Ізраіль атакаваны вялікай колькасцю ракет, ёсць ахвяры


Сёння раніцай у 6:30 па ізраільскім часе ўзброенае крыло «Хамас» абвясціла пра пачатак аперацыі «Паводка Аль-Акса» супраць Ізраіля і атакавала краіну ад поўдня да цэнтра больш як 5 тысячамі ракет і снарадаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баевікі з групоўкі «Хамас» абстрэльваюць Ізраіль з сектару Газа ў адказ на ізраільскія авіяўдары падчас аперацыі ў горадзе Газа. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Abed Rahim Khatib / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Паведамляецца, што ўзброеныя баевікі ўварваліся ў памежныя раёны Ізраіля з сектара Газа. Яны спрабуюць прарвацца на тэрыторыю краіны, выкарыстоўваючы парашуты, лодкі, а таксама наземным шляхам.

Ваенны камандуючы групоўкі «Хамас» Махамад Дэйф выступіў з заявай, у якой гаворыцца, што напады з’яўляюцца помстай за «апаганьванне» Ізраілем мячэці Аль-Акса ў Ерусаліме (інцыдэнт адбыўся ў красавіку 2023 года, калі ізраільская паліцыя прымяніла сілу супраць вернікаў у мячэці, бо, паводле іх звестак, унутры храма зачыніліся ўзброеныя і агрэсіўна настроеныя людзі). Ён дадае, што Ізраіль забіў і параніў сотні палестынцаў у гэтым годзе, і што Ізраіль адхіліў прапановы абмену палоннымі. Ён заклікаў арабаў у Ерусаліме і ўнутры Ізраіля, у Негеве, Галілеі і на поўначы Ізраіля «падпаліць зямлю пад нагамі акупантаў».

Ізраільская армія зрабіла заяву аб тым, што знаходзіцца ў стане «гатоўнасці да вайны». Кіраўнік Міністэрства абароны Ізраіля Ёаў Галант заклікаў на вайсковую службу рэзервістаў.

Жыхароў памежных населеных пунктаў папрасілі не выходзіць з дамоў і трымацца паблізу бомбасховішчаў.

Паведамляецца, што ў выніку ракетнай атакі ёсць ахвяры сярод мясцовага насельніцтва. Ёсць звесткі аб прамым траплянні ў жылы дом у Тэль-Авіве. Таксама ёсць звесткі пра захоп грамадзянскіх закладнікаў у горадзе Сдэрат, што знаходзіцца на поўдні Ізраіля, у трох кіламетрах ад мяжы з сектарам Газа.

«Al Jazeera» паведамляе, што ізраільская армія страціла кантроль над адной са сваіх базаў на мяжы з Газай – КПП «Эрэз».

Ізраільская армія абвясціла аб пачатку контртэрарыстычнай аперацыі «Жалезныя мячы» і сцвярджае, што дзясяткі знішчальнікаў ваенна-паветраных сілаў краіны зараз атакуюць цэлі тэрарыстычнай арганізацыі «Хамас» у сектары Газа.

Таксама ізраільскія вайскоўцы апублікавалі карту населеных пунктаў, дзе была абвешчаная паветраная трывога. З яе бачна, што пад абстрэлам апынуўся ўвесь поўдзень краіны.

Населеныя пункты на поўдні Ізраіля, дзе была абвешчана паветраная трывога ў выніу атак тэрарыстаў «Хамас». Крыніца: NEXTA Live / Telegram

У той жа час з гучнагаварыцеляў мячэцяў па ўсім Іерусаліме чутныя заклікі да мусульманаў паўстаць і весці свяшчэнную вайну супраць Ізраіля.

Да жыхароў краіны звярнуўся прэм’ер-міністр Ізраіля Бэньямін Нэтаньягу, які заявіў, што краіна знаходзіцца «ў стане вайны, не аперацыі, не перастрэлкі. Вайны». Ён адзначыў, што «Хамас» заплаціць за сённяшні напад, і сказаў, што распарадзіўся зачысціць памежныя населеныя пункты ад тэрарыстаў і правесці мабілізацыю рэзервістаў.

Прэс-сакратар Арміі абароны Ізраіля Даніэль Агары заявіў, што «ў найбліжэйшыя гадзіны мы абрынем усю сілу арміі на Газу», што, магчыма, сведчыць пра пачатак наземнай аперацыі.

Ізраільскія СМІ паведамляюць, што паліцыя Ізраілю ацэньвала сілы баевікоў у 60 чалавек у 14 раёнах. І што дзякуючы фота і відэа, якія пашыраюцца ў сеціве, тэрарыстам «Хамас» удаецца пераканаць грамадства ў адваротным.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Хлопец бяжыць у сховішча падчас абстрэлу ізраільскага гораду Ашкелён (Ashkelon) ракетамі з сектару Газа. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ahmad Gharabli / AFP / East News

Ізраільскі канал N12 паведамляе пра найменш 22 грамадзянаў краіны, якія загінулі сёння ад рук тэрарыстаў. Колькасць параненых дасягнула 500 чалавек.

Міністр нацыянальнай бяспекі Ізраіля Ітамар Бен-Гвір абвесціў надзвычайнае становішча на тэрыторыі ўсёй краіны. Паводле ягоных словаў, гэта дасць паліцыі дадатковыя паўнамоцтвы. Таксама гаворыцца аб прызыве дабраахвотнікаў-паліцэйскіх.

Між тым стала вядома, што Іран падтрымлівае напад палестынскай групоўкі «Хамас» на Ізраіль. Пра гэта заявіў генерал Рахім Сафаві, дарадца вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі.

Камандзір паўднёвай акругі паліцыі Амір Коэн заявіў, што згодна з ацэнкай сітуацыі, інцыдэнт «зойме шмат гадзін, а можа быць і дзён».

Ізраільскія СМІ паведамляюць, што станам на 13:00 па ізраільскім часе вядома пра больш за 50 салдатаў і мірных жыхароў, узятых баевікамі ў палон. Таксама гаворка вядзецца пра 65 загінулых ізраільскіх вайскоўцаў.

Армія абароны Ізраіля паведамляе, што яе сілы атакавалі 17 ваенных комплексаў і чатыры аператыўных штаба групоўкі “Хамас” у розных раёнах сектара Газа.

СМІ паведамляюць, што бліжэй к 15 гадзінам па ізраільскім часе ў Тэль-Авіве пачаліся праблемы з доступам у інтэрнэт.

Па стане на 16:00 ізраільскі ўрад пацвердзіў, што колькасць загінулых ізраільцянаў вырасла да як мінімум 40 чалавек. 750 параненыя. Гэтыя лічбы працягнуць расці.

Паведамляецца пра 198 загінулых і 1600 параненых у сектары Газа.

Каля 17-й гадзіны па мясцовым часе The Jerusalem Post паведаміў, што загінулых сярод ізраільцянаў ужо па меншай меры 100 чалавек, параненых – больш за 900.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў