Ізраіль і сектар Газа: храналогія канфлікту


Раніцай 7 кастрычніка 2023 года Палестынскі ісламісцкі рух ХАМАС здзейсніў найбуйнейшы за апошні час напад на Ізраіль. З сектару Газа былі выпушчаныя тысячы ракет, баевікі прарвалі наземную мяжу. Ізраіль заявіў, што знаходзіцца ў стане вайны і распачаў удары ў адказ па Газе. Прыгадваем, як утварыўся Сектар Газа і як так склалася, што ледзь не кожны год там адбываюцца вялікія і малыя вайсковыя аперацыі.

Ад выгнання да вяртання

Прыкладна з II тысячагоддзя да Раства Хрыстовага на тэрыторыі сучаснага Ізраілю жылі габрэі, юдэйскія дзяржавы паўставалі і занепадалі, аднак на рубяжы нашай эры Ізраіль заставаўся пад уладай Рыму. Чарговае антырымскае паўстанне напачатку I тысячагоддзя нашай эры радыкальна змяніла сітуацыю для юдэйскага насельніцтва на Бліжнім Усходзе. Рымляне жорстка адказалі масавымі рэпрэсіямі. Габрэі мусілі масава ўцякаць са сваёй айчыны. З вялікай даволі кампактнай групы насельніцтва яны пераўтварыліся ў раскіданую па Еўропе, Азіі і паўночнай Афрыцы меншасць, якая часта рабілася ахвярай пераследу.

Лічыцца, што Ізраіль першы раз згадваецца ў тэксце на старажытнаегіпецкай стэле Мернептаха: «Ізраіль спустошаны, яго семя няма». Крыніца: wikipedia.org

Толькі ў XIX стагоддзі, калі пачалося фармаванне еўрапейскіх нацыянальных рухаў, у тым ліку беларусаў, паўстаў і габрэйскі нацыянальны рух – сіянізм. Сіянізм абвяшчаў патрэбу вяртання на зямлю Ізраілю для стварэння незалежнай габрэйскай дзяржавы. Гэты рух паступова ідэйна захапіў значную частку габрэйскай дыяспары.

Масавае перасяленне габрэяў у былы (і будучы) Ізраіль пачалося з пачатку XX стагоддзя. Другая сусветная вайна і Галакост – масавае знішчэнне габрэяў нацыстамі – дадаткова падштурхнулі гэты працэс. Аднак на Святой Зямлі ўжо сотні гадоў жылі ў значнай ступені арабы, і іміграцыя сотняў тысяч габрэяў выклікала негатыўную рэакцыю з арабскага боку.

Гарачыя войны на фоне халоднай вайны

Усё часцей паміж дзвюма этнарэлігійнымі групамі ўзнікалі канфлікты і крывавыя сутычкі, таму ў 1947 годзе ААН прыняла план падзелу Палестыны на дзяржаву для габрэяў і дзяржаву для арабаў. Пры гэтым габрэі прынялі план ААН, а арабы – не.

У выніку ў 1948 годзе габрэі абвясцілі незалежнасць Ізраілю ў межах, вызначаных ААН. У адказ вайсковы звяз арабскіх дзяржаваў пачаў вайну з мэтай знішчэння маладой краіны. Аднак хоць на паперы арабскія сілы былі значна большымі і лепш узброенымі, Ізраіль змог змабілізаваць вельмі вялікі адсотак насельніцтва і лепш кіраваць сваімі войскамі. Такім чынам, фактычна ізраільцяне білі войскі арабаў, што наступалі з розных бакоў, часткамі, аператыўна перакідвалі сілы на новы фронт – і білі зноў. Так невялікі Ізраіль перамог.

Як ААН планавала падзяліць Палестыну на 2 дзяржавы. Крыніца: wikipedia.org

Падчас вайны зноў адбыліся маштабныя дэмаграфічныя змены. Вайна суправаджалася масавым (ад 520 да больш за 900 тысяч асобаў) выхадам палестынскага арабскага насельніцтва з тэрыторыяў, што трапілі пад кантроль Ізраілю. Адбывалася гэта як паводле загадаў арабскіх лідараў, так і ў выніку адчування небяспекі з боку ізраільскіх фармаванняў.

З іншага боку, пасля пастановы ААН пра падзел Палестыны больш за 800 тысяч габрэяў былі выгнаныя ці беглі з арабскіх краінаў у Ізраіль і іншыя краіны.

На памежных тэрыторыях, якія ААН планавала для арабскай дзяржавы (у тым самым сектары Газа, на Заходнім беразе ракі Іярдан, суседніх землях Лівану, Сірыі, Іярданіі) – узніклі вялікія перанаселеныя анклавы арабскага насельніцтва. Іх і сталі называць палестынцамі, каб адрозніць ад насельніцтва іншых арабскіх краінаў, а таксама ад грамадзянаў Ізраілю арабскага паходжання.

Новыя войны адбываліся ў наступныя дзесяцігоддзі ледзь не кожныя пару гадоў. Навакольныя арабскія дзяржавы з дапамогай СССР спрабавалі ўзяць рэванш, аднак штораз цярпелі паразу ад ізраільскай арміі, якая стала самай эфектыўнай і матываванай ваеннай машынай рэгіёну.

Тым часам Ізраіль паступова пашыраў тэрыторыю пад сваім кантролем.

Ізраільскія танкі падчас Шасцідзённай вайны, 1967 г. Крыніца: wikipedia.org

З цягам часу такія дзяржавы, як Іярданія і Егіпет, адмовіліся ад канфрантацыі з Ізраілем, больш за тое, іх значна больш сталі турбаваць радыкальныя палестынскія ўзброеныя групоўкі, што дзейнічалі на тэрыторыі гэтых краінаў. У Ліване напады палестынскіх баевікоў на Ізраіль у мірны час прывялі да ўвядзення ў краіну ізраільскіх войскаў, а потым і да крывавай грамадзянскай вайны ў Ліване паміж хрысціянамі, мусульманамі-сунітамі і мусульманамі-шыітамі.

Як сектар Газа стаў самым нестабільным пунктам

У 2000-ыя гады ў рэгіёне паўстаў новы статус-кво. Reuters прыводзіць храналогію канфлікту ў ХХІ стагоддзі.

Жнівень 2005 года. Ізраільскія войскі ў аднабаковым парадку сыходзяць з сектару Газа праз 38 гадоў пасля яго захопу ў Егіпта ў ходзе вайны на Бліжнім Усходзе. Ізраіль пакінуў анклаў пад кантролем Палестынскай аўтаноміі.

25 студзеня 2006 года. Ісламісцкая групоўка ХАМАС атрымлівае большасць месцаў у выніку выбараў у заканадаўчых органах Палестыны. Ізраіль і ЗША спынілі дапамогу палестынцам, таму што ХАМАС адмаўляецца спыніць гвалт і прызнаць Ізраіль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынскія прыхільнікі ісламскай групоўкі «Хамас» размахваюць сцягамі падчас мітынгу ў падтрымку кандыдатаў на выбарах у палестынскі парламент у горадзе Хэброн на Заходнім беразе ракі Іярдан. 23 студзеня 2006 года.
Фота: Kevin Frayer / AP Photo / East News

25 чэрвеня 2006 года. Баевікі Хамасу захапілі прызыўніка ізраільскай арміі Гілада Шаліта ў ходзе трансмежавага рэйду з сектару Газа, што справакавала ізраільскія паветраныя ўдары і ўварванні. Шаліт быў вызвалены праз больш чым 5 гадоў у выніку абмену палоннымі.

14 чэрвеня 2007 года. ХАМАС захоплівае сектар Газа ў ходзе кароткай грамадзянскай вайны, выцясняе сілы Фатха, лаяльныя прэзідэнту Палестыны Махмуду Абасу, які базуецца на Заходнім беразе.

27 снежня 2008 года. Ізраіль пачынае 22-дзённы ваенны наступ у сектары Газа пасля таго, як палестынцы абстралялі ракетамі горад Сдэрот на поўдні Ізраілю. Паведамляецца, што каля 1400 палестынцаў і 13 ізраільцянаў былі забітыя да дасягнення пагаднення аб спыненні агню.

14 лістапада 2012 года. Ізраіль забівае начальніка ваеннага штабу ХАМАС Ахмеда Джабары. За гэтым ідуць 8 дзён ракетных абстрэлаў палестынскіх баевікоў і ізраільскіх авіяўдараў.

Ліпень-жнівень 2014 года. Выкраданне і забойства трох ізраільскіх падлеткаў праз ХАМАС прыводзіць да сямітыднёвай вайны, у якой, як паведамляецца, больш за 2100 палестынцаў забітыя ў сектары Газа. Таксама былі забітыя 73 ізраільцяніна, 67 з іх – вайскоўцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палестынцы ідуць па вуліцы сярод разбураных дамоў у горадзе Газа, які быў адным з найбольш пацярпелых ад баявых дзеянняў паміж Ізраілем і баевікамі «Хамас». 27 жніўня 2014 года.
Фота: Roberto Schmidt / AFP Photo / East News

Сакавік 2018 года. На абгароджанай мяжы Газы з Ізраілем пачынаюцца палестынскія пратэсты. Ізраільскія войскі адкрываюць агонь, каб стрымаць пратэстоўцаў. Паведамляецца, што за некалькі месяцаў пратэстаў былі забітыя больш за 1700 палестынцаў, што таксама справакавала баявыя дзеянні паміж ХАМАС і ізраільскімі сіламі.

Травень 2021 года. Пасля некалькіх тыднях напружанасці падчас мусульманскага месяцу посту Рамадан сотні палестынцаў атрымалі раненні ў сутыкненнях з ізраільскімі сіламі бяспекі каля мячэту Аль-Акса ў Іерусаліме, трэцяй па значнасці святыні ісламу. Патрабуючы ад Ізраілю вывесці сілы бяспекі з комплексу, ХАМАС абрынае ракетны залп з сектару Газа. Баі працягваюцца 11 дзён, у выніку чаго загінулі па меншай меры 250 чалавек у Газе і 13 у Ізраілі.

Жнівень 2022 года. Па меншай меры 44 чалавекі, у тым ліку 15 дзяцей, забітыя за тры дні гвалту, які распачаўся, калі ізраільскія авіяўдары паразілі высокапастаўленага камандзіра «Ісламскага джыхаду».

Ізраіль заяўляе, што гэтыя ўдары былі прэвентыўнай аперацыяў супраць непазбежнага нападу баявога руху, які падтрымліваецца Іранам, накіраванага на камандзіраў і склады зброі. У адказ «Ісламскі джыхад» выпусціў больш за 1000 ракет па Ізраілю. Ізраільская сістэма СПА «Жалезны купал» перадухіляе любую сур’ёзную шкоду ці ахвяры.

Студзень 2023 года. «Ісламскі джыхад» у сектары Газа запускае дзве ракеты ў бок Ізраілю пасля таго, як ізраільскія войскі здзейснілі налёт на лагер уцекачоў і забілі сем палестынскіх баевікоў і двух мірных жыхароў. Ракеты выклікалі трывогу ў ізраільскіх паселішчах каля мяжы, але ахвяраў не было. Ізраіль адказаў авіяўдарамі па сектары Газа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баевікі групоўкі «Хамас» запускаюць ракеты ў бок Ізраілю з сектару Газа. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Fatima Shbair / AP Photo / East News

Кастрычнік 2023 года. ХАМАС здзяйсняе буйнейшую за апошнія гады атаку на Ізраіль з сектару Газа, здзяйсняючы раптоўную атаку, якая спалучае перасячэнне мяжы баевікамі з магутным ракетным абстрэлам. «Ісламскі джыхад» заяўляе, што яго баевікі далучыліся да атакі.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што яны знаходзяцца ў стане вайны, нанеслі ўдары па ХАМАС у сектары Газа і прызвалі рэзервістаў.

Марыя Міхалевіч/РЛ belsat.eu

Стужка навінаў