 30 кастрычніка каля 14:00 паводле мясцовага часу.

Ці былі там габрэі, невядома. Розныя ананімныя крыніцы сцвярджалі, што грамадзянаў Ізраілю і габрэяў ці не было на борце, што прыляцеў з Тэль-Авіву, ці то было два чалавекі, ці то чатыры. Афіцыйных паведамленняў пра гэта не было. Пра пацярпелых габрэяў ці грамадзянаў Ізраілю зусім не паведамлялі. Прэм’ер-міністр і міністр замежных справаў Ізраілю выдалі падчас пагрому аэрапорту супольную заяву: чакаюць, што расейскія праваахоўныя органы абароняць усіх ізраільскіх грамадзянаў і габрэяў, што будуць рашуча дзеяць супраць пагромшчыкаў і тых, хто падбухторвае да дзеянняў супраць габрэяў і ізраільцянаў. Пра грамадзянаў Ізраілю ў аэрапорце ў гэтай заяве не гаварылася. Telegram-канал «Sota» адзначае, што рэйс з Ізраілю ў Махачкалу «ў асноўным выкарыстоўваецца як перасадачны» – а значыць, там маглі быць грамадзяне Ізраілю або этнічныя габрэі, якія не планавалі наведваць мусульманскіх рэгіёнаў.

Hавiны
Францыя збіраецца дэпартаваць 39 расейцаў – прыхільнікаў радыкальнага ісламу
2023.10.30 13:14

Насамрэч габрэі стагоддзямі жылі на Каўказе – і некаторыя застаюцца там. У Telegram-каналах некалькі разоў публікавалі адрасы сінагогаў, рабінаў і тых, у кім «падазравалі габрэяў». Прадстаўнік галоўнага рабінату Расеі ў Дагестане казаў, што ў Дагестане можа быць 600–800 габрэйскіх сем’яў, якім можа спатрэбіцца эвакуацыя з Расеі. Колькі габрэяў засталося на Паўночным Каўказе станам на 2023 год, насамрэч невядома. Паводле перапісу насельніцтва 2020–2021 гадоў, ува ўсёй Расеі 266 чалавек назваліся горскімі габрэямі, 575 – татамі (каўказскімі персамі, якімі маглі назвацца габрэі). Горскія габрэі (або джугуры) з’явіліся на Каўказе яшчэ да нашай эры, жылі ў горных далінах Дагестану і Азербайджану, у гарадах Паўночнага Каўказу, але пасля сталінскіх дэпартацыяў, Другой сусветнай вайны і войнаў у выніку распаду Савецкага Саюзу іх там амаль не засталося. Галоўны рабін Расеі пісаў, што раней мусульмане ды іўдзеі на Каўказе жылі мірна.

Расейская прапаганда звальвае адказнасць на «ворагаў», у тым ліку Украіну. Прадстаўнікі ўладаў Дагестану і Расеі, у тым ліку прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, вінавацяць у пагроме аэрапорту «ворагаў звонку», «спробы Захаду ўчыніць раскол у расейскім грамадстве». Прадстаўніца Міністэрства замежных справаў вінаваціла наўпрост украінскія спецслужбы. Таксама супраць антысеміцкіх акцыяў выказваліся муфціі Паўночнага Каўказу – і таксама вінавацілі нейкія вонкавыя «дэструктыўныя сілы». Сама расейская прапаганда выступала супраць Ізраілю, але не супраць габрэяў у Расеі (тым больш, што сярод прапагандыстаў ёсць этнічныя габрэі, якія падчас пагрому аэрапорту заклікалі ў тым ліку забіваць габрэяў у Газе і Украіне, але не ў Расеі). Ды, як лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, расейская прапаганда «перагрэла» Паўночны Каўказ антысеміцкімі наратывамі і справакавала пагром аэрапорту. Некаторыя расейскія каналы звярталі ўвагу на тое, што канал «Утро Дагестан» – адзін з найбольш актыўных і папулярных сярод тых, што падтрымлівалі антысеміцкія акцыі, – запусціў былы дэпутат Дзяржаўнай Думы Ілля Панамароў. Ён заяўляе, што пасля восені 2022 года «адпусціў у вольнае плаванне» сетку рэгіянальных каналаў, у якую ўваходзіў «Утро Дагестан», а сам выступае супраць тэрарыстаў «Хамасу» і падтрымлівае Ізраіль. Так ці іначай, гэты канал – найбольш папулярны, але толькі адзін з шэрагу каналаў і суполак у сацсетках, што заклікалі да антысеміцкіх акцыяў на Паўночным Каўказе.

Такія акцыі былі не ўва ўсіх мусульманскіх рэгіёнах Расеі. Аб пратэстах і тым больш пагромах не паведамлялі з Інгушэціі, Чачэніі, Башкартастану і Татарстану. Міністр нацыянальнай палітыкі Чачэніі выступіў супраць антысеміцкіх акцыяў, хоць назваў кіраўніцтва Ізраілю злачынцамі. Пасля пагрому аэрапорту ў Махачкале навінаў аб новых антысеміцкіх выступах у Расеі не было.

Аналітыка
Антысемітызм, бязвіз і ліст «Хамасу». Якія адносіны ў Лукашэнкі з Ізраілем і Палестынай
2023.10.17 08:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў