Ізраіль пачаў наземную аперацыю ў сектары Газа


Прадстаўнік «Цагаль» контр-адмірал Даніель Гагары заявіў увечары 27 кастрычніка, што ізраільскія сухапутныя войскі «пашыраюць свае наземныя аперацыі» і ўзмоцняць паветраныя ўдары ў сектары Газа. Пра гэта паведамляе «Times of Israel».

Атака сектара Газа 27 кастрычніка 2023 года. Крыніца: Ateobreaking / Telegram

«За апошнія гадзіны мы павялічылі колькасць атак у Газе. Паветраныя сілы шырока атакуюць падземныя цэлі і інфраструктуру тэрарыстаў. У працяг наступальнай дзейнасці, якую мы праводзілі ў апошнія дні, сёння ўвечары наземныя сілы пашыраюць наземную актыўнасць. Цагаль магутна працуе ва ўсіх вымярэннях для дасягнення мэт вайны», – заявіў Даніель Гагары.

Таксама ён у чарговы раз заклікаў насельніцтва паўночнай часткі сектара Газа, у тым ліку гораду Газа, перамяшчацца на поўдзень. Палестынцы сцвярджаюць, што на поўдні ненашмат бяспечней, чым на поўначы, а размяшчацца тамака практычна няма дзе.

Улады, падкантрольныя «Хамасу» заявілі, што па ўсім сектары Газа адключылі інтэрнэт і сувязь у сувязі з магутнымі бамбардзіроўкамі. Тэрыторыю абстрэльваюць з зямлі, вады і паветра. 

Таксама «Хамас» заклікаў сусветную супольнасць спыніць ізраільскія бамбардзіроўкі. Баевікі выпусцілі заяву з заклікам да «неадкладных дзеянняў»:

«Заклікаем арабскія і мусульманскія краіны і сусветную супольнасць узяць адказнасць і распачаць неадкладныя дзеянні, каб спыніць злачынствы і серыю забойстваў нашага народа», – перадае заяву групоўкі AFP.

Атака сектара Газа 27 кастрычніка 2023 года. Крыніца: Ateobreaking / Telegram

Праз некаторы час ад пачатку абстрэлаў прадстаўнік «Хамасу» заявіў, што яны гатовыя вызваліць ізраільскіх палонных у абмен на 5-дзённае спыненне агню, пры гэтым ізраільскіх салдат не вызваляць – іх будуць утрымліваць для абмену, перадае «Financial Times».

Аднак прадстаўнік «Цагаль» заявіў, што іх мэта не толькі вызваленне закладнікаў, але і знішчэнне «Хамасу».

Між тым палестынскі Чырвоны крыж заявіў аб поўнай страце сувязі з брыгадамі ў Газе. У заяве гаворыцца, што арганізацыі цалкам страцілі сувязь з аператыўным штабам у Газе і ўсімі камандамі, якія там працуюць, пасля блакады сувязі і інтэрнэту.

Hавiны
Армія Ізраілю: Пацверджаная колькасць закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў Газе, дасягнула 229
2023.10.27 20:43

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў