Аналітыка

Як Кітай можа абараніць незалежнасць Беларусі? Тлумачыць кітаіст

Сі Цзінь Пін і Уладзімір Пуцін на парадзе ў Маскве, Расея. 9 траўня 2025 года. Фота: Сяргей Бабылёў «РИА Новости» / Kremlin.ru
Сі Цзінь Пін і Уладзімір Пуцін на парадзе ў Маскве, Расея. 9 траўня 2025 года. Фота: Сяргей Бабылёў «РИА Новости» / Kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

Цікавасць Кітаю да Беларусі наўрад ці высокая: Сі можа хіба што спытаць Лукашэнку, што ў таго з планамі на будучыню пасля правалу ідэі з Беларуссю як еўрапейскім хабам. Але Кітай цікавы Лукашэнку як абаронца незалежнасці Беларусі – і гаворка не столькі пра вайсковую або эканамічную супрацу.

Чытайце таксама:
Пекін, Кітай. 5 лістапада 2024 года. Фота: Deposit / East News

Лукашэнка паляцеў з раптоўным візітам у Кітай. Ці ёсць дасягненні ў супрацы?

Аляксандр Лукашэнка 2–4 чэрвеня наведвае Кітай з працоўным візітам, запланаваная, паводле беларускага прэс-рэлізу, «традыцыйная сяброўская сямейная сустрэча» з кіраўніком Кітаю Сі Цзінь Пінам. Чаканні беларускіх незалежных назіральнікаў стрыманыя: відавочна, Беларусь не вельмі цікавая Кітаю.


Чаго Кітай усё ж можа жадаць ад Беларусі, што Лукашэнка можа атрымаць ад Сі і як Кітай можа абараніць незалежнасць Беларусі ад Расеі, «Белсату» апавёў кітаіст з Ляйпцыгскага ўніверсітэту Аляксей Чыгадаеў.


Сі ўжо апёкся з планамі на Беларусь – і можа спытаць, што далей


У адрозненне ад Лукашэнкі, Сі Цзінь Пін не ў міжнароднай ізаляцыі, нагадвае Чыгадаеў. Кожны дзень Сі праводзіць некалькі сустрэчаў, ледзь не кожныя дзень – два – з прэзідэнтамі або прэм'ер-міністрамі.

,,

«Для Сі Цзінь Піна гэтая сустрэча досыць прахадная, – тлумачыць Чыгадаеў. – Ён цяпер усё ж такі заняты больш Інда-Ціхаакіянскім рэгіёнам. Але тым не менш гэта лішняя нагода яшчэ раз напомніць Лукашэнку, што ў яго ёсць палітычныя і эканамічныя абавязкі перад Кітаем».


З эканамічнага пункту гледжання Кітай могуць цікавіць калійныя ўгнаенні і прадукцыя аграпрамысловага комплексу, а Лукашэнку ўдалося дабіцца некаторага росту ў гэтых кірунках за апошнія некалькі гадоў. Буйных інвестыцыяў Кітаю ў Беларусь пакуль няма і не прадбачыцца.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінь Пін на сустрэчы ў Пекіне, Кітай. 1 сакавіка 2023 года. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінь Пін на сустрэчы ў Пекіне, Кітай. 1 сакавіка 2023 года. Фота: president.gov.by

Палітычная частка, паводле Чыгадаева, самая цікавая. Сі не так цікава сустракацца з шараговымі лідарамі дзяржаваў, калі рыхтуецца вялікая размова з прэзідэнтам Злучаных Штатаў Доналдам Трампам, а сустрэча патрэбная больш Лукашэнку, як Сі.


Але сустрэча з Лукашэнкам для Сі цікавая тым, каб «яшчэ раз прагаварыць, што наагул адбываецца ў вашым палітычным рэжыме і што вы плануеце рабіць на гарызонце наступных пяці гадоў».

,,

«Гэта вельмі важная гісторыя, бо адзін раз ужо Кітай апёкся з тым, што планаваў зрабіць з Беларусі еўрапейскі хаб: і інфраструктурны, і гандлёва-эканамічны, – адзначае эксперт. – І вось цяпер хацелася б зразумець, што будзе, уласна, далей».


Кітаю цяпер не да вайсковай супрацы з Беларуссю


Кітаю можа быць цікава вайскова-тэхнічная супраца з Беларуссю: пастаўкі тэхналогіяў і тэхнікі, як ракетаў для сістэмы «Паланэз», і правядзенне вучэнняў у Еўропе. Але з гэтым ёсць праблема, не звязаная наўпрост з Беларуссю.

,,

«Адбываюцца вялікія перастаноўкі ў кітайскім урадзе і ў Цэнтральнай вайсковай радзе, – апавядае Чыгадаеў. – Вось цяпер ізноў другая асоба пасля Сі Цзінь Піна ў Цэнтральнай вайсковай радзе знікла».


Намеснік старшыні Цэнтральнай вайсковай рады генерал-палкоўнік Хэ Ўэй Дун знік у сакавіку 2025 года. Падобным чынам у жніўні 2023-га знік (дарэчы, неўзабаве пасля сустрэчы з Лукашэнкам) міністр абароны Лі Шан Фу – у кастрычніку яго афіцыйна знялі з пасады і абвінавацілі ў карупцыі, праз год пасля знікнення абвінавацілі ў карупцыі, выключылі з партыі і пазбавілі звання. Тое ж тады зрабілі з ягоным папярэднікам, былым міністрам абароны Ўэй Фэн Хэ.


Міністр абароны ў Кітаі цяпер ёсць, гэта Дун Цзюнь. Або пакуль ёсць: у канцы мінулага года хадзілі чуткі пра абвінавачванні ў карупцыі і на ягоны адрас. Падобна на тое, што ён займаецца праблемамі забеспячэння і буйнымі вайсковымі вучэннямі ў тайванскай затоцы. Але, паводле Чыгадаева, не вельмі зразумела, хто насамрэч павінен быў бы гэтым займацца: можа, усё ж другая асоба пасля Сі, як зніклы Хэ Ўэй Дун, ці яшчэ адзін намеснік старшыні Цэнтральнай вайсковай рады Чжан Ю Ся?

Сі Цзінь Пін і вайсковае кіраўніцтва Кітаю. Злева ў першым шэрагу за ім – Хэ Ўэй Дун, справа – Чжан Ю Ся. Кітай. 8 лістапада 2022 года. Фота: Li Gang / Xinhua / News.cn
Сі Цзінь Пін і вайсковае кіраўніцтва Кітаю. Злева ў першым шэрагу за ім – Хэ Ўэй Дун, справа – Чжан Ю Ся. Кітай. 8 лістапада 2022 года. Фота: Li Gang / Xinhua / News.cn

Таму размовы пра вайсковую супрацу з Беларуссю могуць быць, але будуць насіць фармальны характар: «трэба сябраваць, трэба развіваць супрацу». Сапраўдных дамоўленасцяў і вынікаў ён не чакае: Кітаю проста «не да таго».


Клуб аўтакратаў трымаецца на асабістых дамоўленасцях


У Беларусі дзяржаўныя і незалежныя медыі абмяркоўваюць такую тэорыю: Кітай патрэбны Лукашэнку, каб балансаваць залежнасць ад Расеі і нават абараніць незалежнасць Беларусі. Чыгадаеў кажа, што гэта магчыма.


Суразмоўца раіць паслухаць, як казахскі кіраўнік Касым-Жамарт Такаеў разважае пра дыпламатыю Казахстану і тое, як Казахстану ўдаецца манеўраваць паміж Расеяй і Кітаем. Чыгадаеў прыводзіць прыклад: атамную электрастанцыю ў Казахстане павінна была будаваць Расея, але Кітай таксама можа браць удзелу будаўніцтве.

Аляксандр Лукашэнка і Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэнні Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету ў Маскве, Расея. 8 траўня 2024 года. Фота: Kremlin.ru
Аляксандр Лукашэнка і Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэнні Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету ў Маскве, Расея. 8 траўня 2024 года. Фота: Kremlin.ru

Лукашэнка ў гэтым балансаванні абышоў Такаева, мяркуе Чыгадаеў: калі ў Лукашэнкі здараюцца «халодныя фазы» ў стасунках з Уладзімірам Пуціным, Лукашэнка едзе да Сі Цзінь Піна, каб «лішні раз павітацца і зрабіць фотаздымак». Адпаведна, паездка да Сі можа значыць, што паміж Лукашэнкам і Крамлём нешта адбываецца, а Расея можа ціснуць на «паглыбленне інтэграцыі».


Але як незалежнасць Беларусі можа абараніць поціск рукі і супольны здымак Лукашэнкі з Сі? Чыгадаеў тлумачыць: «Гэта вельмі персаналісцкая гісторыя, уласцівая аўтакратам».


Нядаўна ў Гон-Конгу заснавалі Міжнародную арганізацыю медыяцыі, якую ўрад Кітаю бачыць альтэрнатываю Міжнароднаму суду Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, адзначае Чыгадаеў. Да арганізацыі далучыліся тры дзясяткі краінаў, у тым ліку Беларусь, Інданезія, Камбоджа, Куба і Пакістан. Гэта аўтарытарныя краіны, у якіх няма канфліктаў паміж сабою. Пакуль не вельмі зразумела, як арганізацыя будзе працаваць, і якраз у гэтай нявызначанасці Чыгадаеў бачыць прыклад сучаснай палітыкі аўтакратаў, у тым ліку Лукашэнкі, Пуціна і Сі:

,,

«У нас няма ніякіх пагадненняў, у нас няма ніякіх зразумелых папераў, інстытутаў ААН, куды б мы ўсе маглі звярнуцца, і потым усе б чальцы гэтага трохбаковага дыялогу прынялі б гэтую пастанову да ведама, – апісвае Чыгадаеў. – Таму, на жаль, тут застаюцца толькі асабістыя дамоўленасці, пра якія мы не даведаемся. І мы можам толькі спекуляваць неяк, але на паверхні іх не будзе».


Чыгадаеў будзе чакаць завяршэння перамоваў Лукашэнкі і Сі, падпісаных імі дакументаў, каб рабіць высновы, але ён сумняваецца, што будуць нейкія «прарыўныя гісторыі». Хутчэй, гэта будзе «дзяжурная пратакольная сустрэча, каб нагадаць свету, у тым ліку і Расейскай Федэрацыі, што ёсць яшчэ іншыя цэнтры сілы». Лукашэнка ж сам ад сябе адрэзаў Еўропу, таму шукае «дадатковы баланс».


Алесь Наваборскі / МВ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10