У Дагестане натоўп захапіў аэрапорт, шукаў ізраільцянаў


На Паўночным Каўказе другі дзень трываюць антысеміцкія акцыі. 28 кастрычніка натоўп атачыў гатэль у Хасавюрце, нібыта «поўны габрэяў», а 29 кастрычніка ў Махачкале натоўп атачыў аэрапорт і стаў шукаць ізраільцянаў, правяраўшы пашпарты пасажыраў.

Натоўп шукае габрэяў у аэрапорце
Натоўп шукае габрэяў у аэрапорце. Махачкала, Расея. 29 кастрычніка 2023 года. Скрыншот: Telegram-канал актывістаў, якія заклікаюць на акцыю

Вечарам 29 кастрычніка натоўп сабраўся каля аэрапорту Махачкалы, куды прыляцеў самалёт з Тэль-Авіву. Дарогі ў аэрапорт перакрылі, у пасажыраў сталі правяраць дакументы – шукаць грамадзянаў Ізраілю.

Адзін з каналаў, які заклікае людзей на такія акцыі і прапануе не пускаць ізраільцянаў у Дагестан, публікаваў відэа, на якім натоўп акружыў чалавека, які назваўся ўзбекам, і адабраў у яго пашпарт.

Пазней натоўп уварваўся ў аэрапорт і на узлётна-пасадачную паласу, атачыў самалёт, што прыляцеў з Тэль-Авіву. Нешматлікія паліцыянты гэтаму не здолелі перашкодзіць, але на месца прыбылі байцы Расгвардыі, прыехалі два рэспубліканскія міністры. Праз паўтары-дзве гадзіны па штурме аэрапорту паліцыя пачала затрымліваць прынамсі тых, хто аказаўся на ўзлётнай паласе. На відэа трапілі бойкі з паліцыяй.

Расгвардыя паведаміла, што аэрапорт «вызвалілі ад грамадзянаў, якія несанкцыявана праніклі», прыблізна праз тры гадзіны пасля пачатку штурму. Урад Дагестану заяўляе, што сітуацыя ў аэрапорце «пад кантролем». Але шэраг медыяў заяўляе, што нават пасля публікацыі Росгвардыі на ўзлётнай паласе застаўся натоўп, працягваюцца сутычкі з сілавікамі.

Пра пацярпелых ад усіх акцыяў не паведамляецца. Паводле звестак крыніцы выдання «The Times of Israel», у аэрапорце знаходзяцца некалькі грамадзянаў Ізраілю і габрэяў, але яны пад аховай.

Антысеміцкія акцыі асудзіў Каардынацыйны цэнтр мусульманаў Паўночнага Каўказу, таксама супраць іх выказаўся міністр нацыянальнай палітыкі Чачэніі. Іўдзейская грамада Дагестану не выключыла эвакуацыю габрэяў з рэгіёну.

Прэм’ер-міністр і міністр замежных справаў Ізраілю выдалі супольную заяву: чакаюць, што расейскія праваахооўныя органы абароняць усіх ізраільскіх грамадзянаў і габрэяў, што будуць рашуча дзейнічаць супраць пагромшчыкаў і тых, хто падбухторвае дзеянні супраць габрэяў і ізраільцянаў.

Найбольш папулярны Telegram-канал, які заклікаў на «пошукі габрэяў», вечарам 29 кастрычніка быў закрыты – імаверна, адміністрацыяй Telegram. Вярхоўны муфцій Дагестану заклікаў спыніць «такую акцыю» і забараніць прысутнасць у рэспубліцы грамадзянаў Ізраілю нейкімі «іншымі шляхамі».

***

Ізраіль 27 кастрычніка пачаў наземную аперацыю ў сектары Газа ў адказ на атаку тэрарыстаў 5 кастрычніка. Пасля гэтага ў шэрагу каўказскіх гарадоў Расеі прайшлі акцыі пратэсту – некаторыя ў пагрозамі гвалту грамадзянам Ізраілю.

28 кастрычніка ў Хасавюрце, што ў Дагестане, натоўп сабраўся пад гатэлем «Фламінга», бо хадзілі чуткі, што там пасялілі «ўцекачоў з Ізраілю» і бачылі «асобу, вонкава падобную да грамадзяніна Ізраілю» – гатэль «поўны габрэяў», гаварылася ў адным з паведамленняў з заклікам ісці туды. Натоўп патрабаваў жыхароў гатэлю выйсці да вокнаў, каб «паглядзець на іх», а калі гэтага не зрабілі, натоўп закідаў гатэль камянямі.

Паліцыя не стала перашкаджаць акцыі, а некалькіх удзельнікаў запрасіла ў гатэль пераканацца, што габрэяў там няма. Пасля натоўп пайшоў шукаць габрэяў у гатэль «Кіеў».

Таксама 28 кастрычніка прайшлі антыізраільскія мітынгі ў Махачкале, што ў Дагестане, і ў Чаркеску, што ў Карачаева-Чаркесіі. На 34 удзельнікаў акцыі ў Чаркеску склалі адміністратыўныя пратаколы, а колькасць удзельнікаў самі актывісты ацанілі ў 500 чалавек.

Ранкам 29 кастрычніка ў Нальчыку, што ў Кабардзіна-Балкарыі, невядомыя падпалілі будоўлю габрэйскага культурнага цэнтру, пакінулі на сцяне надпіс «Смерць яхудам» (у перакладзе з арабскай – габрэям).

Меркаванні
Пратэсты супраць Ізраілю – за тэрарызм, за гуманізм ці за «сваю каманду»? Разважае Цыганкоў
2023.10.19 17:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў