news
Агляд
Праізраільскі і праўкраінскі «вар’ят». Хто такі Хавіер Мілей, які выйграў выбары ў Аргентыне
Паводле яго, дзяржава – гэта злачынная арганізацыя.
20.11.202319:32

На прэзідэнцкіх выбарах у Аргентыне – восьмай краіны ў свеце паводле памераў сваёй тэрыторыі – перамогу атрымаў эсктравагантны Хавіер Мілей. Палітык яшчэ да свайго абрання паспеў адзначыцца радыкальнымі заявамі як адносна ўнутранай, гэтак і вонкавай палітыкі. Пра гэта і пра ягоныя перспектывы чытайце падрабязней у аглядзе «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Хавіер Мілей махае рукой падчас сваёй пераможнай прамовы пасля перамогі ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Буэнас-Айрэсе, Аргенціна. 19 лістапада 2023 года.
Фота: Natacha Pisarenko / AP Photo / East News

У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Аргентыне перамог Хавіер Мілей ад апазіцыйнай лібертарыянскай кааліцыі «Свабода надыходзіць». Палітык з мянушкай «Вар’ят» атрымаў 55,7 % галасоў, апярэдзіўшы Сэрхіё Масу з кіроўнага левацэнтрысцкага «Саюзу за Бацькаўшчыну», які набраў 44,4 %.

На пасаду Мілей уступіць 10 снежня. Але ўжо цяпер ён абяцае радыкальныя змены:

«Мадэль заняпаду падышла да канца, шляху назад няма», – заявіў прэзідэнт-элект.

Паводле яго, Аргентыну чакаюць «каласальныя праблемы: інфляцыя, адсутнасць працы і беднасць», і таму «няма месца прахалодным паўмерам».

Аргентынскі Трамп з бензапілой

Мілей з’яўляецца лідарам Лібертарыянскай партыі, а самога сябе лічыць анарха-капіталістам і «палеалібертарыянцам». То бок, прынамсі, у тэорыі выступае за поўную ліквідацыю дзяржавы і падтрымлівае правакансерватыўныя каштоўнасці. Паводле яго, дзяржава – гэта злачынная арганізацыя, якая замахваецца на прыватную ўласнасць, «жыве за кошт крадзяжу ў сумленных людзей» і збірае падаткі «пад руляй пісталета». Грамадства ж, на яго думку, можа функцыянаваць і без яе – выключна на рынкавых прынцыпах.

«Дзяржава – гэта педафіл пасярод дзіцячага сада з абшмараванымі вазелінам дзецьмі ў кайданах», – казаў Мілей, хоць і прызнаваў, што ў рэальнасці «нельга ігнараваць існаванне дзяржавы».

У краіне, дзе гадавая інфляцыя станам на кастрычнік складала 142,7 %, Мілей дзеля развязання эканамічных праблемаў прапаноўваў поўную ліквідацыю Цэнтральнага банку, скасаванне песа і пераход Аргентыны на амерыканскі долар. Таксама ён лічыць неабходным скараціць дзяржаўныя выдаткі, ліквідаваць амаль палову міністэрстваў, як то Міністэрства жанчын, гендару і разнастайнасці, прыватызаваць дзяржпрадпрыемствы і сістэму ахову здароўя, аслабіць ціск на бізнес. Паводле яго, трэба даваць людзям магчымасць зарабляць самастойна, а не рабіць іх залежнымі фінансава ад дзяржавы. Дзеля ілюстрацыі сваіх поглядаў Мілей нават з’яўляўся на мітынгах з бензапілой, што мусіла сімвалізаваць зразанне дзяржаўных выдаткаў.

Але гэта не ўсё дзівацтва палітыка. З аднаго боку ён выступае за легальны продаж чалавечых органаў і зброі, легалізацыю прастытуцыі і свабоднае кланаванне, а з другога – супраць легалізацыі марыхуаны і абортаў. Таксама Мілей не верыць у глабальнае пацяпленне ды змагаецца з «культурным марксізмам» у выглядзе мультыкультуралізму і паліткарэктнасці, за што яго ўжо празвалі «аргентынскім Трампам».

«Я блакітнавокі русы мужчына, я не збіраюся прасіць прабачэння за тое, што ў мяне ёсць член», – казаў Мілей, які называў сябе «настаўнікам тантрычнага сексу» і аматарам «сексу ўтрох».

Апроч таго, палітык рэзка крытыкаваў чыноўнікаў – «паразітаў на шыі народа» – ды «левакоў»-«адкідаў». Называў ён «брудным леваком» і аднаго з самых вядомых нарадзінцаў Аргентыны – Папу Рымскага Францішка.

Адчай і меншае зло

Журналіст Расейскай службы «Радыё Свабода», лацінаамерыканіст Аляксандр Госцеў у каментары «Вот Таку» адзначаў, што папулярнасць Мілея – гэта частка агульнага трэнду стомленасці людзей ад кіроўных элітаў ды эканамічных праблемаў.

«Як правіла, [у гэтых умовах у палітыку] прыходзяць або левыя, або правыя enfants terribles – «жахлівыя дзеці», якія сваёй грубасцю, радыкалізмам, яркасцю вельмі многіх выбарцаў прыцягваюць. Для таго, каб выйсці ў лідары прэзідэнцкай гонкі, найперш трэба быць яркім аратарам. Можна абяцаць немагчымае, абяцаць рэвалюцыйныя перамены. А ў Аргентыне жахлівы эканамічны крызіс, які доўжыцца 25 гадоў», – адзначаў Госцеў.

Майкл Шыфтэр з аналітычнага цэнтру Міжамерыканскага дыялогу ў Вашынгтоне таксама назваў Аргентыну «часткай рэгіянальнай тэндэнцыі рэальнага паслаблення палітычных партыяў і з’яўлення аўтсайдара, які… нясе магутнае пасланне, якое знаходзіць водгук: проста пазбаўцеся палітычнага класу, і тады ўсё будзе ў парадку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Праціўнікі ўраду прэзідэнта Аргенціны Альберта Фэрнандэса праводзяць акцыю пратэсту ля прэзідэнцкага палаца з-за палітычнага і эканамічнага крызісу ў краіне. Буэнас-Айрэс, Аргенціна. 9 ліпеня 2022 года.
Фота: Luis Robayo / AFP / East News

Як адзначае Reuters, некаторыя аргентынцы ахарактарызавалі галасаванне за Мілея як выбар «меншага зла» супраць тых сілаў, якія прывялі Аргентыну да працяглага эканамічнага крызісу. Асаблівай папулярнасцю палітык карыстаецца сярод моладзі, якая вырасла, назіраючы, як іх краіна перажывае адзін крызіс за другім.

«Гэты трыумф звязаны не столькі з Мілеем і яго асаблівасцямі і ўласцівасцямі, колькі з патрабаваннем пераменаў, – сказаў Лукас Рамэра, кіраўнік мясцовай палітычнай кансалтынгавай фірмы «Synopsis». – На выбарчых участках выяўляецца стома, змора і пратэставае галасаванне большасці аргентынцаў».

Бэнджамін Гедан, кіраўнік аргентынскага праекту Цэнтру Ўілсана, маштаб перамогі Мілея растлумачыў адным словам – адчай:

«Гэтае галасаванне проста пахне адчаем. Шмат аргентынцаў свядома прагаласавалі супраць сваіх эканамічных інтарэсаў, бо прызнаюць, што статус-кво катастрафічны. І не было ніякіх падстаў меркаваць, што цяперашні міністр фінансаў можа даць рады».

За свабоду – значыць супраць Крамля

З перамогай Мілея ўжо павіншаваў былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп, з якім параўноўвалі аргентынскага палітыка. На яго думку, Мілей здолее перавярнуць краіну і зрабіць «Аргентыну зноў вялікай». Падтрымаў «аргентынскага Трапма» і «бразільскі Трамп» – былы прэзідэнт паўночнай суседкі Аргентыны Жаір Баўсанару, які заявіў, што «надзея зноў ззяе ў Паўднёвай Амерыцы».

Павіншавалі Мілея і дзейныя ўлады ЗША. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прывітаў «надзейны дэмакратычны працэс, праз які выказалася аргентынская грамадскасць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Перамога Хавіера Мілея паказана на першай старонцы ва ўсіх газетах у кіёску. Буэнас-Айрэс, Аргенціна. 20 лістапада 2023 года.
Фота: Luis Robayo / AFP / East News

А вось сярод лідараў Лацінскай Амерыкі галасы падзяліліся. Левы прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіў Лула да Сіўва, якога Мілей неаднаразова абражаў як карумпаванага «камуніста», прызнаў перамогу Мілея ў прахалодным пасце ў сацсетцы, напісаўшы, што «дэмакратыя – гэта голас народу, і яе заўсёды варта паважаць». А вось левы прэзідэнт Калумбіі Густава Пэтра наагул раскрытыкаваў выбары ў Аргентыне: «Ультраправыя перамаглі ў Аргентыне… [Гэта] сумна для Лацінскай Амерыкі». «Цяпер скажы гэта, не плачучы», – напісаў яму ў адказ правы прэзідэнт Сальвадору Наіб Букеле.

Сам жа Мілей яшчэ да перамогі называў галоўнымі саюзнікамі Аргентыны ЗША і Ізраіль. Ён быў заўважаны з ізраільскім сцягам і нават абяцаў прыняць юдаізм, за што ўжо быў названы праізраільскім палітыкам на старонках The Jerusalem Post. Таксама ён крытыкаваў Расею за агрэсію супраць Украіны, за што ўжо ўкраінскія медыі яго назвалі праўкраінскім.

«Я прынёс украінскі сцяг, бо тыя з нас, хто падтрымлівае ідэі свабоды, не могуць цярпець або падтрымліваць такое ўварванне, якое Расея зрабіла ва Украіну», – сказаў Мілей перад заканадаўчым сходам Аргентыны.

А вось з «камуністычнымі» Расеяй, Кітаем і Бразіліяй ён наадварот стасункі развіваць не збіраецца. Прадстаўнікі ягонай каманды ўжо нават заявілі расейскім медыям, што 1 студзеня 2024 года Аргентына не будзе ўступаць у БРІКС, куды яе прынялі на сёлетнім саміце арганізацыі.

У Маскве гэтыя заявы ў свой бок заўважылі, але пакуль не хочуць паліць масты з новым прэзідэнтам:

«Мы звярнулі ўвагу на шэраг заяваў, якія спадар Мілей зрабіў падчас выбарчай кампаніі, але галоўным чынам будзем арыентавацца і меркаваць на падставе тых заяваў, якія ён ужо будзе рабіць пасля інаўгурацыі», – сказаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Што будзе цяпер?

Пасля першага тура галасавання ў кастрычніку Мілей заключыў няпросты саюз з кансерватарамі. Але, піша Reuters, ён сутыкаецца з моцна фрагментаваным Кангрэсам, дзе ніводны блок не мае большасці, што азначае, што яму давядзецца дамаўляцца з іншымі фракцыямі, каб прасунуць свае заканадаўчыя ініцыятывы. Таксама ў кааліцыю Мілея не ўваходзяць губернатары і мэры.

Аргентынскі гісторык, які вывучае правыя рухі, Фэдэрыка Фінчэльштэйн, адзначыў, што Мілей «значна больш празмерны і нестабільны, чым Баўсанар і Трамп. Таму вельмі непрадказальна, што можа зрабіць гэты чалавек [знаходзячыся ва ўладзе]».

Палітычны аналітык Ана Іпарагірэ параіла аргентынцам падрыхтавацца, бо пераможцу выбараў давядзецца «прымаць хуткія рашэнні, якія нанясуць шкоду людзям».

«Пры амаль 150-працэнтнай інфляцыі гэтымі тыднямі сітуацыя можа хутка выйсці з-пад кантролю. Так што гэта перыяд вялікай нестабільнасці», – сказала яна.

На думку Бэнджаміна Гедана, абранне такога радыкальнага і недасведчанага палітыка штурхнула Аргентыну ў нязведаныя воды:

«Рэальная рызыка заключаецца ў тым, што Аргентына пацерпіць няўдачу ў сваёй спробе радыкальна пераўтварыць эканоміку. Гэта будзе выглядаць як масавыя сацыяльныя хваляванні, нацыянальныя забастоўкі прафсаюзаў, патэнцыйны палітычны гвалт і ціск на дэмакратычныя інстытуты. Існуе даволі змрочны сцэнар, калі ён насамрэч будзе агрэсіўна прытрымлівацца свайго максімалісцкага бачання развіцця Аргентыны».

Тым не менш, лацінаамерыканіст Аляксандр Госцеў у каментары «Вот Таку» адзначыў, што «не раз перамагалі вельмі левыя і вельмі правыя палітыкі ў іншых дзяржавах Лацінскай Амерыкі, якія потым, прыйшоўшы да ўлады, паводзілі сябе значна больш акуратна, асэнсавана і паслядоўна, чым абяцалі ў сваіх перадвыбарных прамовах».

Гісторыі
Як «Алехандра Рыгоравіч» любімую не аддае. Пратэсты ў Гватэмале вачыма беларуса
2023.10.13 12:03

Макар Мыш belsat.eu