Рынак працы ў Беларусі парадаксальны:з аднаго боку – процьма вакансіяў, з другога – мноства асобаў, якія не могуць уладкавацца на працу. Як так атрымалася?
Былы палітвязень, а цяпер праўладны блогер Раман Пратасевіч у пачатку красавіка паведаміў у сваім Telegram-канале, што звольніўся з заводу і цяпер ён «вольны чалавек». Раней жа апавядаў, што працаваў на Менскім электратэхнічным заводзе імя Казлова.
Увечары 17 красавіка Пратасевіч запісаў дэпрэсіўнае, паводле ўласнага азначэння, відэа: казаў, сітуацыя з працай яго «даслоўна расціскае», ён не бачыць перспектываў і адчувае сябе нікому не патрэбным. Расказаў, што яго «баяцца наймаць», ён «паўсюль атрымлівае адмовы». Яму кажуць, што «пытанне не ў прафесійных навыках, а ў імені». Расказаў, што працягвае прымаць антыдэпрэсанты, але цяпер у большых дозах, бо «псіхалагічны стан пакідае жадаць лепшага».
Як дзяржава дапамагае знайсці працу былым зняволеным і дармаедам
Былыя вязні даўно наракаюць на цяжкасці ў пошуку працы. Напрыклад, колішняя актывістка «Маладога фронту» Настасся Азарка расказвала, як яшчэ ў 2000-х пасля крымінальнай справы і штрафу за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» не магла знайсці працы паводле педагагічнай спецыяльнасці і ўладкавалася толькі рабочаю на ільнозавод, і тую працу знайшла з дапамогаю міліцыі.
Прытым міліцыя патрабуе, каб былыя палітычныя вязні ўладкоўваліся на працу і не былі дармаедамі. Як расказваў Сяргей Пятрухін, па вызваленні ў Беларусі ён быў абавязаны хадзіць на «лекцыі» ў міліцыі: часам туды прыходзілі работнікі гарвыканкаму і прапаноўвалі дапамогу ў працаўладкаванні, але атрымаць тую яе было складана нават непалітычным.
А шукаць працу патрабуюць не толькі ад былых вязняў. Яшчэ ў 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка выдаў Дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, вядомы ў народзе як падатак на дармаедства. Першапачаткова з тых, хто «не бярэ ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў», патрабавалі спецыяльны падатак. Пасля масавых пратэстаў збор спынілі, а ўрэшце беспасярэдні падатак замянілі ўскосным: падвышанымі тарыфамі на камунальныя паслугі.
Раённыя камісіі для спрыянні занятасці насельніцтва рэгулярна ладзяць выязныя паседжанні: даводзяць дармаедам нормы дэкрэту і расказваюць пра магчымасці працы. Поўнай статыстыкі пра эфектыўнасць такіх захадаў няма, але калі верыць дзяржаўным медыям, яна даволі высокая. Напрыклад, вось што дакладвалі з Бераставіцкага раёну тыдзень таму: за першыя тры месяцы 2025 года камісія ўладкавала 54 асобаў, або 81 % ад тых, хто заяўляў пра патрэбу ў працы, у тым ліку 5 з 5 беспрацоўных. Камісіі таксама прымаюць пацверджанні занятасці ад названых незанятымі, каб выключыць тых са спісу дармаедаў. Бывае і наадварот: у сакавіку чыноўнікі з Крычаўскага раёну паведамлялі, што адмовілі аднаму чалавеку ў прызнанні занятым, бо той не падаў дастаткова дакументаў.

З дармаедамі размаўляюць жорстка і не ўтойваюць гэтага. Напрыклад, з паседжання ў Калінкавіцкім раёне ў канцы лютага перадавалі такую гісторыю. Мужчына быў асуджаны з адтэрмінаваннем пакарання, не меў працы, але запэўніваў, што ўвесну пойдзе працаваць. Старшыня райсавету спытаў яго, чаму не проста цяпер (хоць да вясны заставаўся хіба тыдзень). Начальніца аддзелу занятасці назвала шэраг вакансіяў. Мужчына спытаў, якія заробкі і ўмовы на гэтых вакансіях. Начальнік раённага аддзелу міліцыі абурыўся:
,,«Вось вы стаіце перад намі: я-я-я, тое хачу, гэтага не хачу, тое буду, гэтага не буду… А вы ж пераступілі закон. Вы ўчынілі крымінальнае дзеянне. Дзяржава ідзе вам насустрач, дае ўмоўнае пакаранне, клапоціцца аб працаўладкаванні. І вы ёй абавязаныя давесці, што раскаяліся і выправіліся. Не ў вашым становішчы дыктаваць умовы».
У гэткіх аповедах пра камісіі і дармаедаў нярэдка ўсплывае тэма алкагалізму. Залежным ад алкаголю, мяркуючы з навінаў дзяржаўных медыяў, не прапануюць дапамогі, і добра, калі проста раяць самастойна закадавацца (кадаванне – не абгрунтаваны навуковымі даследаваннямі метад барацьбы з алкагалізмам), бо нярэдка выпраўляюць у так званыя лекавальна-працоўныя прафілакторыі. То бок на практычна бясплатную прымусовую працу.
Якое беспрацоўе, калі 200 тысяч вакансіяў?
Узровень беспрацоўя ў Беларусі, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у IV квартале 2024 года склаў 3 % ад працоўнай сілы, узровень занятасці асобаў у працаздольным веку – 82,9 %, беспрацоўя ў працоўным веку – 3,1 %. Белстат сцвярджае, што гэтыя паказнікі разлічаныя згодна з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы. Тая пакуль публікавала толькі старыя звесткі: у 2023 годзе ўзровень беспрацоўя ў Беларусі складаў 3,5 %. Гэта супадала з лічбамі Белстату за той год. З другога боку, «BELPOL» заяўляе, што змяншэнне колькасці занятых адбываецца ў чатыры разы хутчэй, чымся кажа дзяржаўная статыстыка.
Вакансіяў пры гэтым вельмі шмат. Абвесткі ў Беларусі абавязаныя публікаваць у дзяржаўным банку вакансіяў – такі закон набыў моц 1 студзеня 2025 года. На момант напісання тэксту ў базе былі 199 928 вакансіяў (189 419 – на сталую працу) і толькі 17 388 рэзюмэ. Амаль 200 тысяч вакансіяў – гэта 4 % ад працоўнай сілы, то бок больш за колькасць беспрацоўных.
Магчыма, згаданы мужчына ў Калінкавіцкім раёне не проста так пытаў пра заробкі і ўмовы працы. Заработная плата ў гэтых вакансіях можа быць не такая высокая, як хацелася б шукальнікам. Медыянны заробак у гэтых вакансіях меншы за 1000 рублёў.

Калі адсартаваць усе вакансіі паводле заробку і паглядзець у сярэдзіну спісу, там будзе праца за 1100 рублёў на месяц за поўную стаўку. Гэта заробак «бруднымі», да выплаты падаткаў і збораў. Пасля будзе не больш за 946 рублёў. За такія грошы прапануюць розную працу: ад кладаўшчыка ў вёсцы каля Пінску ці барысты ў Менску да пажарніка ў Талачыне або дырэктара школы мастацтваў у Расонах.
946 рублёў, або 307 долараў паводле курсу Нацыянальнага банку – далёка не той заробак, пра якія кажа афіцыйная статыстыка. Паводле Белстату, сярэдні налічаны заробак да вынятку падаткаў у лютым (самыя свежыя звесткі на гэты момант) складаў 2428,1 рубля, а медыянны (сярэдні ў спісе ад меншага да большага) да вынятку падаткаў у лістападзе 2024 года быў роўны 1792,2 рубля. Калі ўлічваць падаткі, то афіцыйна «на рукі» сярэдні заробак у Беларусі – 2088,17 рубля, медыянны – 1541,29 рубля.
Вакансіяў з сакральнымі «па пяцьсот», дзе за месяц працы на рукі дадуць хаця б 500 долараў, або 1791,51 рубля, – толькі 36 760. Гэта 18,4 % ад усіх абвестак у банку вакансіяў.
Раз беларусы не хочуць працаваць за такія грошы, трэба ўладкаваць… пакістанцаў?
Як сітуацыя з беспрацоўем палепшылася ў 2023–2024 гадах, калі ў той жа час звальнялі больш, як бралі на працу? Магчыма, гэта не памылка. Рэч можа быць у змяншэнні насельніцтва: толькі за апошнія пяць гадоў Беларусь страціла амаль 300 тысячаў жыхароў – палову ад агульных стратаў за 20 гадоў. Прычынаў шмат: нізкая нараджальнасць, высокі кошт гадавання дзяцей, высокая эміграцыя (у тым ліку з палітычных прычынаў), старэнне насельніцтва, адносна высокая мужчынская смяротнасць.
Нізкі ўзровень аплаты працы не забяспечвае ўзнаўлення працоўнай сілы, казаў «Белсату» эканаміст Аляксей Харкевіч. Пакуль іншыя краіны працуюць над павышэннем заробкаў, у Беларусі запатрабаваным спецыялістам прапануюць, напрыклад, арэнднае жытло, а адным жытлом дзяцей не пракорміш. У сваю чаргу дэфіцыт кадраў можа быць прычынаю запавольвання эканамічнага росту, адзначала эканамістка Настасся Лузгіна.
Падвышэнне пенсійнага веку дапамагло толькі часова. Улады знайшлі новыя спосабы: амаль што паляванне на дармаедаў і прыцягненне да працы пенсіянераў праз скасаванне ўразання пенсіяў працоўным пенсіянерам. Не выключаюць і новага падвышэння пенсійнага веку.

Што практычна выключаюць, дык гэта падтрыманне прыватнага сектару, што магла б даць прывабныя заробкі. Не стае медыкаў – думаюць ускладніць магчымасць пераходу дактароў з дзяржаўных установаў у прыватныя, забараніць прыватным цэнтрам наймаць медыкаў з другою катэгорыяй і ўвесці патрабаванне пра мінімальны сямігадовы стаж працы ў дзяржаўных установах. Мадэрнізацыя прадпрыемстваў не акупляецца – павялічыць стратным прадпрыемствам дзяржаўную дапамогу. Бізнес у відавочна цяжкім стане – стварыць спіс «прыстойных бізнесоўцаў» і падтрымліваць іх, а нелаяльным пагражаць. Не хочуць ісці на наёмную працу – пагоршыць умовы індывідуальным прадпрымальнікам.
Аляксандр Лукашэнка крытыкаваў беларусаў за тое, што не могуць працаваць, як кітайцы. Запоўніць вакансіі кітайцамі, відавочна, не ўдалося – і Лукашэнка запрасіў пакістанцаў: «адзначыў асаблівую зацікаўленасць у прыцягненні пакістанскіх адмыслоўцаў да працы» на Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне, што выпускае тэкстыль пад брэндам «Blakit». Як высветліў «Белсат», шмат якім беларусам працаўладкавацца на фабрыцы будзе цяжэй, чымся пакістанцам. Каб уладкавалі таго ж Пратасевіча, трэба будзе, каб на яго далі добрую характарыстыку з папярэдняга месца працы.
Алесь Наваборскі belsat.eu