«Грамадзянам Ізраілю ўваход забаронены». На расейскім Каўказе – антысеміцкія хваляванні


У некаторых расейскіх рэгіёнах Паўночнага Каўказу 28-29 кастрычніка адбыліся антысеміцкія акцыі. У Дагестане агрэсіўны натоўп шукаў габрэяў у адным з гатэляў Хасавюрту, у Карачаева-Чаркесіі мітынгоўцы патрабавалі выгнаць габрэяў з рэгіёну, а ў Нальчыку невядомыя падпалілі габрэйскі культурны цэнтр.

Хваляванні ў Хасавюрце былі справакаваныя чуткамі, што ў мясцовым гатэлі «Фламінга» нібыта пасялілі «уцекачоў з Ізраілю». Як паведамляе «Медыязона» са спасылкай на мясцовыя тэлеграм-каналы, напярэдадні днём жыхары Хасавюрта заўважылі каля гатэля «твар, знешне падобны да грамадзяніна Ізраіля».

Увечары каля гатэлю сабраўся натоўп, які скандаваў «Аллаху Акбар» і запатрабаваў ад усіх пастаяльцаў падысці да вокнаў, каб паглядзець на іх. Калі пастаяльцы не сталі гэтага рабіць, у будынак паляцелі камяні. У сацсетках пішуць, некаторыя людзі ў натоўпе мелі пры сябе зброю.

Да «Фламінга» прыехала паліцыя, але сілавікі не сталі разганяць антысеміцкі сход. Супрацоўнікі МУС дазволілі некалькім людзям з натоўпу зайсці ў гатэль, каб упэўніцца ў тым, што ў ім няма габрэяў. Пасля гэтага прысутныя вырашылі агледзець яшчэ і гатэль «Кіеў», у якім таксама не знайшлі грамадзян Ізраілю.

Пасля гэтага каля гатэля «Фламінга» павесілі абвестку пра тое, што габрэі там не жывуць і ўваход ім туды забаронены.

Каля гатэля «Фламінга» ў Хасавюрце павесілі абвестку аб тым, што габрэі ўваход забаронены.
Фота: «ЧП Кавказ» / Telegram

Паводле Telegram-каналу «Baza», у Карачаева-Чаркесіі 28 кастрычніка каля 500 чалавек сабраліся на мітынг з патрабаваннем не пускаць грамадзянаў Ізраілю і ўвогуле выселіць усіх габрэяў з рэгіёну.

У Нальчыку (сталіца Кабардына-Балкарыі) 29 кастрычніка невядомыя падпалілі габрэйскі культурны цэнтр, які яшчэ будуецца. На сцяне пасля гэтага з’явіўся надпіс «смерць яхудам». «Яхуд» – па-арабску габрэй.

Расейскія Telegram-каналы пішуць, што фоне падзеяў на Блізкім Усходзе мясцовыя жыхары сталі выступаць супраць будаўніцтва габрэйскага цэнтру.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў